Сталічнае "Дынама" прайграла і з новым трэнерам
У нядзелю прайшлі матчы 10 тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Прызначэнне новага галоўнага трэнера, якім стаў расійскі спецыяліст Сяргей Аўчыннікаў, не прынесла станоўчых вынікаў мінскаму "Дынама". Каманда саступіла салігорскаму "Шахцёру" (0:2), а гэта пятае паражэнне ў чэмпіянаце.
— Мы заслужана прапусцілі два галы. "Шахцёр" — добра матываваная і фізічна падрыхтаваная каманда. Але магу паабяцаць, што праз тыдзень "Дынама" будзе іншай камандай. У тым ліку і па самааддачы, — сказаў пасля матча Сяргей Аўчыннікаў.
А пакуль "Дынама" з 9 ачкамі працягвае займаць перадапошняе месца ў турнірнай табліцы, яго пачынае даганяць "Днепр". Магілёўцы пакуль на апошнім месцы, але ў туры здабылі ачко, унічыю (0:0) згуляўшы з "Віцебскам". "Мінск" перапыніў пераможную серыю БАТЭ, якая доўжылася шэсць матчаў, — 1:1. Унічыю разышліся і "Нёман" з "Гомелем" (0:0). "Тарпеда—БелАЗ" перайграў брэсцкае "Дынама" (3:1), "Нафтан" выйграў у "Белшыны" (1:0). Турнірнае становішча: БАТЭ — 24 ачкі (розніца мячоў 17-4), "Тарпеда-БелАЗ" — 17 (12-10), "Нафтан" — 15 (15-9), "Шахцёр" — 15 (8-8), "Гомель" — 14 (10-7), "Мінск" — 13 (11-11), "Нёман" — 13 (8-7), "Белшына" — 11 (9-14), "Віцебск" — 11 (7-12), "Дынама" (Бр) — 11 (12-14), "Дынама" (Мн) — 9 (5-8), "Днепр" — 7 (8-18).
Алена КРАВЕЦ.