Бернд Штанге: "Гульні з Балгарыяй і Босніяй — гэта як дзве розныя пары чаравікаў"

Источник материала:  

10 жніўня на галоўным стадыёне ў Мінску нацыянальная зборная па футболе сустрэнецца з балгарамі. Матч таварыскі, і, нягледзячы на тое, што ў рэкламным роліку Бернд Штанге, заклікаючы балельшчыкаў на "Дынама", заяўляе, што гульня будзе рэпетыцыяй перад Босніяй, паядынак не будзе падобны на афіцыйныя сустрэчы. Нагадаем, што ў пачатку верасня нам завяршаць кваліфікацыю: два матчы мы правядзём супраць баснійцаў, і ад іх вынікаў будзе залежаць, ці трапіць беларуская зборная на Еўра-2012, фінал якога будзе праходзіць зусім побач, у Польшчы і ва Украіне.

Але пэўнай трэніроўкай перад фінішам кваліфікацыі гульню з Балгарыяй можна лічыць. Бернд Штанге праверыць абноўлены склад, які апошнім часам вымушаны замяніць футбалістаў, што выбылі па тых ці іншых прычынах. Так, у зборную выкліканыя тры навічкі з нашай моладзевай зборнай-трыумфатара сёлетняга Еўра — Стас Драгун, Павел Няхайчык і Аляксандр Гутар.

— Колькасць гульцоў у нашай камандзе, якія гулялі на моладзевым Еўра-2011, дасягне 10 чалавек. Гэта вельмі здаровая структура, на якую мы можам спадзявацца ў будучыні, — распавёў Бернд Штанге. — Мы дадалі імпульсіўных маладых гульцоў. Стас — футбаліст з добрымі характарыстыкамі, які можа выйграваць. Нам патрэбны такі футбаліст, які з дапамогай індывідуальных якасцяў можа выратаваць матч, калі гульня "завісае". Няхайчык — вельмі небяспечны гулец для варот суперніка, ён забівае шмат галоў.

Але пастаянны кадравы галаўны боль галоўнага трэнера — нападаючыя.

— У нас у камандзе 2 нападаючых — Карніленка і Варанкоў. І абодва не гуляюць у клубах. Варанкоў правёў выдатныя гульні на чэмпіянаце Еўропы, але некаторыя трэнеры ва Украіне не да канца давяраюць маладым гульцам. Я вельмі спадзяюся, што Радзівонаў, які аднавіўся пасля траўмы, прыйдзе ў каманду. Аляксандр Глеб дакладна ў гэтым сезоне не зможа згуляць пасля траўмы. Кутузаў, калі не пачне гуляць, таксама не мае ніякіх шанцаў, — растлумачыў Штанге.

Яшчэ адна праблема — газон стадыёна "Дынама".

— Мы збіраемся прадэманстраваць добры камбінацыйны футбол, калі дазволіць не вельмі якаснае пакрыццё стадыёна "Дынама". Я расчараваны якасцю поля на стадыёне, які з'яўляецца "таварам" краіны. Трэнер аўстрыйскага "Штурма" спадар Фода, які 16 жніўня гуляе з БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў і ў выхадныя пабываў у Беларусі, таксама застаўся незадаволеным газонам і напісаў нават пісьмовую скаргу, — пажаліўся галоўны трэнер.

Матч з балгарамі не будзе падобным на гульню супраць баснійцаў, бо зборныя зусім розныя.

— Гэта як дзве розныя пары чаравікаў, — вобразна параўнаў каманды Бернд. — Нельга імітаваць Боснію на балгарскім прыкладзе. З баснійцамі будзе гульня нерваў, дзе шмат вырашае стабільнасць футбалістаў. Мы можам казаць, што гэта генеральная рэпетыцыя, але гульцы так не думаюць. Мы не маем права траўмавацца, бо 16 жніўня БАТЭ гуляе матч, які каштуе мільёны. Матч з балгарамі — гэта проста тэст для сябе, дзе кожны з футбалістаў стукае ў дзверы і кажа: "Я хачу гуляць супраць Босніі".

А напрыканцы галоўны трэнер падвёў вынік выступлення клубаў у еўракубках, а таксама паразважаў аб прагрэсе зборнай:

— Я не расчараваны вынікамі еўракубкаў. Я чакаў і прадказваў публічна менавіта такое выступленне. Ва ўсіх клубаў, акрамя аднаго, які мы ўсе ведаем, не хапае запасу трываласці, каб вытрымаць міжнародны ўзровень. Калі так будзе і далей, нам прыйдзецца складана. Ёсць трэнеры, якія імкнуцца нешта змяніць, але ў клубаў пакуль ёсць пэўны ліміт.

У той жа час Бернд Штанге не мог не засяродзіць увагу і на поспехах нашай каманды:

— У міжнародным рэйтынгу мы шмат камандаў пакінулі ззаду — Балгарыю, Шатландыю, Румынію, Польшчу. І сталі на адну прыступку са зборнымі Украіны, Бельгіі, Чэхіі. Мы ганарымся гэтым, але гэта трэба пастаянна пацвярджаць і даказваць, што мы мацней за Аўстрыю, Румынію, Балгарыю.

Будзем спадзявацца, што нашым маладым гульцам па плячы гэтая задача. А ўсе ахвотныя могуць падтрымаць іх заўтра на стадыёне "Дынама". Матч пачнецца ў 20 гадзін.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Футбол. Чемпионат России. Сергей Веремко, отыграв "на ноль", помог "Крыльям Советов" разойтись миром с "Локомотивом"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика