У пятніцу — лёсаванне чэмпіянату свету па футболе
Арганізатары чэмпіянату свету — 2010 абнародавалі склад кошыкаў, якія будуць выкарыстоўвацца пры лёсаванні групавога турніру ў пятніцу ў Кейптаўне, паведамляе Reuters.
Нагадаем, 32 зборныя будуць разбітыя на 8 групаў па 4 каманды ў кожнай.
Пры гэтым прадстаўнікі аднаго кошыка не сустрэнуцца адзін з адным на першай стадыі фінальнага турніру, які стартуе 11 чэрвеня 2010 года.
Гаспадыня ЧС‑2010 — зборная Паўднёва‑Афрыканскай Рэспублікі — увайшла ў лік «сеяных» і пры лёсаванні аўтаматычна будзе вызначана ў групу «A». А вось чэмпіён свету‑1998 і фіналіст ЧС‑2006 зборная Францыі ў лік каманд‑«матак» не трапіла. Кошыкі складаліся з сумесным выкарыстаннем тэрытарыяльнага і рэйтынгавага прынцыпаў.
Цалкам склад кошыкаў для лёсавання групавога турніру выглядае наступным чынам.
Кошык 1 (гаспадары ЧС‑2010 плюс сем зборных, якія маюць найвышэйшы рэйтынг ФІФА). Паўднёва‑Афрыканская Рэспубліка (група A), Аргенціна, Бразілія, Англія, Германія, Італія, Галандыя, Іспанія.
Кошык 2 (Азія, Акіянія і КОНКАКАФ). Аўстралія, Японія, КНДР, Карэя, Гандурас, Мексіка, ЗША, Новая Зеландыя.
Кошык 3 (Афрыка і Паўднёвая Амэрыка). Алжыр, Камерун, Гана, Кот‑д’Івуар, Нігерыя, Чылі, Парагвай, Уругвай.
Кошык 4 (Еўропа). Данія, Францыя, Грэцыя, Партугалія, Сербія, Славакія, Славенія, Швейцарыя.