Азаранка выйграла ў Вазняцкі, а Лукашэнка падарыў дзяўчатам афіцэрскія корцікі

Источник материала:  
19.11.2010 22:44 — Новости Спорта
Дзясятая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка выйграла ў лідара жаночага тэніса Каралін Вазняцкі 6:3, 6:4 у дабрачынным матчы, які прайшоў 19 лістапада ў мінскім Палацы спорту.

Азаранка выйграла ў Вазняцкі, а Лукашэнка падарыў дзяўчатам афіцэрскія корцікі
Вікторыя і Каралін у анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, БЕЛТА

Усе сродкі, выручаныя ад гэтай сустрэчы, будуць пералічаны ў Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах, які спартсменкі наведалі ў першай палове дня.

Пасля завяршэння сустрэчы прайшоў дабрачынны аўкцыён, на якім былі прададзены дзве гульнявыя формы Азаранкі (за 500 і 200 долараў), гульнявая форма Вазняцкі (за 400), ракетка Азаранкі (за 500), ракетка Вазняцкі (за 1.000), два білеты на наступны US Open, уключаючы пражыванне ў гатэлі (па 1.300), і пяць кепак з аўтографамі тэнісістак (у суме 500 долараў). Агульная сума выручаных сродкаў склала 5.700 долараў.

Датчанка польскага паходжання Каралін Вазняцкі заявіла пасля гульні, што рада знаходзіцца ў Беларусі і ёй падабаецца даваць дзецям штосьці ўзамен. Яна адзначыла, што разумее па-руску, але размаўляе няшмат, і перайшла на англійскі.

Вікторыя Азаранка выказала падзяку сяброўцы за прыезд і са слязамі на вачах паабяцала, што такіх матчаў будзе больш. Яна пажадала дзецям «імкнення і веры ў сябе».

«Хочацца верыць, што яны паправяцца», — сказала тэнісістка.

Аляксандр Лукашэнка падарыў спартсменкам афіцэрскія корцікі. Такія ж падарункі ён уручыў у 2004 годзе Максіму Мірнаму і Уладзіміру Валчкову за перамогу над Аргенцінай у чвэрцьфінале Кубка Дэвіса.

Акрамя таго, ён прэзентаваў Вазняцкі і Азаранцы манеты Нацыянальнага банка з каштоўных металаў з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай,

клюшкі, якімі ён гуляе ў хакей, а таксама валёнкі белага колеру для іх першынцаў.

Лукашэнка адзначыў, што Азаранка пасля перамогі на Кубку Крамля падарыла яму сваю ракетку.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, Азаранка не збіралася выйграваць гэтыя спаборніцтвы, бо трэба было ехаць у Катар на выніковы турнір, але ён патэлефанаваў і папрасіў перамагчы.

«Гэта была палітычная гульня. Ты прадэманстравала ўсёй Расіі, што Беларусь жывая», — заявіў Лукашэнка.

Перад гульнёй Азаранка і Вазняцкі правялі майстар-клас для юных тэнісістаў, а падчас гульні запрасілі на корт Лукашэнку, які зняў чаравікі, падкасаў штаны і гуляў адзін супраць дзвюх спартсменак.


Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Мінскае «Дынама» саступіла «Салавату Юлаеву» ў матчы чэмпіянату КХЛ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика