Галоўны трэнер "маладзёжкі" Георгій Кандрацьеў: "Нашу каманду суддзі душыць не будуць"
Моладзевая зборная па футболе сабралася ў Мінску — на апошні этап падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы, які стартуе ў чэрвені ў Даніі. Усе мы, безумоўна, памятаем яе выдатнае выступленне летась на адборачным этапе. А восеньскі матч супраць зборнай Італіі, дзе вырашаўся лёс дацкай пуцёўкі, па праве можна назваць адной з самых гучных нашых футбольных перамог. Галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў расказаў, на што можа разлічваць наша каманда ў Даніі, як адчуваюць сябе гульцы і чаго чакаць ад супернікаў і суддзяў.
"Упэўнены, што ў паўфінал выйдзем"
Спачатку галоўны трэнер растлумачыў, чаму спыніў свой выбар менавіта на 23 гульцах, выкліканых на гэты збор:
— Я ўзяў тых, у каго веру, з кім прайшоў цяжкі шлях, трапляў у найскладанейшыя сітуацыі. Прашу мой выбар паважаць.
— Георгій Пятровіч, як будзе рыхтавацца каманда да чэмпіянату Еўропы?
— Мы сабраліся 28 мая. Бачна, што адны насыціліся футболам, іншыя — траўмаваныя, трэція — у дрэнным псіхалагічным стане. Таму зараз у хлопцаў толькі лёгкія трэніроўкі. Асноўная праца пачнецца ў Германіі, дзе мы прабудзем да 8 чэрвеня. Пасля пераязджаем у Данію. Траўмаваныя Гардзейчук і Юрчанка. Але больш за ўсё мяне расстроіла траўма Паўла Няхайчыка: у апошняй гульні, як звычайна, калі арганізм стомлены і просіць адпачынку... Ён застанецца ў Мінску, будзе залечваць. Не ведаю, ці паспее да першага матчу.
— Чаму абралі Германію, і дзе каманда будзе жыць у Даніі?
— У Германіі амаль аднолькавы з Даніяй клімат. Паедзем аўтобусам, каб не было перасадак. Базу дапамог выбраць Бернд Штанге. Там ідэальнае месца для трэніровак. У Даніі мы будзем жыць адасоблена. Я ўжо ездзіў мінулы раз на чэмпіянат свету: каманда жыла ў гасцініцы, дзе жылі журналісты, бадзяліся агенты. Наш трэнерскі штаб прыняў рашэнне паехаць за горад і жыць адным.
— Задачы на чэмпіянат перад камандай пастаўленыя?
— Банальна казаць, што будзем імкнуцца перамагаць у кожным матчы. Будзем біцца, каб трапіць на Алімпійскія гульні.
— Што скажаце пра нашых супернікаў?
— Яны ўсе ўжо як родныя для мяне — столькі дыскаў перагледжана. Больш часу мы, зразумела, надаём Ісландыі, з ёй першая гульня. Ёсць дасье на кожнага гульца — дзякуй Лёшу Вергіенку, які сур'ёзна паставіўся.
— З боку супернікаў цікавасць адчуваеце?
— Напэўна, таксама вывучаюць. Дамовіліся падчас лёсавання абмяняцца дыскамі. І мы, як сумленныя, на наступны дзень свае ўсім раздалі. Ісландцы, дзякуй ім, даслалі пасля, а астатнія — не.
— Што гэты чэмпіянат значыць асабіста для вас?
— Я не аддзяляю сябе ад каманды. Для нас гэта вялікае выпрабаванне, але і вялікі шанц, якім пастараемся скарыстацца.
— Ці ўдавалася кантактаваць з трэнерамі клубаў вышэйшай лігі, дзе гуляюць вашы падапечныя?
— Гэта балючае пытанне. Калі я пачну адказваць, нажыву шмат ворагаў.
— Судзейства на чэмпіянатах Еўропы не раз было для нашых "маладзёжак" фатальным...
— Тударам хіба што дзяцей у дзіцячых садках не палохаюць. Нічога страшнага ён не зрабіў, тое выдаленне было па правілах. Суддзя ў дачыненні нашай каманды памыліўся толькі аднойчы: не прызначыў пенальці ў вароты Італіі. Нашу каманду ніхто не душыць. Я баяўся за гульні з Італіяй, але арбітры нармальна адпрацавалі. Лёша Кульбакоў растлумачыў нам асноўныя моманты, якіх трэба пазбегнуць на чэмпіянаце Еўропы. Ніхто нас там забіваць не будзе.
— Якія вашы прагнозы наконт выступлення каманды?
— Зараз у нас каманда гуляючая: 500-600 дотыкаў да мяча — гэта ўзровень топ-дружын. Дрэнная гульня на этапе кваліфікацыі была ў нас толькі адна — хатняя з Азербайджанам. Упэўнены, што ў паўфінал выйдзем.
"Галоўная парада — не прадаваць сябе ехаць"
Сваімі думкамі падзяліліся і гульцы зборнай Ягор Філіпенка (Я. Ф.) і Стас Драгун (С. Д.).
— Якія парады давалі футбалісты, якія пабывалі на чэмпіянаце Еўропы?
С.Д. — Чэмпіянаты ў нас шмат хто з "маладзёжкай" прайшоў. Галоўная парада — ехаць не прадаваць сябе, а дасягаць выніку. Любой цаной.
— Як адчуваеце сябе перад турнірам?
С.Д. — Нават паўмёртвы гулец будзе хацець паказаць на спаборніцтвах такога ўзроўню свае лепшыя якасці.
— Згодны, што камандзе па сілах прабіцца ў паўфінал?
С.Д. — Калі Пятровіч гэта казаў, я падумаў: яго словы ды Богу ў вушы. Няхай усё так і будзе.
— Хто з супернікаў для нашай каманды больш падыходзіць?
С.Д. — Датчане і ісландцы фізічна магутныя, у іх сілавы футбол. У швейцарцаў выдатны тэхнічны, хуткі футбол...
Я.Ф. — Нам Люксембург больш падыходзіць:).
С.Д. — Усе супернікі складаныя.
Я.Ф. — Трэба адштурхнуцца ад сваёй гульні. Мы павінны, зразумела, разбіраць матчы суперніка, але паказваць трэба свой футбол, навязваць сваю гульню.
— Гульня з Італіяй — лепшая для каманды?
Я.Ф. — Заўсёды ёсць памылкі, нават з Італіяй, але гэта лепшая гульня пакуль. Праўда, мы можам яшчэ лепш.
— Чым будзеце займацца на зборы, апроч футбола?
Я.Ф. — У карты, гэта не сакрэт, любім згуляць. Ва ўсіх ёсць ноўтбукі, фільмы можна паглядзець. Ёсць хлопцы з выдатным пачуццём гумару — у камандзе нам ніколі не сумна.
Алена АЎЧЫННІКАВА.