Два сэрцы пад адным дахам. Як жывуць сем’і ў шлюбе 50, 45, 35 гадоў

Источник материала:  

 

Сям’я! Якое маленькае, усяго чатыры літары слова, але які змест заключаны ў ім! Сям’я – гэта бацькоўскі дом, старая груша пад акном і незабыўны пах антонавак у садзе! 15 мая старшыня Астроміцкага сельвыканкама Валянціна Валасюк, намеснік старшыні КСУП “Племзавода “Дружба” Стасюк В.М, работнікі Шамятоўскага Дома культуры і бібліятэкі  наведалі і павіншавалі сем’і, якія жывуць у шлюбе 50, 45, 35 гадоў. Але перш чым віншаваць юбіляраў госці наведалі сям’ю Шыманскіх.

Два сэрцы пад адным дахам. Як жывуць сем’і ў шлюбе 50, 45, 35 гадоў
Сцяпан Фёдаравіч і Ганна Васільеўна Шыманскія

 

63 гады ідуць разам па жыцці Сцяпан Фёдаравіч і Ганна Васільеўна. Ганна Васільеўна ўсё жыццё працавала касірам у калгасе “Праўда”. Сцяпан Фёдаравіч – трактарыстам. Дзяцінства нашых герояў абпалена вайной. Вясной 1945 года ў  дом Шыманскіх прыйшла пахаронка – радавы Шыманскі Фёдар геройскі загінуў 8 студзеня 1945 года ў Германіі. У 12 гадоў Сцяпан узяўся за плуг. У 1951 годзе яго прызвалі ў армію, папаў ён на Балтыйскі флот, дзе служыў 5 гадоў.

Ганна Васільеўна расказала цікавую гісторыю знаёмства з мужам. Было гэта ў 1956 годзе. Жанчыны вярталіся з калгаснага поля, нехта заўважыў, што па дарозе ў Шамятоўку ідзе хлопец у марской форме. Адна з жанчын пажартавала: ”Глядзі, Анютка, твой жаніх ідзе!” Дзяўчына засмяялася, а праз хуткі час, 6 мая 1957 года, маладыя ажаніліся . Выгадавалі двух сыноў, маюць двух унукаў. Нягледзячы на ўзрост, нашы героі трымаюць гаспадарку.

Наступным прыпынкам стаў дом Мікалая Іванавіча і Анастасіі Барысаўны Мікіцюк. Маладой дзяўчынай прыехала Анастасія Барысаўна аграномам у калгас “Праўда”. Тут працаваў трактарыстам Мікалай Іванавіч. 6 мая 1970 года яны  ажаніліся і вось ужо 50 гадоў разам. Выгадавалі дачку, маюць трох унукаў, двух праўнукаў. Мікалай Іванавіч у свой час быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, мае шматлікія ўзнагароды. Нашы героі – паважаныя людзі ў вёсцы.

Два сэрцы пад адным дахам. Як жывуць сем’і ў шлюбе 50, 45, 35 гадоў
Анастасія Барысаўна і Мікалай Іванавіч Мікіцюк

Аляксандр Аляксеевіч і Валянціна Васільеўна Супрунюк нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Бярозна. Закончылі Шамятоўскую сярэднюю школу. Ажаніліся яны 22 лютага 1975 года.  Валянціна Васільеўна працавала ў  калгасе “Праўда” бухгалтарам. Аляксандр Аляксеевіч – шафёрам. Выгадавалі дзвюх дачок, маюць унукаў.

Два сэрцы пад адным дахам. Як жывуць сем’і ў шлюбе 50, 45, 35 гадоў
Аляксандр Аляксеевіч і Валянціна Васільеўна Супрунюк

9 мая 1975 года ажаніліся Анатоль Андрэевіч і Тамара Аляксееўна Гаранюк. Тамара Аляксееўна прайшла шлях ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры да дырэктара Шамятоўскай сярэдняй школы. Анатоль Андрэевіч працаваў настаўнікам працы.  У школе яны і пазнаёміліся. Тут працавалі ўсё жыццё. Выгадавалі дачку і сына, маюць чацвярых унукаў. Двор нашых юбіляраў выдзяляецца рознакаляровымі кветнікамі, утульнасцю і прыгажосцю.

Два сэрцы пад адным дахам. Як жывуць сем’і ў шлюбе 50, 45, 35 гадоў
Анатоль Андрэевіч і Тамара Аляксееўна Гаранюк

Віншаванні ў гэты дзень прымалі таксама Іван Мікалаевіч і Вольга Іванаўна Леанчук. Пасля заканчэння вучобы ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме Івана Мікалаевіча накіравалі ў калгас “Праўда” загадчыкам майстэрні. На работу паляводам прыехала сюды і маладая дзяўчына з Украіны Вольга. У 1985 годзе яны ажаніліся. Нашы героі выгадавалі траіх дзяцей, маюць унукаў. Іван Мікалаевіч зараз на заслужаным адпачынку. Вольга Іванаўна працуе аператарам машыннага даення. У вольны час яна вышывае.

Усім парам задавалі традыцыйнае пытанне: “У чым сакрэт сямейнага шчасця?” Адказ быў прыкладна такім: ”Сям’я грунтуецца на любві, павазе, узаемаразуменні”.  Здароўя вам, паважаныя аднавяскоўцы!  

Калектыў работнікаў Шамятоўскага ДК і публічнай бібліятэкі.

Фота з архіва юбіляраў.

←На помощь государства смогут рассчитывать не все бюджетники

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика