ДЭ ЖА ВЮ
Пачуццё таго, што ты гэта ўжо недзе бачыў, прыходзiць даволi часта. Яшчэ часцей яно прыходзiла да тых, хто назiраў за гульнёй хакейнага клуба "Дынама-Мiнск" у мiнулым годзе. Французскi выраз злятаў з вуснаў заўзятараў амаль пасля кожнай фiнальнай сiрэны. Старалiся, змагалiся — а вынiк аднолькавы. Здавалася, новы сезон КХЛ адвучыў нас ад мовы мушкецёраў, але не так проста выбiць з галавы тое, што ўпарта замацоўвалася цэлы год.
У апошнi дзень верасня сталiчная каманда распачала чарговую хатнюю серыю гульняў. Першы супернiк — "Атлант" з падмаскоўных Мыцiшчаў. Каманда спрактыкаваная, разагналася ў апошнiх гульнях да даволi вялiкай хуткасцi. Сярод галоўных "атлантаў" добра вядомыя Мазякiн, Гербер i Жэрдзеў. Мiнчане да набору сваiх зорак дадалi абаронцаў Люткевiча, выклiканага з фарму, i Дзянiсава, якi пасля няўдалай спробы затрымацца ў НХЛ вярнуўся на радзiму.
Яшчэ не ўсе гледачы дабралiся да сваiх месцаў, як "Атлант" адкрыў лiк. Пасля жорсткай барацьбы каля варот Мезiна Поснаў пераправiў шайбу ў непрыкрыты вугал. Дынамаўцы адразу кiнулiся ў атаку, добры момант быў у Хювенена, Мiхалёў з Кулаковым перспектыўна прарывалiся праз магутных абаронцаў мыцiшчанцаў, але швейцарац Гербер спакойна лiквiдаваў гэтыя пагрозы. А форварды арганiзавалi яшчэ адну хуткую атаку — i лiк на табло ўжо 0:2. Не прайшло i васьмi хвiлiн... Прыкладна так "любiла" распачынаць гульнi мiнская каманда ў мiнулым сезоне. Але тады ў нас не было героя нацыi Хэнлана, зараз жа верылася, што ў перапынку Глэн знойдзе патрэбныя словы. Адбылося гэта цi не, мы ўжо не даведаемся. Самы пачатак другога перыяду зблытаў усе расклады i яшчэ больш пагоршыў сiтуацыю: зорная тройка Новатны — Мазякiн — Жэрдзеў у трэцi раз прымусiла расчаравана ўздыхнуць паўнюткiя трыбуны Палаца спорту. Тое, што адбывалася далей, можна апiсаць банальнай фразай: адны хацелi, ды не маглi, другiя маглi, ды не хацелi. "Атлант" квалiфiкавана абараняўся, не забываючы раз-другi нагадваць Мезiну, як яны могуць атакаваць. "Зубры" старалiся, але заўсёды нечага не хапала. Гледачы ўсё больш весялiлiся не ад гульнi роднай каманды, а ад рэпертуару "Сяброў" i "Крамы" ў рэкламных паўзах. Апошнюю надзею падарыў Андрэй Стась, пазмагаўшыся ў меншасцi, ён усё ж запалiў першы чырвоны лiхтарык за варотамi Гербера. Заставалася некалькi хвiлiн да фiнальнай сiрэны, падумалася: а раптам! На жаль, не ў гэты дзень. Замена Андрэя Мезiна на шостага палявога скончылася чарговай прапушчанай шайбай.
1:4, i "Дынама" застаецца толькi рыхтавацца да наступнай гульнi. Ужо сёння да нас у госцi наведаецца "газпрамаўскi" СКА. Нагадаю, каманды ўжо сустракалiся ў гэтым сезоне. У Пiцеры лiк быў 2:0 на карысць армейцаў. Хацелася б без дэ жа вю...
Яўген ВАРАКСА.