З падзякай за хлебаробскую працу
Кветкі, падарункі і граматы — у пятніцу на мінулым тыдні ў Глускім раёне ўшаноўвалі першых камбайнераў-тысячнікаў. Сяргей і Мікіта Прыбышы, экіпаж эксперыментальнай базы “Глуск”, прымалі віншаванні на рабочым месцы — на полі каля вёскі Юзафова, дзе ў гэты дзень яны жалі трыцікале. Тысячны рубеж сямейны экіпаж Прыбышаў пераадолеў у чацвер: к вечару 13 жніўня яны намалацілі 1018 тон зерня, а яшчэ раней на іх рахунку было 86 тон масланасення рапсу.
З падзякамі за якасную і сумленную працу і пажаданнямі дабрабыту сюды прыехалі першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Глускага райвыканкама Уладзімір Карповіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка, кіраўнік эксбазы Аляксандр Семідотчанка і прадстаўнікі гаспадаркі. З сабою прывезлі граматы, кветкі, падарункі: тэрмас, скрынку для інструментаў, пасцельную бялізну, ручнікі і кепкі. Аддзячыўшы за віншаванні і ўвагу, Сяргей Валер’евіч і Мікіта прадоўжылі сваю працу. За пятніцу і выхадныя дні яны яшчэ прыбавілі і к раніцы панядзелка намалацілі 1072 тоны зерня.
А. ПЯТРОВА
Фота аўтара