Камерунскі футбаліст збіраецца падаць на Беларусь скаргу ў ААН
07.09.2010 17:15
—
Новости Спорта
28-гадовы Гі Франсуа Тукам (Guy François Toukam), якога на 44 дні затрымалі ў Беларусі і звінавацілі ў падробцы пашпарту, некалькі тыдняў таму атрымаў адказ ад беларускіх чыноўнікаў. З яго вынікае, што камерунскі футбаліст сам адмовіўся ад адваката, што яму ад самага пачатку быў прадстаўлены перакладчык і што Франсуа Гі Тукам нават прызнаў свой пашпарт падробленым!
"Відавочна, гэта хлусня! - абураецца нявеста і адвакат футбаліста Інмакулада Гансалес. - Гі ведае, як важна мець адваката, і ў першую ж чаргу ён яго папрасіў. І ніякі перакладчык яму не быў прадстаўлены ні ў аэрапорце, ні ў цэнтры затрымання. Гі не падпісваў аніякіх дакументаў, і, натуральна, ён не прызнаваў, што яго пашпарт падроблены!"
Нагадаем, 1 чэрвеня Франсуа Гі Тукам прыляцеў у Мінск на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале. Аднак у аэрапорце яго затрымалі з-за падазрэння ў падробцы пашпарту і змясцілі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна.
У афіцыйным адказе значыцца, што "яму быў прадстаўлены перакладчык, а таксама прапанаваны ўдзел у адміністрацыйным працэсе адваката, ад якога ён адмовіўся. Аб гэтым сведчаць адпаведныя запісы ў справе, засведчаныя подпісам самога спадара Тукама Г.Ф."
"Гі кажа, што не падпісваў ніякіх дакументаў, ніякіх абсалютна, яму ніякіх дакументаў і не давалі падпісваць, - працягвае Інмакулада. - Я ўпэўненая, што ён нічога не падпісваў. І, натуральна, ён не прызнаваў, што яго пашпарт падроблены".
Інмакулада не разумее, як беларускія памежнікі прызналі пашпарт падробленым, калі гэтага не заўважылі паліцэйскія і іншыя органы еўрапейскіх краін.
Інмакулада Гансалес: "Ніколі ў Гі не было праблем з гэтым пашпартам. З ім ён лятаў з Іспаніі ў Нарвегію. У 2008 годзе ён з гэтым пашпартам атрымаў від на жыхарства, і спецыяльная камісія вывучала кожную старонку пашпарта. Пасля яго праглядалі паліцэйскія органы Іспаніі. У 2009 годзе ён падоўжыў дзеянне віду на жыхарства, зноўку прайшоў гэтую працэдуру - і не было ніякіх нараканняў".
Адзначым, што скарга Інмакулады Гансалес у Міністэрства ўнутраных спраў была перанакіраваная ў Дзяржаўны памежны камітэт, а адтуль - у аддзел памежнага кантролю "Мінск", які і быў адказны за затрыманне футбаліста.
Інмакулад Гансалес: "У Іспаніі гэта немажліва. Кожная скарга перадаецца і разглядаецца на больш высокім узроўні. Я не магла паверыць вачам, калі атрымала адказ, бо там адна хлусня! Гэты спадар апраўдваецца перад вышэйшымі асобамі за незаконнае затрыманне. Бо я дасылала электронныя лісты на імя Лукашэнкі і розных міністэрстваў, і мне сказалі, што будзе адказ. Цяпер яны апраўдваюцца, як могуць, прыдумляюць, што хочуць".
Інмакулада Гансалес кажа, што яны пойдуць далей, аж да Камітэта па правах чалавека ААН.
Інмакулада Гансалес: "Зразумела, мы не спынімся на гэтым, будзем скардзіцца ў ААН. Але спярша трэба прайсці беларускія інстанцыі. І гэта не толькі дзеля Франсуа, але і дзеля іншых людзей, з якімі здараецца падобнае. Гэта скарга не супраць краіны альбо яе грамадзян, але супраць карупцыйных дзеянняў беларускіх чыноўнікаў, ад якіх пакутуюць людзі".
У адказе часовага выканаўцы абавязкаў старшыні аддзела памежнага кантролю "Мінск" заключаецца: "Такім чынам, аналізуючы здарэнне, належыць прыйсці да высновы, што ўпаўнаважанымі асобамі органаў памежнай службы РБ, пачынаючы ад моманту затрымання ў аэрапорце і да моманту вызвалення, правы і законныя інтарэсы спадара Тукама Г. Ф. парушаныя не былі, прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці законнае і абгрунтаванае".
Камерунскі футбаліст за 1,5 месяца на Акрэсціна страціў 40 кг вагі >>>
Камерунскі футбаліст: Пасля 40 дзён на Акрэсціна я хацеў сябе забіць >>>