Алег Васіленка: "У Расіі ёсць вялікая павага да "Дынама-Мінск"
Колькі пратрымаецца ў "Дынама" расіянін Алег Васіленка, пакажа наступны сезон.
Як паведаміў генеральны дырэктар "Дынама" Валерый Стральцоў, кантракт з Алегам Васіленкам падпісаны на два гады.— У нас былі розныя кандыдатуры — і расійскія, і ўкраінскія, і беларускія спецыялісты. Падчас кантактавання спыніліся на асобе Алега Пятровіча. Ён вывеў сочынскую "Жамчужыну" з другой у першую лігу. Вынік для нас быў вырашальным.
Валерый Стральцоў паведаміў, што трэнер будзе прадстаўлены камандзе 10 студзеня, калі гульцы выйдуць з адпачынку. У гэты ж час мы даведаемся і пра новыя набыткі клуба, склад якога, паводле слоў генеральнага дырэктара, амаль на 100 працэнтаў трэба замяніць. Каманда пройдзе тры замежныя перадсезонныя зборы, першы з якіх запланаваны на Кіпры. Першай стажыроўкай новага трэнера стане паездка з Валерыем Стральцовым у бразільскі "Атлетыка".
Алег Васіленка сустрэўся з журналістамі і расказаў пра сябе і пра футбол.
— Калі і пры якіх абставінах вы атрымалі запрашэнне ў "Дынама"?
— Калі скончыліся чэмпіянаты ў Беларусі і ў расійскай першай лізе, мы перасекліся з прэзідэнтам клуба Юрыем Чыжом, у нас адбылася размова.
— Па якіх прычынах вы пакінулі сочынскую "Жамчужыну"?
— Я вырашыў, што "Дынама" мне больш падыходзіць, каб зрабіць крок наперад.
— Што ведалі пра Беларусь, калі збіраліся сюды прыехаць?
— У асноўным я пытаў пра чэмпіянат Беларусі. Што датычыць клуба, структуры, людзей, якія тут працуюць, я не сумняваўся.
— Што вам расказвалі пра чэмпіянат Беларусі?
— Тое, што ён развіваецца. Гэта даказвае і паспяховае выступленне вашых юнацкіх зборных. Ваша моладзевая каманда абыграла Італію. Відавочна, што беларускі футбол развіваецца па выбудаванай стратэгіі. Магу сказаць, што павага да ФК "Дынама-Мінск" у Расіі вялікая.
— Трэнерскі штаб вы будзеце фарміраваць з беларускіх ці замежных спецыялістаў?
— Я не прыхільнік рэвалюцыйных крокаў. У Беларусі дастаткова спецыялістаў высокага ўзроўню, сумесна з якімі мы створым трэнерскі штаб.
— Вы ведаеце, што за час праўлення цяперашняга кіраўніка клуба вы 23‑ці трэнер?
— А за час існавання "Дынама" я 45-ты. Ведаю, вы сядзіце і думаеце: ну вось,чарговы прыйшоў... Для мяне важна верыць у тое, што ты робіш. Усе павінны разумець, што мы адно цэлае. Калі хтосьці ў камандзе будзе сумнявацца, нічога не атрымаецца.
— У апошнім сезоне "Дынама" якраз не было адным цэлым. Гэтага і не хапіла, каб заваяваць медалі...
— Я веру ў людзей. З першага дня прыезду я шчыра ўпэўнены, што прэзідэнт клуба, генеральны дырэктар — граматныя, разумныя людзі, якія жадаюць дасягаць з камандай высокіх вынікаў. Калі дамовіцца і пачаць штосьці рабіць, усё атрымаецца.
— Вы вызначылі для сябе, якіх футбалістаў хацелі б бачыць у камандзе?
— Я вызначуся пасля знаёмства з камандай. Калі запрашаць замежных футбалістаў, яны павінны прыносіць карысць, быць мацнейшымі за мясцовых гульцоў і ўсведамляць, у якую каманду прыйшлі.
— У "Дынама" ў апошнім сезоне было шмат футбалістаў з Бразіліі. У вас ёсць досвед кантактавання з замежнымі гульцамі?
— У "Сатурне", дзе я працаваў, было шмат легіянераў. З імі няпроста знаходзіць агульную мову, але гэта магчыма. Пераезд у іншую краіну для любога футбаліста — стрэс. Упэўнены, што калі бразільцы ўбачылі снег, яны былі шакіраваныя.
— Якія ўмовы вы выстаўлялі перад клубам напярэдадні пераезду?
— Клуб дае мне кватэру. Мая сям'я падтрымлівае і дапамагае мне, таму са мной у Мінску будзе мая жонка і сын.
— Які футбол вам падабаецца, і ці маеце вы ўяўленне, як гуляла "Дынама"?
— Мне яшчэ трэба пазнаёміцца з тым футболам, у які гуляла каманда. У мяне шмат відэаматэрыялаў, з заўтрашняга дня гэтым і займуся. Ці трэба яго мяняць — вялікае пытанне. Зламаць і пачаць наноў — справа няхітрая. Мне здаецца, лепш захаваць усё лепшае і працягваць будаваць. Што датычыць футбола, то мне падабаецца па-спартыўнаму агрэсіўны, атакуючы, са страсцю, з душой. Каб самі гульцы атрымлівалі задавальненне.
— Які клуб адпавядае гэтаму ўяўленню?
— "Барселона". Шмат выдатных клубаў — "МЮ", "Інтэр", "Рэал", "Арсенал". Але максімальна стабільна і хутка ў пэўных фазах гульні дзейнічае "Барселона". Таму яна і лепшая ў свеце.
— Чаму "Дынама" больш перспектыўнае для вас, чым "Жамчужына"?
— Я выхаваны на "Дынама". Калі клуб стаў чэмпіёнам СССР, я толькі пачынаў гуляць у футбол. Тое чэмпіёнства пакінула вялікі адбітак у маім сэрцы на ўсё жыццё — гэта як успышка ад фотаапарата. Я не магу гарантаваць, што ўсё ў нас атрымаецца, але я абяцаю, што буду сумленна і з поўнай самааддачай працаваць.
— У трэнерскай працы вы дыктатар ці дэмакрат?
— Я найперш імкнуся да справядлівасці. Заўсёды трэба разумець, што футбаліст — таксама чалавек. Але і гульцы павінны разумець, што не толькі яны робяць вынік. Ёсць каманда, дзе важныя дзеянні кожнага, пачынаючы ад кіраўніка. Што датычыць дысцыпліны, то ў "Дынама" ёсць правілы, якіх усе будуць прытрымлівацца.
— Што ведаеце пра іншыя беларускія клубы?
— Летась у міжсезонне мы гулялі з БАТЭ. Уражанне цалкам станоўчае, а з Віктарам Ганчарэнкам у нас увогуле выдатныя адносіны. У жніўні давялося пабываць у Мінску. На стадыёне "Дынама" паглядзеў гульню ФК "Мінск". У гэтых клубаў ёсць стабільная арганізацыя гульні, каманды ў цэлым, таму яны і на п'едэстале. У БАТЭ, акрамя арганізацыі гульні, ёсць адзінства ўсіх супрацоўнікаў клуба, трэнерскага штаба, яны аб'яднаныя адной мэтай. Мы зараз будзем рабіць тое ж самае.
— Магчыма, шмат інфармацыі вам мог даць Генадзь Туміловіч. Ці не плануецца яго вяртанне ў "Дынама"?
— З Туміловічам мы не размаўлялі.
Алена АЎЧЫННІКАВА.