Ціхану з Дзевятоўскім вернуць медалі і дадуць кватэры
У чэрвені Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан выйгралі справу, якая цягнулася ад жніўня 2008 года, калі спартсменам былі абвешчаныя станоўчыя вынікі іх допінг-пробаў, узятых на Алімпіядзе ў Пекіне. Але атлеты не пагадзіліся з абвінавачваннямі і вырашылі даказаць сваю невінаватасць.
Вердыкт Спартыўнага арбітражнага суда (САS) у Лазане, дзе атлеты аспрэчвалі рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК аб пазбаўленні іх алімпійскіх медалёў, быў на карысць беларусаў. Срэбная ўзнагарода Вадзіма Дзевятоўскага і бронза Івана Ціхана ў кіданні молата засталіся за нашымі спартоўцамі.
Згодна з рашэннем арбітражнага суда, якое выйшла на 77 лістах і апублікаванае на афіцыйным сайце САS,
атлетам таксама павінны кампенсаваць шкоду ў памеры 50 тыс. еўра. Пры гэтым, па словах Вадзіма Дзевятоўскага, выдаткі на тое, каб давесці невінаватасць спартсменаў, склалі каля паўмільёну даляраў. Акрамя таго, з-за абвінавачванні ў прымяненні допінгу атлеты не атрымалі заслужаных прызавых грошай, была прыпыненая выплата прэзідэнцкіх стыпендый.НАК Беларусі запэўніў, што ўсе належныя грошы атлетам кампенсуе. Ім таксама будуць прадастаўленыя кватэры, прадугледжаныя для прызёраў Алімпіяды-2008. Дзевятоўскі атрымае $ 50 тыс. прызавых і двухпакаёвую кватэру, а Ціхану -- $ 30 тыс. і аднапакаёўку.
БЕЛТА