Галкіпер зборнай Юры Жаўноў перайшоў у «Зеніт»
28‑гадовы брамнік ФК «Масква» і зборнай Беларусі Юры Жаўноў заключыў чатырохгадовы кантракт з санкт‑пецярбургскім «Зенітам».
У сезоне 2009 «Зеніт» заваяваў бронзу расійскага чэмпіяната і атрымаў пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў.
«Для мяне гэта крок — наперад», — сказаў Жаўноў, які пяць гадоў выступаў за «Маскву», але, як вядома, клуб з прычыны фінансавага становішча быў вымушаны зняцца з чэмпіяната.
Беларуса не палохае канкурэнцыя на апошняй лініі з галкіперамі Малафеевым і Барадзіным.
«Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць», — зазначыў беларус.
Юры Жаўноў дэбютаваў ў расійскай прэм’ер‑лізе ў 2005 годзе і хутка стаў адным з вядучых варатароў чэмпіяната. У мінулым сезоне ён правёў за клуб усе 30 матчаў, а за 5 мінулых чэмпіянатаў часцей за яго з брамнікаў на поле выходзілі толькі Антанін Кінскі («Сатурн») ды Ігар Акінфееў (ЦСКА).
Жаўноў за 5 гадоў згуляў 124 матчы, Акінфееў — 127, Кінскі — 141. Той жа Малафееў згуляў 114 матчаў.
Чэмпіянат Расіі стартуе 12 сакавіка матчам ЦСКА — «Амкар».
«Зеніт» першы матч правядзе 13 сакавіка на выездзе супраць «Крылаў Саветаў».
Самарскі клуб таксама мог паўтарыць лёс ФК «Масквы» ды зняцца з чэмпіяната, але яго выратаваў асабіста Уладзімір Пуцін, распарадзіўшыся аказаць падтрымку.