Беларускі занялі сем прызавых месцаў на мінскім этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы
Сем прызавых месцаў занялі беларускія спартсменкі на этапе Кубка свету BelSwissBank, які прайшоў у мінскім Палацы спорту 21—23 мая.
Меліціна Станюта стала трэцяй у індывідуальным мнагабор’і, практыкаваннях са скакалкай і абручом. Любоў Чаркашына была другой у практыкаванні з абручом і трэцяй у практыкаванні з мячом.
Акрамя таго, зборная Беларусі першынствавала ў абодвух відах групавога практыкавання (абруч; стужка і скакалка).
Абсалютнай пераможцай этапу стала расійская гімнастка Яўгенія Канаева (у мнагабор’і і ўсіх чатырох асобных відах). Усяго на рахунку Расіі 11 прызавых месцаў (5, 5, 1). Далей ідуць Беларусь (2, 1, 4), Японія (0, 1, 0), Азербайджан і Ізраіль (па 0, 0, 1).
На юніёрскім турніры «Крыштальная ружа» першай стала беларуска Наталля Лешчык, якая ў жніўні выступіць на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сінгапуры.
Этап завяршыўся дзвюхгадзінным шоу зорак сусветнай гімнастыкі, у якім акрамя спартсменак узялі ўдзел вядомыя беларускія артысты, у тым ліку Леанід Барткевіч і Анатоль Ярмоленка.
БелаПАН