У фінале Кубка — БАТЭ і Тарпеда
Беларускія гоншчыцы заваявалі тры бронзавыя медалі на чэмпіянаце свету па веласпорце на трэку, які праходзіў у дацкім Капенгагене з 24 па 28 сакавіка. Дзве бронзы на рахунку Вольгі Панарынай, якая пераехала ў Беларусь з Украіны пасля Алімпіяды-2008 у Пекіне і выступае ў спрынтарскіх дысцыплінах. 25 сакавіка яна выйграла "бронзу" ў гіце на 500 метраў. А 28 сакавіка, у заключны дзень спаборніцтваў, спартсменка дадала ў сваю калекцыю бронзавую ўзнагароду ў кейрыне. Чэмпіёнкай у гэтай дысцыпліне стала Сімона Крупескайтэ з Літвы, сярэбраным прызёрам — Вікторыя Пендлтан з Вялікабрытаніі. Адзначым, што трэнерам Вольгі Панарынай з'яўляецца расійскі спецыяліст Станіслаў Салаўёў, які працуе з васьміразовай чэмпіёнкай свету Наталляй Цылінскай, якая знаходзіцца зараз у дэкрэтным водпуску. Трэці медаль беларускай дружыны на рахунку Таццяны Шараковай, якая заваявала "бронзу" ў гонцы па ачках на 25 км з 10 спрынтарскімі фінішамі. На прамежкавых фінішах яна па разу стала першай і другой, двойчы была пятай, набраўшы ў выніку 33 ачкі. У медальным заліку з трыма бронзавымі ўзнагародамі Беларусь, прадстаўніком якой былі ўсяго дзве гоншчыцы, заняла 15-е месца. Усяго прызёрамі станавіліся спартсмены з 19 краін.
Дар'я Домрачава завяршыла сезон шостайБеларуская біятланістка Дар'я Домрачава стала шостай у агульным заліку Кубка свету-2009/2010, набраўшы 770 ачкоў. У мінулым сезоне яна была сёмай з 776 ачкамі. У 2008 годзе Домрачава заняла 26-ы радок. У гэтым сезоне спартсменка выйграла свае першыя гонкі — спрынт і пераследаванне ў фінскім Конціалахці, двойчы была другой — у спрынце і пераследаванні ў нарвежскім Халменколене і двойчы трэцяй — у індывідуальных гонках у шведскім Эстэрсундзе і на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Людміла Калінчык з 363 ачкамі заканчвае сезон на 27-м месцы, Надзея Скардзіна — 30-я з 323 ачкамі, Вольга Кудрашова — 54-я з 87, Вольга Назарава — 74-я з 27, Людміла Ананька — 78-я з 23. Кубак свету ў жанчын заваявала немка Магдалена Нойнер (933 ачкі). У мужчын перамогу атрымаў нарвежац Эміль-Хегле Свендсан (828 ачкоў). У агульным заліку Кубка нацый жаночая зборная Беларусі заняла шостае месца (год таму восьмае), мужчынская — 11-е (10-е год таму). Гэта азначае, што ў гонках наступнага сезона, як і год таму, Беларусь можа выстаўляць па шэсць жанчын і пяць мужчын.