Павел Няхайчык: "Калі прапускаеш такую бязглуздзіцу, крыўдна ўдвая"
Гулец, які так уразіў галоўнага трэнера "Пары Сен-Жэрмен" Антуана Камбуарэ, пракаментаваў паядынак.
— Што скажаш пра вынік матча?
— Ён нездавальняючы. Мы маглі выйграць 3:1, а прыйшлося задаволіцца нічыёй.
— Французскі клуб чым-небудзь уразіў?
— Не. Хутчэй мы не паказалі сваёй гульні, чым французы штосьці прадэманстравалі на полі. Мы разбіралі іх гульню напярэдадні сустрэчы. У прынцыпе, яны так і дзейнічалі.
— Чаму БАТЭ не паказала сваёй гульні?
— Складана сказаць. Магчыма, таму, што мы трэніруемся ўсяго месяц.
— Але БАТЭ прыбавіў у другім тайме...
— Трэнер у перапынку зрабіў пэўныя карэкціроўкі, і падказкі, як гуляць, і гэта нам дапамагло.
— Чаму Скавыш не забіў пасля твайго паса ў канцы сустрэчы?
— Мабыць, я аддаў дрэнную перадачу...Калі аддаеш такі пас і партнёр не забівае, узнікае думка, што лепш было прабіць самому.
— А пасля гэтага вы прапусцілі...
— Заўсёды непрыемна прапускаць. Але калі прапускаеш такую бязглуздзіцу, то крыўдна ўдвая.
— Персанальна ў нічыёй трэба кагосьці вінаваціць?
— Вінаваціць трэба ўсіх, хто быў на полі.
— Як гулялася ў такое надвор'е?
— Нармальна. Было нават цяплей, чым з кіеўскім "Дынама".
— Падтрымка трыбун адчувалася?
— Вялікі дзякуй тым балельшчыкам, якія не пашкадавалі сябе і прыйшлі на стадыён. Яны ў парадку, а мы, мабыць, не.
— Які будзе настрой на гульню ў адказ?
— Пажывём — пабачым. Хоць, безумоўна, паедзем у Парыж па перамогу.
— Калі б да матча ты сказаў, што будзе нічыя...
— ...далі б наганяй.
Алена АЎЧЫННІКАВА.