Халодны лёд і гарачыя фінскія хлопцы
Хакей-2010
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Германіі
На раніцу сённяшняга дня ўжо вядома, наколькі ўзраслі ці знізіліся шанцы нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі трапіць у васьмёрку наймацнейшых. У многім гэтая дылема вырашалася ва ўчарашняй вячэрняй сустрэчы кваліфікацыйнага рангу з камандай Фінляндыі, якая па беларускім часе закончылася апоўначы.
Шанц запасціся адным, двума ці трыма баламі на другі этап турніру беларусам даваўся пры ўдалай гульні са зборнай Расіі. Не будзем ўдавацца ў падрабязнасці ходу гэтага матча, які ўжо стаў здабыткам гісторыі. Зазначым, што выніковы лік на табло — 1:3 азначаў для нас не толькі чарговае прайгранае рандэву дзейным чэмпіёнам свету, але і тое, што паражэнне запісана ў пасіў беларусаў як дастойнае. Тут як у адным анекдоце: магло быць і горш.
Безумоўна, што ў многім заслуга такога "парытэту" галкіпера Андрэя Мезіна, які першыя дзве гульні прапускаў з-за харчовага атручвання. Пасля фінальнага свістка з расіянамі варатар зборнай Беларусі адзначыў, што гульня выдалася, як і меркавалася, даволі няпростай. Нашы супернікі стварылі шмат небяспечных момантаў, з якіх тры ўдалося рэалізаваць.
Гол Аляксея Калюжнага, які з'яўляецца лепшым бамбардзірам ў складзе зборнай, у нейкай ступені выратаваў прэстыж беларусаў. Зрэшты, яшчэ ў стартавым матчы папярэдняга этапа з казахамі мінчанін, які цяпер абараняе колеры маскоўскага "Дынама", паспеў стаць героем у вачах многіх беларускіх хлопчыкаў, што займаюцца хакеем на прафесійнай аснове. Сутнасць у тым, што Прэзідэнцкі спартыўны клуб з нагоды сусветнага хакейнага першынства ў Германіі заснаваў для беларускай зборнай заахвочвальныя прызы. Прычым механізм іх уручэння даволі арыгінальны: сертыфікат на 25 мільёнаў беларускіх рублёў атрымоўвае ў любым з матчаў беларускі галкіпер пры ўмове, што вароты свае за ўвесь матч адстаіць на "сухую". Такая сума прыпадае і на хакеіста, які заб'е пераможны гол. Напрыклад, у матчы з камандай Казахстана пры ліку 2:2 трэці гол забіў Аляксей Калюжны, які і лічыцца пераможным. Пэўна, што з улікам таго, што ў агульную перамогу зрабіў унёсак кожны з беларускіх хакеістаў, Калюжны вырашыў перадаць сертыфікат на 25 мільёнаў дзіцячай спартыўнай школе "Юнацтва", адкуль ён пачынаў сваю хакейную кар'еру. Віват, Аляксей!
Учора ў першай палове дня беларуская зборная правяла раскатку-трэніроўку. Настаўнік каманды Эдуард Занкавец фактычна паўтарыў журналістам сказанае ўвечары пасля матча з расіянамі: з фінамі будзе цяжка. Скандынавы — вядомыя майстры гульні ў кантактны хакей, добра рэалізуюць колькасную перавагу. Між тым стала вядома, што на дапамогу беларускай зборнай прыбудзе малады цэнтральны нападаючы Сяргей Дрозд, які цяпер гуляе ў амерыканскім клубе "Трыстар амерыкан" адной з канадскіх хакейных ліг — WHL. Галоўны трэнер беларусаў падкрэсліў, што пасля такой дарогі Сяргей Дрозд наўрад ці выйдзе на пляцоўку на матч з фінамі, тым не менш, ён будзе знаходзіцца ў гульнявым складзе.
Хто ж прэтэндэнт на другое вакантнае месца? У адпаведнасці з правіламі Міжнароднай хакейнай федэрацыі (ІІHF), на кваліфікацыйны раўнд дапускаюцца два ігракі. Настаўнік беларусаў бы па сакрэце сказаў, што існуе мікраскапічная верагоднасць, што ў размяшчэнне зборнай прыбудзе нападаючы "Манрэаль канадзіенс" Сяргей Касціцын. Нягледзячы на тое, што клуб прабіўся ў паўфінал Кубка Стэнлі і сёння вызначыцца яго супернік, беларускі форвард знаходзіцца ў апале галоўнага трэнера "Манрэаля" Сціва Жардэна і ўжо каторы матч абівае лаўку запасных. Дамоўленасць з Касціцыным дасягнута, сказаў Занкавец, цяпер яго агент прымае ўсе меры, каб Сяргея адпусцілі з размяшчэння канадскага клуба.
Пакуль беларускія журналісты гадаюць, ці атрымае наша зборная баявое папаўненне, расійскія калегі паціраюць рукі. У размяшчэнне Вячаслава Быкава, які напярэдадні на прэс-канферэнцыі адзначыў, што расіяне фактычна прайгралі беларусам трэці перыяд матча, прыбывае зорка сусветнага маштабу Яўген Малкін. Такія імёны — Авечкін, Сёмін, Казлоў, Кавальчук, Афінагенаў, Дацюк, Малкін!.. Не выйграць хакейны чэмпіянат свету ў Германіі — проста грэх, аптымістычна заяўляюць расійскія журналісты. Праўда, нядаўняя гісторыя з паходам значнай колькасці іх хакейных зорак у адзін з рэстаранаў і курэнне цыгарэт у зацяжку, якая стала вядома грамадскасці дзякуючы прадстаўнікам СМІ, бокам вылезла нашым суседзям па пяры. Пасля пераможнай сустрэчы з беларусамі Авечкін і кампанія праігнаравала просьбу расійскіх журналістаў спыніцца ў мікс-зоне і даць ацэнку матча, не кажучы ўжо пра сумесную фотасесію на памяць.
Відавочна, што такія зорныя паводзіны характэрныя толькі для славянскага менталітэту. Бо тыя ж фіны як нічога ніякага амаль у поўным складзе спакойна давалі каментарый сваім землякам пасля стартавага прайгранага матча з датчанамі — 1:4. Зрэшты, скандынавы і ўчора пасля звычайнай трэніроўкі не скупіліся на сакрэты наконт матча з беларусамі. Галоўны трэнер зборнай Фінляндыі Юка Яланен сказаў журналістам, што гульня яго падначаленых у заключных матчах з немцамі і амерыканцамі не дае падставы сумнявацца ў баявым настроі і майстэрстве хакеістаў перад матчам з беларусамі. Тым не менш фінскі коўч нагадаў журналістам: з беларусамі трэба трымаць руку на пульсе. Як-ніяк, а апошні афіцыйны матч фінская зборная прайграла беларусам з лікам 1:2 (па пенальці). І здарылася гэта год таму на чэмпіянаце свету ў Швейцарыі.
Можна не сумнявацца, што хакеісты "Суомі" паспрабуюць узяць рэванш. Хоць шапкамі зараз нікога не закідаць, пра што сведчаць шматлікія хакейныя вынікі ў Гельзенкірхене, Кёльне і Манхейме. А значыць, кожны можа разлічваць на станоўчы вынік.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.