Сапраўды фанат калі і бярэ ў рукі дудку, то для таго, каб яе знішчыць

Источник материала:  

Шаблонны вобраз фаната — размаляваны твар, бутэлькі піва і дудка. Аднак менавіта дудкі з другаснага пытання перараслі ў сапраўдную праблему многіх стадыёнаў, у тым ліку і нашых.

Сапраўды фанат калі і бярэ ў рукі дудку, то для таго, каб яе знішчыць   Дудкі з'явіліся адносна нядаўна, але хутка распаўсюдзіліся сярод балельшчыкаў па ўсім свеце. Вось адна з версій іх узнікнення на постсавецкай прасторы. Правобразам дудкі быў піянерскі ражок, які праносілі на стадыёны ў саюзныя часы, калі дудзенне лічылася прыкметай асаблівай прыхільнасці да каманды. Па сутнасці, пры выкарыстанні дудак рухае імкненне вызначыцца, праявіць сваю падтрымку, а не заставацца староннім назіральнікам на матчы. Само па сабе жаданне нядрэннае. Аднак большасць сапраўдных фанатаў лічыць дудзенне квазіпадтрымкай. Карысці ад іх камандзе ніякай, ды і хто дудзіць — свае ці чужыя прыхільнікі — не зразумела. А самае галоўнае, гул, які ствараюць дудкі, "забівае" гучанне ўльтрас-сектараў, якое з'яўляецца больш асэнсаванай падтрымкай каманды. Таму фаны і ненавідзяць дудкі. У асяроддзі заўзятараў распаўсюджана меркаванне, што сапраўдны фан калі і бярэ ў рукі дудку, то толькі дзеля таго, каб яе знішчыць.

Але дудкі не вельмі пазітыўна ўздзейнічаюць на вушы і самых звычайных наведвальнікаў стадыёнаў. Сапраўды, каму прыемна назіраць матч, калі над вухам хтосьці пастаянна неўпапад дудзіць? У цэлым такія "музычныя інструменты" ствараюць даволі прыгнечаны вой, далёкі ад лепшых узораў еўрапейскага супарту.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, дудкі выкарыстоўваюцца і ў Еўропе, так што, можна меркаваць, што і на стадыёнах у ПАР яны не будуць выключнай з'явай. Праўда, еўрапейскія прыхільнікі выкарыстоўваюць іх не ў такой колькасці і нярэдка ў знак пагарды і пратэсту супраць дрэннай гульні сваёй каманды, гэтак жа як і асвістванне. У нас жа, як пераконваюць фаны, агульная культура наведвальнікаў стадыёна такая, што яны не разумеюць, як недарэчна выглядаюць збоку.

Спосабаў барацьбы з дудкамі заўзятарамі прыдумана і апрабавана нямала. Гэта і банеры ("Дудкам — не!" ці "Не сунь у рот усялякую дрэнь!") і спецыяльныя рачоўкі, і цэлыя сайты ў інтэрнэце, і нават фізічнае ўздзеянне — адбіранне і знішчэнне дудак. Ёсць і прыклады сумесных дзеянняў фанатаў і клуба. У Харкаве, напрыклад, дыктар стадыёна перад матчам звяртаўся да прыхільнікаў ад імя футбольнага клуба "Металіст" з просьбай адмовіцца ад дудак. Яшчэ далей пайшлі ў Кіеве. На стадыёне "Дынама" дудкі забаронена прадаваць на стадыёне, а кожны, хто здасць раней набытую дудку, атрымлівае элемент клубнай атрыбутыкі.

Падрыхтавала Алена КРАВЕЦ.

Сапраўды фанат калі і бярэ ў рукі дудку, то для таго, каб яе знішчыць

←Пять новостей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика