Труд на благо общества. Знакомимся с коллективом и буднями управления по работе с плательщиками по Кореличскому району

Источник материала:  

30 гадоў таму ў Беларусі была створана дзяржаўная падатковая служба. З той пары гэта структура стала адной з самых значных і ўплывовых у жыцці нашай краіны. Што значыць быць яе часткай, расказвае начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне – намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Марына Сцяпанаўна АСІПОВІЧ.

Труд на благо общества. Знакомимся с коллективом и буднями управления по работе с плательщиками по Кореличскому району

Падатковы кодэкс — настольная кніга Марыны Асіповіч

– Мы часам і не заўважаем надыходу нашага свята, бо на працы звычайна безліч спраў: тэлефон не змаўкае, трэба разабрацца са стосамі дакументаў, учас здаць усе справаздачы, праверыць дэкларацыі, адказаць на пытанні плацельшчыкаў. І так кожны будні дзень, – дзеліцца надзённым Марына Сцяпанаўна. – Але гэта толькі нюансы. Галоўнае – тое, што ўсе мы абралі сваю прафесію свядома. Так, бывае цяжка, але мы ведаем, што робім важную справу.

Сапраўды, выпадковых людзей у падатковых органах няма. Кожны – заслужана на сваім месцы. Ураджэнка Ашмянскага раёна, Марына Асіповіч ужо ў дзяцінстве ведала, што яе прафесія будзе звязана з фінансавай дзейнасцю. Пасля школы паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум спасцігаць асновы бухгалтарскага ўліку, пазней завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Баранавічах па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Па размеркаванні прыехала ў саўгас “Варонча” Карэліцкага раёна. Калі ён стаў СВК, працавала тут галоўным бухгалтарам. У 2006 годзе перайшла ў падатковую інспекцыю ў Карэлічы. Пачынала з інспектара, затым стала начальнікам аддзела ўліку, з 2008 года назначана намеснікам начальніка інспекцыі Карэліцкага раёна, а з 2017 года – намеснікам начальніка інспекцыі па Навагрудскім раёне.

Пра спецыфіку прафесіі Марына Сцяпанаўна ўпэўнена кажа:

– На падатковай службе ляжыць вялікая адказнасць. Бо ад нашай паспяховай працы залежыць функцыянаванне эканомікі краіны, а значыць і дабрабыт нашых грамадзян. Таму работнікі абавязаны ведаць заканадаўства, бухгалтарскі улік, мець аналітычны склад розуму, быць мэтанакіраванымі і ўважлівымі. Наш калектыў невялікі, але ўсе ў ім якраз валодаюць такімі якасцямі і ведамі.

Тым больш, кожны з работнікаў мае значны стаж. Намеснік начальніка ўпраўлення Іван Аркадзьевіч Прыма працуе з 2005 года, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Святлана Мікалаеўна Троцкая – з 1995 года, яе калега Наталля Уладзіміраўна Хауста – з 1997 года, а рэферэнт Юлія Леанідаўна Лустач – з 2011 года. Калектыў зладжаны, усе людзі ў ім надзейныя і кампетэнтныя, здольныя спраўляцца са значнымі аб’ёмамі працы і любымі складанымі сітуацыямі.

Да размовы далучаецца Святлана Троцкая. У падатковую інспекцыю яна прыйшла працаваць адразу пасля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які скончыла па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз, аўдыт”. Сваёй справе Святлана Мікалаеўна дае лаканічную і ёмкую характарыстыку:

– Будні падатковага інспектара праходзяць у аўральным рэжыме. Я працую больш з фізічнымі асобамі. Тут важна цярпенне, скрупулёзнасць, уменне выслухаць плацельшчыка, знайсці да чалавека падыход, граматна разабрацца з яго сітуацыяй і даць неабходную кансультацыю.

Труд на благо общества. Знакомимся с коллективом и буднями управления по работе с плательщиками по Кореличскому району

М. Асіповіч, Ю. Лустач, С. Троцкая, Н. Хауста

Ад знаёмства з калектывам паступова пераходзім да лічбаў.

– Асноўнымі накірункамі дзейнасці падатковай інспекцыі з’яўляецца выкананне даходнай часткі бюджэту, куды можна аднесці прыцягненне плацельшчыкаў да падаткаабкладання і добраахвотнай выплаты плацяжоў, – тлумачыць Марына Сцяпанаўна. – У прыватнасці, бюджэт Карэліцкага раёна фарміруюць 303 юрыдычныя асобы, 365 індывідуальных прадпрымальнікаў і 15092 фізічныя асобы. З іх 88,8% паступленняў у бюджэт ідзе ад арганізацый, 5,2% выплачваюць прадпрымальнікі і 2,8% – фізічныя асобы. Адзначу, што нашы плацельшчыкі ў асноўнай масе сумленныя і адказныя. Але ёсць і тыя, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў. У адносінах да іх мы прымяняем меры прымусовага спагнання. Апроч таго, несвоечасовая выплата падаткаў можа прывесці да накладання немалога штрафу згодна з арт. 13.6 КоАП Рэспублікі Беларусь у памеры 40% ад нявыплачанай сумы, але не менш за 10 б.в. Аднак адзначу, што ў Карэліцкага раёна запазычанасць перад бюджэтам на дадзены момант невысокая – 5,4 тысячы рублёў. У цэлым, за апошнія 6 месяцаў наша інспекцыя спрацавала належным чынам. План дахода на дадзены момант выконваецца на 101%.

Таксама хачу падкрэсліць, што падатковыя органы актыўна і аператыўна рэагуюць на патрабаванні часу і грамадства. Так, наша сфера ідзе ў ногу з развіццём лічбавых тэхналогій. Таму мы накіраваны на працу з плацельшчыкамі найперш пры дапамозе электроннага ўзаемадзеяння. Гэта тычыцца тых жа падатковых дэкларацый, якія зараз прадастаўляюцца нам у электронным выглядзе. Праўда, калі ў плацельшчыка няма такой магчымасці, ён можа звярнуцца ў нашу інспекцыю і запоўніць непасрэдна тут неабходныя электронныя дакументы.

Чуйна рэагуе на падзеі ў грамадстве і заканадаўства. З апошніх новаўвядзенняў варта вылучыць асобныя нормы Указа №143 “Аб падтрымцы эканомікі” ад 24.04.2020 г. Згодна з гэтым дакументам сёлета ў ІІ і ІІІ кварталах зніжаны стаўкі адзінага падатку ў 2 разы для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб.

Як бачыце, пра нашу працу можна расказваць шмат і доўга. Але ўсё ж хочацца адысці ад будзённых тэмаў і павіншаваць калег са святам ды падзякаць за іх прафесіяналізм, камандны дух і вытрымку. Шчыра зычу ім плёну і поспехаў на працоўнай ніве, спакою і шчасця – у асабістым жыцці! Асобныя словы падзякі за шматгадовую сумленную працу накіроўваю нашым ветэранам, у прыватнасці Ніне Рыгораўне Калеснік, Галіне Мікалаеўне Комар, Дануце Станіславаўне Шэўка, Ірыне Аляксандраўне Бандарык, Таісе Мікалаеўне Шэўка, Уладзіміру Уладзіміравічу Судніку.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

←Кореличчина поздравляет с Днем работников налоговых органов!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика