«Мілавіца» стала генеральным партнёрам жаночай зборнай Беларусі па баскетболе
Сума спонсарскага кантракта — 400 млн. рублёў. Грошы пойдуць на фінансаванне як жаночай, так і маладзёжных каманд.
На цырымоніі падпісання Камянкоў заявіў, што «Мілавіца» стала генеральным партнёрам жаночай зборнай «пасля года разваг». Паводле слоў Дзічкоўскага, паўза была выклікана неабходнасцю падумаць, на чым канкрэтна засяродзіцца. «У нас ёсць некалькі праектаў у мастацкай гімнастыцы, сінхронным плаванні, але генеральным партнёрам мы вырашылі стаць у баскетболе, улічваючы, якія вынікі стаяць за жаночай зборнай», — сказаў гендырэктар «Мілавіцы».
Як адзначыў галоўны трэнер зборнай Анатоль Буяльскі, знайшлі адно аднаго «чыста жаночая каманда» і «сапраўды жаночае прадпрыемства, якое працуе для жанчын усяго свету». «У кіраўніцтве „Мілавіцы“ — сапраўдныя мужчыны, я таксама лічу сябе сапраўдным мужчынам, паколькі кіраваць прадпрыемствам, дзе працуюць жанчыны, — гэта вельмі здорава», — заявіў Буяльскі.
Цяпер зборная рыхтуецца да першага ў сваёй гісторыі чэмпіянату свету, які пройдзе ў Чэхіі з 23 верасня па 3 кастрычніка. «Сітуацыя нялёгкая, але ў нас ёсць час на падрыхтоўку. Мы хочам паказаць максімум, на што здольныя», — сказаў галоўны трэнер. Паводле яго слоў, наступае момант змены пакаленняў, а наперадзе — чэмпіянат Еўропы 2011 года, дзе будуць разыгрывацца пуцёўкі на лонданскую Алімпіяду.