Сталічная "Зорка" адправіцца ў Мадрыд, каб пазмагацца за Кубак Зідана
У выхадныя ў Мінску вызначылася каманда, якая паедзе ад Беларусі ў Іспанію і згуляе на "Санцьяга Бернабеў" у межах футбольнага турніру "Кубак нацый" Данон". Ёй стала "Зорка" сталічнага РЦОП-БДУ, якая у кастрычніку адправіцца ў Мадрыд на фінал.
Турнір у 12-ты раз праводзіцца сярод 10-12-гадовых футбалістаў, і некаторыя з першых яго ўдзельнікаў ужо падпісалі свае дарослыя шматмільённыя кантракты са славутымі клубамі. Беларусь сёлета ўдзельнічае ў кубку ўпершыню, і за паездку ў Мадрыд змагалася пакуль 8 камандаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны.
— Штогод каля 2 мільёнаў дзяцей удзельнічае ў гэтым турніры, і толькі 40 камандаў едуць у Мадрыд. Мяркую, што 9 кастрычніка, калі беларускія хлопцы вернуцца з фіналу, іх будзе з чым павіншаваць, — падзяліўся дырэктар кампаніі "ДанонБел" Эрэн Эйгі. Нагадаем, што пераможца атрымае кубак з рук самога Зінэдзіна Зідана.— Гэта выдатны дзіцячы турнір, і я бачу, што футбол жывы ў Беларусі. Я бачыў матуль і тат, якія плакалі, бачыў, як плакалі дзеці, якія прапусцілі гол і страцілі шанц паехаць у Іспанію... Я запісаў некалькі імёнаў, і, мяркую, праз 10 гадоў гэтыя футбалісты змогуць гуляць за нацыянальную зборную, — расказаў пасол турніру ў Беларусі, галоўны трэнер зборнай Бернд Штанге.
Арганізатары турніру, а гэта кампанія "ДанонБел" і федэрацыя футбола, абяцаюць больш прадстаўнічы маштаб спаборніцтваў у наступным сезоне, і на свой удзел можа разлічваць любая дваровая дзіцячая каманда.
Алена КРАВЕЦ.