Анастасія НОВІКАВА: “У Егіпце арабы за мяне давалі 200 вярблюдаў плюс сувеніры”
-- Не халаднавата для мора?
-- Дык цяплей жа, чым у нас. Ды і паветра там іншае, для здароўя больш карыснае. Тым больш знаёмыя даўно ўжо туды запрашалі. А хто ж ад запрашэння адмаўляецца? Вось і рушылі невялічкай кампаніяй -- камандай Мінскай вобласці. А ўжо больш грунтоўны адпачынак на моры прыбераглі на іншы час. Пасля таго, як у верасні пройдзе чэмпіянат свету.
-- Пасля мінулага чэмпіянату свету, наколькі я ведаю, вы ездзілі на адпачынак у Егіпет…
-- Так, усё было няблага. З’ездзіла ў Каір на піраміды, па поўнай праграме экскурсія. Піраміды, натуральна, уразілі, а вось тое, што вакол іх, -- гэта проста шакіравала. Кучы смецця, горад брудны…
-- Арабы любяць чапляцца да славянскіх дзяўчат. Вам шлюб не прапаноўвалі?
-- Была справа. Пры гэтым перамовы вялі з маёй мамай; ведаю, што ёй за мяне давалі 200 вярблюдаў і плюс сувеніры. Карацей, у сваім стылі. Вясёлы народ.
-- А вам якія хлопцы больш падабаюцца -- паўднёвыя ці айчынныя?
-- На Поўдні таксама ёсць прыгожыя мужчыны, і яны нават, можа, больш прывабныя за нашых. Але надта ўжо тэмперамент у іх б’е праз край -- славяне больш спакойныя ў гэтым плане.
-- А ваш ідэал мужчыны?
-- Як такога няма, бо, на мой погляд, усё залежыць ад лёсу. Як павернецца -- так павернецца.
-- Замуж пакуль не збіраецеся?
-- На першым плане ў мяне пакуль трэніроўкі і спаборніцтвы. Усё астатняе -- на другім.
-- А як жа кватэрнае пытанне?
-- Кватэрнае пытанне вырашана напалову. У тым плане, што пасля Алімпіяды ў Пекіне аднапакаёўку я ўжо атрымала, а вось давесці яе да розуму пакуль няма часу.
-- Дызайнера будзеце запрашаць ці самі складзеце дызайн-праект?
-- Толькі сама. Я і ў сваёй кватэры ў Жодзіна ўвесь дызайн сама прыдумала. Люблю прастор. Дарэчы, я закончыла не толькі універсітэт фізкультуры, але і курсы дызайна. Але ж глабальна займацца гэтым проста не хапае часу. Трэніроўкі, спаборніцтвы, трэніроўкі…
-- Легендарны балгарскі трэнер Іван Абаджыеў выказаўся не так даўно ў тым плане, што жаночую цяжкую атлетыку трэба не толькі выключыць з алімпійскай праграмы, але і ўвогуле знішчыць як з’яву. Маўляў, жанчыны створаны для кахання, а не для таго, каб падымаць “жалязякі”…
-- Кожны мае права выказвацца так, як яму хочацца. Але я заўважаю, што з кожнымі спаборніцтвамі колькасць прадстаўніц у цяжкай атлетыцы становіцца ўсё больш. Мой першы трэнер расказваў, што пасля прайшоўшага чэмпіянату Еўропы ў Мінску дзяўчаты сталі самі прыходзіць трэніравацца. І ніхто ж іх не прымушае гэта рабіць. Кожнаму сваё, разумееце. Тым больш што жанчыны асвоілі ўжо практычна ўсё. Чаму ганебна, што я на спаборніцтвах падымаю штангу, але ніхто не кажа, чаму нашы жанчыны працуюць у “ліцейках”? Там што -- больш лёгка?
-- Затое кажуць, што для дзяўчыны цяжкая атлетыка -- не самы эстэтычны від спорту…
-- Не ведаю… У любым відзе спорту фотакарэспандэнт можа падлавіць момант, калі ў спартсменкі перакошаны ад напружання твар. Калі гімнасткі пырхаюць па дыване і ўвесь час усміхаюцца, то гэта не азначае, што ў іх няма катаржнай працы. Адным словам, я лічу так -- калі чалавеку дадзены талент праявіць сябе ў нечым, то ён павінен выкарыстаць гэты шанц.
-- У 2008 годзе ваша мама расказвала мне, як яна адгаворвала вас ад цяжкай атлетыкі, як прасіла кінуць гэты від спорту… Змірылася ўжо?
-- Дык калі яна прасіла? Калі я платна вучылася ў тэхнікуме, а трэнер запрасіў мяне трэніравацца. Натуральна, маме было крыўдна, што грошы заплацілі, а працаваць я не пайшла. Тады з ёй і я размаўляла, і трэнер тлумачыў, што ўсё з часам, як кажуць, акупіцца. Зараз у гэтым плане аніякіх праблем і забаронаў няма.
-- Анастасія, а як вам выпадак, калі ў мінулым годзе 22-гадовая чылійская цяжкаатлетка нарадзіла дзіця падчас трэніроўкі, а да гэтага нават не здагадвалася, што цяжарная?
-- Можа, яна вагу вялікую мела. Ведаю, што ў такіх людзей расце жывот, і яны нават не заўважаюць, што цяжарныя.
-- Але ж ёсць яшчэ жаночая фізіялогія…
-- Відаць, так тая спартсменка ў свае 22 гады і разбіраецца ў той фізіялогіі. Галаву трэба мець на плячах -- тады ўсё будзе атрымлівацца. І ў асабістым жыцці, і ў спорце.