За нацысцкую выхадку фанатаў ФК "Дынама" (Мінск) аштрафаваны на 245 млн. рублёў

Источник материала:  
Такое рашэнне прыняў дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола на пасяджэнні 6 мая, інфармуе прэс-служба БФФ. Гэта самы буйны штраф у гісторыі беларускага футбола.Вердыкт можа быць абскарджаны ў апеляцыйным камітэце федэрацыі, паведаміла БелаПАН супрацоўніца прэс-службы Юлія Зяньковіч.

Раней было аб'яўлена, што "Дынама" можа быць аштрафавана на 10 тыс. базавых велічынь — 350 млн. рублёў.

28 красавіка падчас матчу "Дынама" — "Віцебск" на трыбуне быў вывешаны банер, які ўслаўляў аднаго з дзеячаў фашысцкай Германіі Рудольфа Геса. 26 красавіка споўнілася 116 гадоў з дня нараджэння гэтага ваеннага злачынца, прыгаворана Нюрнбергскім трыбуналам да пажыццёвага зняволення.

Старшыня дысцыплінарнага камітэта БФФ Уладзімір Вітушка заявіў, што гэта — "абуральны выпадак не толькі для футбольнай грамадскасці, але і для ўсяго беларускага грамадства". "Будуць прыняты самыя сур'ёзныя меры да арганізатараў і ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства", — сказаў Вітушка.

У БФФ з адкрытым лістом на імя старшыні Генадзя Нявыгласа звярнуліся прадстаўнікі ініцыятыўнай групы балельшчыкаў "Дынама". "Мы, актыўныя і пастаянныя балельшчыкі <…>, выступаем з абурэннем і асуджэннем дзеянняў асобна ўзятых прадстаўнікоў прафашысцкага руху, якія праніклі на матч з ФК "Віцебск" пад выглядам фанатаў нашага клуба, — гаворыцца ў лісце. — На жаль, з прычыны занятасці асноўных прадстаўнікоў фанацкага руху на працы — гульня праходзіла ў будны дзень — мы не змаглі папярэдзіць і спыніць экстрэмісцкую выхадку, якая ганьбуе гонар балельшчыкаў "Дынама", самога клуба і ўсяго беларускага народа".

Аўтары ліста "ад імя сапраўдных балельшчыкаў" ФК "Дынама" прыносяць "шчырыя выбачэнні" ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, "усяму народу Рэспублікі Беларусь", абяцаюць "выявіць правакатараў і не дапусціць паўтору такіх акцый у будучыні".

ФК "Дынама" выступіў з афіцыйнай заявай, у якой гаворыцца, што клуб "абураны і шакіраваны" інцыдэнтам і "расцэньвае гэтую экстрэмісцкую акцыю як правакацыю, скіраваную супраць клуба, яго балельшчыкаў і ўсяго беларускага футбола".

Клуб "гатовы аказаць праваахоўным органам любое садзейнічанне, каб асобы, якія выкарыстоўваюць футбол для прапаганды фашызму і няславяць імя клуба, былі выяўлены і прыцягнуты да адказнасці".

←Минское "Динамо" оштрафовано на Br245 млн. за вывешенный фанатами профашистский баннер на трибунах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика