Дынамаўцы расказалі, хто ў чэмпіянаце "недатыкальная каманда"
У выхадныя завяршыўся 22 тур чэмпіянату Беларусі па футболе, які ўмясціў шэраг нічыіх і не абышоўся без скандалаў.
Завяршаў тур матч "Дынама" (Брэст) — "Шахцёр". Здавалася б, усё проста: перадапошнія ў турнірнай табліцы брастаўчане і другія зверху салігарчане — ніякіх сенсацый. У выніку ж "бела-блакітныя" разграмілі "Шахцёр" з лікам, які прэтэндэнту на сёлетняе віцэ-чэмпіёнства лепш хутчэй забыць, — 4:0.
А вось сталічнае "Дынама", якое апошнім часам нярэдка прыцягвае ўвагу калі не якасцю футбола, то хаця б скандальчыкам, вызначылася і на гэты раз. Як паведамляе Football.by, у пратаколе гульні галоўны арбітр сустрэчы Генадзь Ляўчук зрабіў такі надпіс: "Пасля заканчэння матча трэнеры каманды "Дынама" (Мінск) выйшлі на поле і выказалі сваё незадавальненне: "Каманда "Дынама" недатыкальная, і не трэба яе чапаць і інш. (трэнеры Аўчыннікаў і Скалін)." Вядома ж, пасля хатняй нічыёй (2:2) з адным з аўтсайдараў чэмпіянату "Віцебскам", раззлаваўшыся, можна яшчэ і не тое сказаць. Тым больш, што зарад спартыўнай злосці дынамаўцам не пашкодзіць: у наступным туры ім сустракацца з БАТЭ.
Лідар чэмпіянату высвятляў у туры адносіны з "Гомелем", які пакуль ідзе трэцім. У выніку — папулярная нічыя (1:1). І яшчэ тры нічые: "Днепр" — "Белшына" — 2:2, "Нёман" — "Тарпеда" — 2:2, "Нафтан" — "Мінск" — 0:0.
Становішча камандаў: 1. БАТЭ — 48 ачкоў, 2. "Шахцёр" — 39,3. "Гомель" — 32 (пасля 21 гульні), 4. "Дынама" Мн — 31,5. "Нафтан" — 30,6. "Тарпеда-БелАЗ" — 30,7. "Белшына" — 26,8. "Мінск" — 25,9. "Віцебск" — 23,10. "Дынама" Бр — 23,11. "Нёман" — 23,12. "Днепр" — 19.
Алена АЎЧЫННІКАВА.