На ўніверсіядзе ў Кітаі беларусы заваявалі 11 медалёў
На XXVІ летняй універсіядзе беларускія спартсмены заваявалі 11 медалёў. Сярод іх 3 залатыя, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя.
Чэмпіёнкай універсіяды стала наша плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая выйграла 50 м вольным стылем. На яе рахунку яшчэ два медалі: серабро на дыстанцыі 50 м на спіне і бронза на стометроўцы на спіне. Яшчэ два залатыя медалі атрымалі беларускія стралкі. Юрый Шчарбацэвіч (на фота) перамог падчас стральбы з малакалібернай вінтоўкі з дыстанцыі 50 м. У той жа дысцыпліне заваявалі залаты медаль нашы стралкі ў камандных спаборніцтвах.
Адразу пяць медалёў на рахунку тэнісістаў. Сяргей Бетаў і Аляксандр Буры атрымалі серабро ў пары, а пасля па бронзавай узнагародзе ў індывідуальных выступленнях. У міксце са Святланай Піражэнкай Аляксандр Буры зноў заваяваў серабро. Яшчэ адно серабро дасталася беларускім тэнісістам у камандным заліку. Бронзу заваявала і гімнастка Любоў Чаркашына ў шматбор'і. З 11 медалямі наша зборная займае 18-е месца. Сёння ўніверсіяда ў Кітаі завершыцца.
Алена КРАВЕЦ.