Рэнан Брэсан: "Лігу Еўропы паказваюць па тэлебачанні ў Бразіліі, і шмат людзей просяць у бацькоў майку БАТЭ"
Алена АЎЧЫННІКАВА
Бразільскі легіянер БАТЭ Рэнан Брэсан стаў сёлета лепшым бамбардзірам чэмпіянату. Як вядома, у Беларусь ён прыехаў чатыры гады таму і тры з іх правёў у "Гомелі". Гэта быў яго першы замежны клуб. Ужо там яму прарочылі вялікую будучыню, і любы беларускі клуб быў не супраць атрымаць гэтага гульца. У складзе БАТЭ бразільскі легіянер сёлета ўпершыню ўзяў Кубак і Суперкубак Беларусі, выйграў чэмпіянат і выйшаў у плэй-оф Лігі Еўропы. Футбаліст расказаў, як ён адаптаваўся ў нашым клімаце, як вывучыў рускую мову, чаму БАТЭ прайграла кіеўскаму "Дынама" і чаго бразільскага яму не хапае ў Беларусі.
— Рэнан, як вам беларуская зіма? — Я ў Беларусі чацвёрты год, і за гэты час прызвычаіўся. А спачатку, вядома, было складана. Тым больш што я прыехаў не з Англіі ці з Італіі. Я прыехаў з Бразіліі, дзе заўсёды цёпла. У нас дзесяць месяцаў спякота, і два — крыху халаднавата — плюс 15. Хоць непадалёк ад майго роднага горада тэмпература апускаецца да нуля, але гэта ў гарах. Але я задаволены, што трапіў у Беларусь. Я стараўся і хацеў гуляць у "Гомелі". Першыя два месяцы страшна замярзаў. Я ехаў толькі на прагляд, у мяне не было з сабой цёплага адзення. Пару разоў на трэніроўках я замярзаў і думаў, што памру ці захварэю на пнеўманію. Трэнер падышоў, паглядзеў на мяне і пайшоў шукаць у футбалістаў цёплыя рэчы. А доктар стаў расціраць мяне сагравальнымі мазямі.Рэнан Брэсан з бацькамі...
— Што вы ведалі пра Беларусь, калі ехалі сюды?— Толькі тое, што ёсць футбаліст Саша Глеб, які гуляў тады ў "Арсенале". На прагляд першапачаткова я ехаў ва Украіну, і пра гэту краіну і іх футбол я ведаў крыху больш. Але там застацца не атрымалася, і я трапіў у "Гомель".
— Сёлета да вас прыехала жонка...
— Так, і гэта першы снег, які яна ўбачыла. Прыйшлося купіць ёй шмат адзення — куртку, боты. Але ўсё роўна яна замярзае. І на нашым матчы супраць кіеўскага "Дынама" яна ледзь вытрывала.
— Яна прыйшла на стадыён, калі было мінус 14. Не кожная беларуская дзяўчына на гэта адважыцца...
— Мар'яна вельмі любіць футбол. І не толькі таму, што я ў яго гуляю. Яна нават раней сама гуляла на аматарскім узроўні. Яна разбіраецца: па-за гульнёй ведае, правілы больш-менш разумее. Хварэе за мяне заўсёды. Я казаў, што для яе здароўя небяспечна ісці на стадыён, бо яна яшчэ не паспела прызвычаіцца да зімы. Але яна ўсё роўна апранула на сябе ўсю шафу і прыехала.
— У Бразіліі жанчыны цікавяцца футболам?
— Напэўна, больш, чым у Беларусі.
— У вас на радзіме сапраўды ўсе хлопчыкі мараць стаць футбалістамі?
— Дзеці з пяці гадоў на вуліцах, на пляжах гуляюць. Калі ёсць месца, дзе можна паставіць вароты, там абавязкова будуць гуляць у футбол. У нас амаль усе хочуць быць футбалістамі. Мой брат не любіць футбола, але ён адзін з мільёна. І бацькі хочуць, каб іх сын быў футбалістам. Калі мой тата ўбачыў, што ў мяне ёсць здольнасці, ён стаў прымушаць мяне трэніравацца, аддаў мяне ў школу, плаціў трэнеру, каб я займаўся. А матуля спачатку хацела, каб я вучыўся, як мой брат.
— У вас была вялікая сям'я?
— У мяне два браты — старэйшы і малодшы. Старэйшы працуе, малодшы вучыцца ва ўніверсітэце. Мама заўсёды хацела дзяўчынку, а нарадзіліся мы. Цяпер яна вельмі шчаслівая, што ў сям'і старэйшага брата нарадзілася дачка.
— Вы з жонкай не збіраецеся падарыць маці ўнучку?
— У нас з Мар'янай ёсць такія планы. Праўда, мы ажаніліся нядаўна, таму, мяркую, толькі праз год ці два яны ажыццявяцца.
— Чым займаецца жонка? Ёй не сумна ў чужой краіне?
— Яна ў чымсьці падобная на мяне. Я таксама прыехаў у чужую краіну, нікога тут не ведаў, і мне было адзінока. Але я вельмі хацеў гуляць у футбол і расці як гулец. Ёй таксама дрэнна, але яна разумее, што гэта мая прафесія, і куды б я ні паехаў, яна будзе побач. Яна кантактуе па інтэрнэце з сябрамі, з бацькамі. Два месяцы таму да бразільца з мінскага "Дынама" прыязджалі дзяўчына, матуля. Яны разам гулялі, хадзілі па магазінах, але ў "Дынама" ўжо скончыўся сезон, і нашы суайчыннікі паехалі дадому.
— Як да вас ставіліся футбалісты ў "Гомелі"? Не крыўдзілі?
— Не вельмі добра ставіліся, бо яны думалі, што я прыехаў займаць іх месца. Але я прыехаў, каб гуляць у футбол і дапамагаць камандзе — "Гомелю" ці БАТЭ. Любому клубу, у якім я буду гуляць, я буду дапамагаць. А многія лічылі, што я прыехаў толькі грошы зарабляць. Зараз ніхто так пра мяне не думае. А спачатку было складана, тым больш што я не ведаў рускай мовы.
— Як вы вывучылі рускую мову?
— Сам не ведаю, як вывучыў. У мяне ніколі не было ні рэпетытара, ні перакладчыка. Быў адзін чалавек, які мне спачатку шмат дапамагаў, сербскі футбаліст. Руская і сербская мовы ў чымсьці падобныя. Яшчэ ён ведаў англійскую мову, я таксама, так мы і пачыналі. Але праз нейкі час ён паехаў дадому. Я вельмі хацеў вывучыць рускую мову. Пісаў у сшытку ўсё, што чуў на трэніроўках, і па вечарах гадзіны дзве вучыў. А што заставалася рабіць увечары? Горада я не ведаў. Куды ісці? Дагэтуль вучу, у мяне ёсць слоўнікі дома, папаўняю свой лексічны запас.
— Жонка ведае рускія словы?
— Усяго некалькі: "прывітанне", "да пабачэння", і моцныя слоўцы.
— А мат ёй навошта?
— Ды яна сама ў мяне неяк спытала, я сказаў, яна і запомніла. Мае першыя словы, якія я вывучыў у "Гомелі", былі: "Прывітанне, як справы?" Астатняе... З дзесяці слоў восем былі нецэнзурнымі. Хлопцы з "Гомеля" жартавалі з мяне: прыехаў з іншай краіны — давай, вучы.
— Як да вас ставяцца ў БАТЭ?
— У нас добрая атмасфера ў камандзе. Калі ў пачатку сезона, у студзені я прыйшоў у клуб, ніхто мяне не ведаў, я ні з кім не размаўляў. А трэнеры бачылі гэта і казалі футбалістам, каб мяне ўзялі ў каманду, каб мне было камфортна. І я ўдзячны трэнерам і хлопцам, што яны мне дапамагалі.
— Як БАТЭ перажывае паражэнне ад кіеўскага "Дынама"?
— Трэба забыць і жыць далей. Гэта толькі адна гульня. Шкада было б, калі б мы прайгралі і вылецелі з групы. Але задача ў нас ужо была вырашаная. Непрыемна, што пасля матчу гульцы кіеўскага "Дынама" пачалі казаць, што мы "дваровая каманда". Гэта непавага да суперніка. У нас 10 ачкоў, і ў іх 10 ачкоў. Мы ідзём далей, як і яны. Паглядзім, што будзе далей. Калі б для выхаду ў плэй-оф нам трэба было выйграць, гэта была б зусім іншая гульня. Уся Еўропа ўжо ведае БАТЭ. Навошта казаць, што мы "не каманда"?
— Наколькі надвор'е паўплывала на гульню?...і з жонкай.
— Для мяне гэта вельмі важны фактар. Мне не трэба было гуляць гэты матч. Але надвор'е было дрэннае не толькі для нас, для "Дынама" таксама. Не ведаю, яны, напэўна, прызвычаіліся лепш, чым мы, да марозу, да поля. Яны згулялі ў гэтым матчы добра, а мы — не. Мы гуляем праз пас, і гэта складана на такім полі, у нас нічога не атрымлівалася. Кіеўскае "Дынама" не мацней за нас, але яны былі мацней у той момант.
— Пасля таго, як БАТЭ адзначыла чэмпіёнства, было тры пройгрышы запар. Няўжо запас трываласці каманды скончыўся?
— Цяжка на гэта штосьці адказаць. Напэўна, дзесьці ўнутры ў кожнага пасяліўся спакой: задачы на сезон выкананыя. Мы кажам, што ёсць матывацыя, але, напэўна, яна недастатковая. Такое здараецца з ўсімі камандамі, якія ўсё выйгралі. Расслабіліся, і футбол карае.
— Вашы бацькі не прыязджалі ў Беларусь?
— У таты пакуль шмат працы. У яго свой невялікі мэблевы завод. Ён займаецца гэтай справай ужо 20 гадоў. Але ў наступным годзе ён возьме адпачынак і месяц зможа правесці тут. Матулю — яна хатняя гаспадыня — я, напэўна, пакіну месяцы на тры. Хачу зрабіць ім такі падарунак. Яны ніколі не бывалі ў іншых краінах, ніколі не ляталі на самалётах.
— Што пакажаце ім у Беларусі, у Мінску?
— Тата, напрыклад, цікавіцца гісторыяй, вайной. Музеі, звязаныя з Другой сусветнай вайной, абавязкова яму пакажу. А маме ўсё будзе цікава.
— Якія сувеніры вы прывозіце ў Бразілію з Беларусі?
— Матрошкі. У мамы іх ужо чатыры, сёлета не буду набываць. Дэкаратыўныя талеркі, якія на сцяну вешаюцца, майкі БАТЭ звычайна прывожу. Сёлета мае сябры зноў прасілі майкі. У Бразіліі паказваюць па тэлебачанні Лігу Еўропы, матчы БАТЭ. Таму нават людзі, якія мяне не ведаюць асабіста, просяць у бацькоў майку. Ведаю, што зараз зноў будзе шмат незадаволеных, але дзе мне ўзяць 50 маек? Штосьці даюць перад кожнай гульнёй, штосьці я набываю, але ў мяне іх толькі штук 20.
— Бацькі ганарацца вашымі поспехамі?
— У гэтым сезоне было штосьці неверагоднае. Яны ўпершыню глядзелі мяне па тэлевізары ў Лізе Еўропы. Да таго, як прыехаць у Беларусь, я гуляў усяго толькі за мясцовую каманду, у чэмпіянаце штата. Я таксама задаволены, бо яны шчаслівыя.
— Чаго бразільскага вам не хапае ў Беларусі? Што прывозіце з радзімы?
— Пляж, на жаль, я не магу прывезці. Прывожу каву, шлёпанцы з бразільскім сцягам, фасолю. Ваша фасоля таксама смачная, але яна іншая, чым у Бразіліі. Хлопцы з каманды часам штосьці просяць: тыя ж шлёпанцы. Масажыст з "Гомеля" прасіў кавы, адзін з трэнераў калекцыянуе дэкаратыўныя талеркі, папрасіў прывезці.
— Магчыма, вам падабаюцца нейкія беларускія стравы?
— Не магу ўзгадаць назвы... дранікі! Мы часта іх каштуем у кавярнях. Мар'яна пакуль не навучылася іх гатаваць, дома ў нас толькі бразільскія стравы.
— Магчыма, вы самі штосьці гатуеце?
— Не, я толькі яечню магу пасмажыць.
— Беларускія напоі, гарэлку, напрыклад, пакаштавалі?
— Так, але гарэлка — занадта моцны напой, мне не падабаецца. На банкеце, напрыклад, калі мы з БАТЭ адзначалі выйгрыш Кубка, была гарэлка, але я яе не піў. Я лепш вып'ю крыху віна ці піва. Але беларуская ці руская гарэлка лічыцца лепшай у свеце, сябры з Бразіліі прасілі прывезці.
— Як вы ставіцеся да ідэі прыняць беларускае грамадзянства і выступаць за нашу зборную?
— Нармальна. Гэта значыць, што чатыры гады тут я добра працаваў. У Бразіліі складана трапіць у зборную, бо нашы футбалісты гуляюць у "Манчэстэры" і "Арсенале". Шанцаў мала. А ў Беларусі футбол зараз развіваецца. Не толькі БАТЭ быў паспяховы ў гэтым сезоне, але і моладзевая, і нацыянальная зборная. Шмат кажуць, што я ўжо беларус, і мне вельмі прыемна.