Пойдзем на "Штурм"!
У швейцарскім Ньёне ўчора адбылася жараб'ёўка раўнда плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Стаў вядомы і супернік барысаўскага БАТЭ. Ім стаў аўстрыйскі футбольны клуб "Штурм" з горада Грац.
Як вядома, у групавым турніры ЛЧ, што стартуе 13 верасня, возьмуць удзел 32 каманды: яны будуць разбітыя на 8 груп (жараб'ёўка гэтага этапу пройдзе 25 жніўня). 22 каманды ўжо вядомыя, засталося 10 вакантных месцаў: 5 камандаў-чэмпіёнаў, і 5 — прадстаўнікоў ліг (што занялі ў сваіх чэмпіянатах 2-я і 3-я месцы). Іншыя пары чэмпіёнскай кваліфікацыі: "Вісла" — "АПОЭЛ", "Макабі" — "Генк", "Дынама" Заграб — "Мальмё", "Капенгаген" — "Вікторыя" Пльзень. Матчы прадстаўнікоў ліг: "Одэнсе" (Данія) — "Вільярэал" (Іспанія), "Твэнтэ" (Нідэрланды) — "Бенфіка" (Партугалія), "Арсенал" (Англія) — "Удынэзэ" (Італія), "Баварыя" (Германія) — "Цюрых" (Швейцарыя), "Ліён" (Францыя) — "Рубін" (Расія).
Перш матч раўнда БАТЭ правядзе 17 жніўня на сваім полі (праўда, пакуль невядома — у Барысаве ці ў Мінску на "Дынама"), матч у адказ — 24-га.
Нашы супернік пачаў сёлетнюю еўракубкавую дыстанцыю. Як і барысаўчане, з 2-га кваліфікацыйнага раўнда, дзе па суме двух паядынкаў адолеў венгерскі "Відэатон" (2:0, 2:3), а ў 3-м раўндзе з цяжкасцю справіўся з грузінскім "Зэстафоні" (1:1, 1:0).
Цікава, што са "Штурмам" у другім раўндзе Кубка Інтэртота ў 2008 годзе гуляў салігорскі "Шахцёр", які прайграў (0:2) у гасцях і згуляў унічыю дома — 0:0.
Клуб быў заснаваны ў 1909 годзе групай мясцовых рабочых. Хатняй арэнай клуба з'яўляецца стадыён UРС-Аrеnа, якая змяшчае 15400 чалавек. "Штурм" — трохразовы чэмпіён Аўстрыі (1998, 1999, 2011), чатыры разы валодаў Кубкам краіны: у 1996, 1997, 1999, 2010, уладальнік Суперкубка Аўстрыі 1996, 1998, 1999 гг., уладальнік Кубка Інтэртота 2008 года. Традыцыйнымі колерамі каманды з'яўляюцца чорны і белы. Вялікую частку сваёй гісторыі клуб меў аматарскі статус і выступаў у ніжэйшых лігах аўстрыйскага футбола. Поспех у каманду прыйшоў толькі ў пачатку 80-х.
У перыяд з 1998 па 2000 год клуб рэгулярна ўдзельнічаў у групавым этапе Лігі Чэмпіёнаў. У 1998 годзе, трапіўшы ў адну групу з мадрыдскім "Рэалам", міланскім "Інтэрам" і маскоўскім "Спартаком", "Штурм" змог набраць толькі адно ачко, згуляўшы ўнічыю на выездзе з камандай Алега Раманцава. У сезоне 2000-2001 гадоў каманда ўразіла ўсіх, выйшаўшы ў 2-і групавы этап Лігі чэмпіёнаў, трапіўшы ў групу з англійскім "Манчэстэр Юнайтэд", іспанскай "Валенсіяй" і грэчаскім "Панацінаікасам", дзе заняла 3-е месца, апярэдзіўшы клуб з Афін. Пасля 2002 года ў клуба наступіў эканамічны крызіс, які не дазволіў камандзе прэтэндаваць на прызавыя месцы ў нацыянальным першынстве, нароўні з аўстрыйскімі грандамі "Рапід", "Аустрыяй" і "Рэд Бул". Два апошнія сезоны (2008-2009 і 2009-2010 гадоў) "Штурм" займаў 4-е месца ў аўстрыйскім першынстве. У гэтым сезоне, нарэшце, — чарговае чэмпіёнства. Аднак у чарговым першынстве Аўстрыі сезона 2011/2012 гадоў, які стартаваў нядаўна, пасля трох тураў "Штурм" займае апошняе, 10-е, месца ў турнірнай табліцы — 2 нічыі і адно паражэнне.
Ул. інф.