"Нельга сказаць, што я вельмі свежая, але гэта — не перашкода"

Источник материала:  

Нашы тэнісісткі ў выхадныя правядуць у Мінску матч Кубка Федэрацый

Жаночая каманда Беларусі па тэнісе рыхтуецца да матча плэй-оф 2-й Сусветнай групы Кубка Федэрацый супраць каманды Эстоніі. Гэта першы матч кубка Федэрацый, які пройдзе ў Мінску. Але для балельшчыкаў ён цікавы яшчэ і тым, што ў складзе нашай каманды ёсць Вікторыя Азаранка. Адна справа назіраць па тэлеканале "Еўраспорт" матч паміж Вікторыяй і скажам, Машай Шарапавай з іх пранізлівымі крыкамі. І зусім іншае — чуць гэта ўжывую...

Пасля выйгрышу двух турніраў (у Маямі, дзе Азаранка зарабіла 700 тысяч долараў, і іспанскай Марбеллі, дзе выйгрыш склаў 35 тысяч долараў) загарэлая і задаволеная Віка прыбыла ў Мінск. Праўда, на яе адносінах з журналістамі добры настрой ніяк не адбіўся — Віка вядомая сваім нежаданнем кантактаваць з прэсай. Але ж на некалькі пытанняў на прэс-канферэнцыі яна вымушаная была адказаць.

— Я рада, што прыехала ў Беларусь. Чакаем матчу, спадзяёмся на добры вынік.

— Вы засмучаны, што ў Мінск не прыедзе першая ракетка эстонскай каманды Кая Канэпі?

— Зусім не. Прыехалі іншыя тэнісісткі, якія будуць змагацца.

— Суперніцтва будзе сур'ёзным?

— А вы як думаеце? — спытала Віка ў журналіста.

— Я не прафесіянал.

— Так, будзе сур'ёзным.

— Вы часта мяняеце пакрыццё — харт, грунт... Як удаецца пазбягаць траўмаў?

— Ёсць чараўнік, які са мной усюды ездзіць. Гэта доктар, які дапамагае мне аднаўляцца, каб пераход з грунту на харт быў не такім балючым.

— Раскажыце пра вашу каманду. Колькі спецыялістаў разам з вамі ездзіць на турніры?

— Акрамя доктара, гэта мой трэнер па тэнісе і трэнер па фітнэсе.

— Пасля выйгрышу двух апошніх турніраў не адчуваеце стомленасці?

— Фон стомленасці ёсць, нельга сказаць, што я вельмі свежая. Але не бачу ў гэтым вялікай перашкоды.

— Ці наведвалі вы месца выбуху ў Мінску, якую-небудзь бальніцу, дзе знаходзяцца пацярпелыя?

— Я хацела б гэта зрабіць. Але мы трэніруемся да матчу... Гэта сур'ёзная трагедыя, цяжка знайсці словы. Складана гэта каментаваць.

На наступны дзень пасля трагедыі, дарэчы, Віка напісала на сваёй старонцы ў інтэрнэце словы падтрымкі беларусам:

"Я не магу паверыць у тое, што адбылося ў Мінску. Я не магу перастаць думаць пра сваіх суайчыннікаў, пра свой народ. Што адбываецца з гэтымі людзьмі, якія здзяйсняюць падобныя зверствы! У мяне проста няма слоў. Загінула і пакалечана так шмат людзей. Мае глыбокія спачуванні ўсяму беларускаму народу. Я малюся і выказваю яму поўную падтрымку".

Тэнісны матч пройдзе ў Мінску 16-17 красавіка, і меры бяспекі на ім у сувязі з апошнімі падзеямі будуць узмоцненыя. Акрамя Вікторыі, у нашай камандзе Вольга Гаварцова, Дар'я Кустава і Таццяна Пучак. Капітанам беларускай каманды будзе Сяргей Цяцерын:

— Упершыню ў Беларусі пройдзе тэнісны матч Кубка Федэрацый. Гэта сапраўднае свята для ўсіх аматараў тэнісу. Спадзяюся, што будзе правільны вынік, — сказаў Сяргей Сямёнавіч.

— Сяргей Сямёнавіч, а чаму ў нашай каманды так часта мяняюцца капітаны? За непрацяглы час на капітанскім мосціку пабывалі і Наталля Зверава, і Уладзімір Валчкоў, які з'ехаў зараз у Маскву...

— Гэта больш да іх пытанне, чаму яны з'ехалі. Наташа сышла ў дэкрэтны адпачынак. У суботу, дарэчы, ёй спаўняецца 40 гадоў. Гэта чалавек, які пакінуў вялікі след у савецкім, і ў сусветным тэнісе. Валчкоў з'ехаў у Маскву па асабістых прычынах, якія мне не зусім зразумелыя. Кожны з іх усё роўна вернецца і знойдзе сябе тут.

— Вы раней працавалі толькі з мужчынскай камандай. З дзяўчатамі гэта ваша першая спроба...

— Я і сам пакуль не ведаю, як атрымаецца. Але прыкладу ўсе намаганні для перамогі, — запэўніў Сяргей Цяцерын.

На шляху да гэтага плэй-оф наша каманда перамагла ў 1-й групе Аўстрыю, Харватыю, Грэцыю і Польшчу. Зараз наша каманда ў рэйтынгу 19-я, а Эстонія — 13-я. Матч Беларусь — Эстонія пройдзе ў Палацы спорту. У суботу ён пачнецца ў 14 гадзін, у нядзелю — у 12.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Хоккей. НХЛ. Майк Модано завершит карьеру по окончании сезона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика