Японцы выехалі ў плэй‑оф на Хондзе
Каманда з Краіны ўзыходзячага сонца шакіравала стойкіх скандынаваў двума трапнымі штрафнымі ўдарамі ў першым тайме. Спачатку забіў Кейсуке Хонда, а потым Ясухіто Эндо.
Японцы былі надзвычай спакойнымі. Яны кантралявалі ход паядынку. Але хвілін за 10 да фінальнага свістка паўднёваафрыканскі арбітр угледзеў парушэнне правіл у штрафной японцаў. Томасан пенальці не забіў, але ўдала сыграў на дабіванне.
Зрэшты, японцы зноў зрабілі лік камфортным для сябе. Пасля ідэальнай перадачы Хонды гол забіў Окадзакі — 3:1.
Галандцы, якія выканалі задачу выхаду ў 1/8 фіналу яшчэ раней, перамаглі Камерун з лікам 2:1. У «аранжавых» адзначыліся ван Персі і Хунтулар, у «львоў» адзіны гол з пенальці забіў Это’О.
Становішча ў групе: Галандыя — 9 пунктаў, Японія — 6, Данія — 3, Камерун — 0.
Такім чынам, сёння вызначыліся яшчэ дзве пары 1/8: Парагвай — Японія, Галандыя — Славакія.
Зміцер Панкавец