Лепельские медики на передовой в борьбе с коронавирусом

Источник материала:  

Лепельские медики на передовой в борьбе с коронавирусом
Напэўна, кожны беларус, ды і грамадзяне іншых краін, сочаць у інтэрнэце за інфармацыяй па тэме пандэміі. Часам мы звяртаем увагу толькі на лічбы і не задумваемся над тым, што ёсць сярод нас людзі, якім проста няма часу чытаць гэтыя навіны. Але ім гэта і не трэба. Яны бачаць рэальную сітуацыю на свае вочы. Гэта, канечне, медыцынскія работнікі. Часам мы проста не задумваемся пра іх працу ў гэтыя няпростыя дні?

Давялося пагутарыць з урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам, загадчыкам аддзялення рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы Арцёмам Дараневічам. Хочацца адразу прызнацца, што імкнулася шмат часу не затрымліваць урача, бо разумею, што пасля змены хочацца адпачыць.

— Арцём Віктаравіч, на вашу думку, ці змяніліся людзі за гэты перыяд і як змянілася жыццё ўрачоў?

— Адразу скажу, што людзі сталі больш асцярожнымі. Пачалі хадзіць у масках, прымаць меры перасцярогі.

Мы ж, урачы, за гэты перыяд змянілі свой рэжым працы і жыцця. Стараемся толькі па неабходнасці наведваць магазіны, не кантактаваць з людзьмі.

Праца ўрачоў стала больш інтэнсіўнай. Зараз інфекцыйнае аддзяленне цалкам перапрафілявана для пацыентаў з COVID-19. Але тут трэба дадаткова разумець, што і іншыя хваробы таксама нікуды не зніклі. Усе медработнікі зараз жывуць і працуюць у новым рэжыме — падвышанай адказнасці.

Лепельские медики на передовой в борьбе с коронавирусом
Хто меў магчымасць, самаізаляваўся. Хтосьці пераехаў на дачу, у іншую кватэру. У самой бальніцы ёсць таксама памяшканне для самаізаляцыі.

— Зразумела, што медыкі знаходзяцца ў зоне рызыкі…

— Так, але мы строга прытрымліваемся інструкцый, здаём тэсты. Адмоўны вынік указвае на тое, што мы ўсё робім правільна.

У размове Арцём Віктаравіч сціпла кажа, што гэта проста іх праца. Але я, як і іншыя грамадзяне краіны, так не лічу. Медыцынскія работнікі зараз на перадавой. Пакуль мы проста старанна мыем рукі і надзяваем маскі ў грамадскіх месцах, яны імкнуцца перамагчы гэты вірус, гатовыя не спаць па начах, каб выратаваць хворых.

— Дапамагае змагацца з гэтым вірусам і камандны дух, які пануе ў нашым калектыве. Мы адзін аднаго падтрымліваем маральна і фізічна. Калі ты прыходзіш на працу і адчуваеш сябе сярод сваіх калег як у сям’і, разумееш, што ўсё можна перамагчы.

Таксама прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім для медыкаў, што працуюць з пацыентамі з дыягнаставаным каранавірусам новага тыпу, усталёўваюцца штомесячныя даплаты, звязаныя з напружанай працай.

Арганізацыі і прадпрыемствы раёна таксама актыўна ўдзельнічаюць у аказанні дапамогі ўстанове аховы здароўя ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.

Некаторыя шыюць на бязвыплатнай аснове маскі для медыцынскіх работнікаў, іншыя аказваюць спонсарскую дапамогу, купляюць неабходнае абсталяванне, прадметы гігіены.

Таксама Лепельскай ЦРБ у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй быў адкрыты дабрачынны рахунак. І, трэба сказаць, людзі адгукаюцца, за што ім вялікі дзякуй.

— У нас дастаткова рэзерваў для аказання дапамогі цяжкім пацыентам. Акрамя гэтага, няма недахопу ўрачоў, апаратуры, ёсць магчымасць назірання за гэтымі пацыентамі.

— Як пацыенты рэагуюць на ўрачоў, у якіх бачныя толькі вочы?

— Калі пацыент упершыню бачыць медработніка ў спецыяльным касцюме, акулярах і рэспіратары, крыху пасуе. Але ўпэўніваем, што ўсё будзе добра, спрабуем наладзіць кантакт, тлумачым, што гэта неабходнасць у цяперашняй сітуацыі.

— Напэўна, складана цэлы дзень знаходзіцца ў такой экіпіроўцы? І шмат часу ідзе, каб яго апрануць…

— Так, але з часам прывыклі. Калі даводзіцца ісці да пацыентаў COVID-19, апранаю супрацьчумны касцюм. Пасля наведвання іх адразу накіроўваюся ў спецыяльны пакой, дзе  здымаю гэтую вопратку, якая потым утылізуецца альбо праходзіць абеззаражванне — залежыць, аднаразовая яна ці не. Толькі пасля гэтага медработнік выходзіць у чыстую зону. Калі трэба прайсці праз іншае аддзяленне, зноў жа апранаем касцюм. Без гэтага нельга.

— Чаму адны пераносяць бессімптомна гэты вірус або ў лёгкай форме, а ў іншых ён можа прывесці да складаных наступстваў?

— Кожны чалавек — індывідуальны арганізм. Загадзя нельга сказаць, як тая ці іншая інфекцыя, у тым ліку каранавірус, канкрэтна, адаб’ецца на дадзеным чалавеку.

Працоўны дзень Арцёма Віктаравіча, як ён кажа, звычайны. А восьмай гадзіне раніцы прыходзіць на любімую працу, прымае дзяжурства ў свайго калегі, з якім адразу абмяркоўвае, як прайшла ноч у аддзяленні. Звычайна, калі што здараецца ўначы, загадчык аддзялення ведае адразу, і тут не важна, што час сну. Далей ідзе абыход палат, агляд пацыентаў і робяцца назначэнні. Часам абыход доўжыцца да самага абеду.

У рэанімацыйных палатах уся абстаноўка па адным тыпе. Розныя толькі пацыенты. Кожны з іх мае свае гісторыю, прычыну, чаму ён трапіў у гэтае аддзяленне. Тут няма «лёгкіх» хворых, усім патрэбна сур’ёзная дапамога. У другой палове дня звычайна адбываецца работа з дакументамі і гутарка з роднымі хворых.

Як кажа мой суразмоўца, распланаваць свой працоўны дзень практычна немагчыма, бо невядома, які пацыент можа трапіць праз хвіліну ў аддзяленне.

* * *

— Пасля дзяжурства еду да сваёй сям’і. Я не баюся іх заразіць, бо заўсёды выкарыстоўваю сродкі індывідуальнай абароны і тым самым клапачуся пра родных. Мы часам можам яшчэ не ведаць, з якім эпідэміялагічным статусам, станоўчым ці адмоўным, трапіў да нас пацыент. Таму трэба прымаць усе меры перасцярогі. Калі прыходжу дадому — зноў жа, мыю рукі, іду ў душ, мяняю вопратку. Я рабіў так заўсёды, нічога не змянілася і цяпер.

Жонка Арцёма Віктаравіча таксама медыцынскі работнік. Спачатку Анастасія Віктараўна працавала тэрапеўтам у Лепельскай ЦРБ, цяпер — кардыёлагам. Ёй таксама даводзіцца быць на дзяжурствах у якасці тэрапеўта, таму з падазронымі на COVID-19 мае непасрэдны кантакт.

У пачатку эпідэміі мой суразмоўца перасцерагаў сваю сям’ю шляхам самаізаляцыі — на пэўны час месцам жыхарства была для яго райбальніца. У Анастасіі Віктараўны ў той перыяд якраз быў водпуск, таму жонка і дзеці не мелі кантактаў з Арцёмам Віктаравічам.

Увесь вольны час мужчына праводзіць ля дома, дзе сумаваць не даводзіцца. Шмат яшчэ трэба дабудаваць, абуладкаваць, прыбраць.

Змена дзейнасці, як кажуць навукоўцы, — лепшы адпачынак. Тым больш, што дом Дараневічаў знаходзіцца ў маляўнічым месцы — на беразе возера Проша. У такім выпадку як без рыбалкі? Усёй сям’ёй з вудамі ідуць да вадаёма, каб паспаборнічаць, хто больш наловіць. І ў гэтай захапляльнай справе не абавязкова выйграюць мужчыны. Заядлай рыбачкай у сям’і з’яўляецца дачка Паліна, але і сын Мацвей не адстае ад сястры.

А вось у жонкі больш душа ляжыць да раслінаводства. Акрамя гародніны — чаго там толькі няма? — на сядзібе шмат розных кветак. На самым пачэсным месцы сярод іх знаходзяцца ружы розных гатункаў, ёсць тут і вельмі рэдкія. З імі Анастасія Віктараўна гатовая праводзіць увесь час.

Яшчэ сям’я Дараневічаў любіць актыўны адпачынак. Як толькі выдаецца добрае надвор’е, спяшаюцца на прыроду. У 2015 годзе, як пераехалі на Лепельшчыну, склалі сабе дэвіз: “Ніводнага дня без новага возера”. За гэты перыяд пазналі амаль усе вадаёмы ў нашым краі. Цяпер у планах па карце аб’ехаць азёры на двухколавых транспартных сродках.

Аказваецца, да 2015 года Арцём Віктаравіч працаваў у Брэсцкай абласной бальніцы ўрачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам, куды прыйшоў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта па спецыяльнасці “Лячэбная справа”.

На заканчэнне Арцём Віктаравіч нагадаў, што пакуль існуе рызыка заражэння, кожны павінен клапаціцца пра сябе, карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны і выкарыстоўваць антысептыкі. Урачы — лечаць, але прафілактыка — задача кожнага чалавека.

Даведаліся ў галоўнага ўрача Лепельскай ЦРБ Ільі Шандалесава, колькі захворванняў каранавірусам зарэгістравана ў нашым раёне на сённяшні дзень. З 13 сакавіка бягучага года ў Лепельскім раёне выяўлена 25 захворванняў COVID-19, пацверджаных лабараторна. Адзін чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. У параўнанні з іншымі гарадамі Віцебскай вобласці колькасць захворванняў у нашым раёне не вельмі высокая.

   Таксама даведалася, што пацыент, які раней знаходзіўся ў цяжкім стане і быў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, зараз ужо адчувае сябе добра. 23 дні чалавеку патрабавалася інтэнсіўная тэрапія, але дзякуючы агульным намаганням нашых урачоў хвароба адышла.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

←Работу летних оздоровительных лагерей в Брестской области организуют по заявительному принципу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика