Беларускі выйгралі ў эстонак 5:0 і выйшлі ў 2-ю Сусветную групу
У выхадныя вялікі тэніс нарэшце-такі вярнуўся ў беларускую сталіцу. Колькі часу мінула з таго часу, калі Мірны і Валчкоў кавалі перамогі ў Кубку Дэвіса над Аргенцінай і Расіяй, а мы дагэтуль памятаем. Жаночы тэніс — гэта вядома ж, не тыя хуткасці і майстэрства. Але, пагадзіцеся, таксама паглядзець ёсць на што. За што мы любім жаночы тэніс, нам прадэманстравала расійская суперстар Ганна Курнікава. Імёны ў беларускай зборнай не такія гучныя, але наша Кустава і Гаварцова знешне нічым не горшыя, чым знакамітая расіянка. А калі на корт выходзіць Азаранка, то ёсць на што і паглядзець, і паслухаць. Віка накаўтуе суперніц не толькі моцнай падачай, але і шматдэцыбельным крыкам. Пятая ракетка свету як-ніяк...
У матчы Беларусь — Эстонія сур'ёзнага суперніцтва не атрымалася па адной простай прычыне: першая ракетка эстонскай каманды Кая Канэпі (№ 16 сусветнага рэйтынгу) з-за траўмы ў Мінск не прыехала. У выніку Маргіт Рутэл (№ 451), якая стала першай ракеткай эстонак, ніякага супраціўлення нашай Вользе Гаварцовай (№ 117) не аказала — 6:0, 6:0. Пра сур'ёзнае суперніцтва не ішла гаворка і ў першым паядынку суботы, калі на корт супраць Вікторыі Азаранкі выйшла 15-гадовая Анет Кантавейт (№ 835). Прайграўшы чатыры геймы, эстонка справілася з нервамі і ўзяла два геймы. Але ў выніку Вікторыя перамагла 6:2, 6:0.
— Лічу, што матч атрымаўся дастаткова цікавым. Я рада, што змагла прынесці першую перамогу нашай камандзе. Гэта добры пачатак дня. Матч быў складаным: я нічога не ведала пра сваю суперніцу. Я добра пачала, а калі лік быў 4:0, яна добра згуляла. Я настроілася і прыбавіла, не дала суперніцы гуляць, як тая хацела, — сказала Вікторыя Азаранка пасля матча.
У нядзелю, у адрозненне ад суботы, калі трыбуны былі запоўнены добра калі напалову, паглядзець на Вікторыю Азаранку сабраўся амаль поўны Палац спорту. Але наша прыма захварэла і была заменена Дар'яй Куставай (175). Перамога Дар'і над Марэт Ані (№ 622) далася не так проста — 6:3, 6:1. Але пасля гэтага матча стала вядома, што Беларусь выйграе 3:0 і загадзя выходзіць у 2-ю Сусветную групу. Астатнія матчы былі фармальнасцю. Але і іх беларускія тэнісісткі выйгралі. Вольга Гаварцова перайграла Анет Кантавейт 6:0, 6:2, а дуэт Дар'я Кустава — Таццяна Пучак выйграў у пары Марэт Ані — Анет Кантавейт — 6:2, 6:3.
Вось як пракаментаваў матч наш капітан Сяргей Цяцерын:
— Мяркую, што жаночы тэніс у нас зараз выглядае лепш, чым мужчынскі. Віка Азаранка, Оля Гаварцова, Даша Кустава і Таня Пучак зрабілі сваю працу, і гэта павінна даць штуршок федэрацыі. Мы сёння шмат бачым нашых спартсменаў за мяжой, але, на жаль, не бачым тут. У цэлым беларускі тэніс паступова расце. Як капітан, трэнер, я больш спакойна сябе адчуваю, калі ў камандзе ёсць такі лідар, як Азаранка. Віка, увайшоўшы ў топ-5 сусветнага тэніса, паўтарыла поспех Наталлі Зверавай. Упэўнены, што гэта не канчатковы яе вынік. Каманда Вікі Азаранкі, з якой працуе і трэнер па тэнісе, і доктар, і псіхолаг, і трэнер па фізпадрыхтоўцы, — прыклад таго, як трэба працаваць трэнерскаму штабу. І гэта дае свае поспехі. Як віцэ-старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта, магу запэўніць, што па лініі федэрацый, Міністэрства спорту патрабаванні зараз будуць адназначныя. Мы шмат увагі надалі аздараўленню. Насельніцтва зараз займаецца фізкультурай — і на роліках, і на лыжах, і на веласіпедах. Зараз нам патрэбная праца на вынік, на медалі — пачынаючы з чэмпіянату рэспублікі да чэмпіянату свету. Патрабаванне і да трэнераў, і да прадстаўнікоў цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі адно: дайце нам вынік. Для гэтага ў нашай краіне створана ўсё — пачынаючы ад матэрыяльных баз, заканчваючы заработнай платай, якую атрымлівае трэнер.
— Зборная Беларусі зараз выйшла ў 2-ю Сусветную групу. Дзе рэальнае месца нашай каманды?
— У будучым, магчыма, будзе не дзве Сусветныя групы па восем каманд, а адна з 16 каманд. Нам там змагацца цалкам рэальна. Падчас пераходаў з 1-й Сусветнай у 2-ю губляецца напал барацьбы. Там слабых супернікаў не будзе, але тым і цікавей.
Алена АЎЧЫННІКАВА.