У шосты школьны дзень музей аб’яднаў вучняў і настаўнікаў розных школ горада Барысава (школы №2, №3, №8, №11, №16), апантаных беларускай культурай, на этнаграфічным квэст-марафоне “Вяртанне да вытокаў”.
Падставай для правядзення мерапрыемтсва паслужыла штогадовае святкаванне 21 лютага Міжнароднароднага дня роднай мовы. А наша родная мова – гэта мова беларуская. Таксама 2020 год, як і два папярэднія гады, праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Малая радзіма – у кожнага свой куточак Беларусі з роднымі мясцінамі, сямейнымі традыцыямі, памяццю продкаў. І менавіта беларуская этнаграфія знаёміць з этнічнымі асаблівасцямі беларускага народа: паходжаннем, мовай, побытам і культурнымі традыцыямі продкаў, нашымі каранямі і вытокамі.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося з выступлення ансамбля цымбалістаў “Надзея” (кіраўнік – А.С. Бахматава, канцэртмайстар – І.П. Сегень) ДУА “Дзіцячая музычная школа мастацтваў”.
Затым частка каманд адправіліся праходзіць квэст, які складаўся з міні-экскурсіі па музеі “Спадчына”, правядзення віктарыны “Ой, бліны, бліночкі мае…” і частавання ўдзельнікаў такой традыцыйнай стравай беларусаў, як бліны, а таксама майстар-класа па пляценні з нітак лялек-абярэгаў, гульні “Прыгажосць роднага слова”.
Пакуль адны каманды праходзілі квэст, вучні другіх каманд прымалі актыўны ўдзел ў інтэлектуальнай гульні “Этнаграфічны калейдаскоп”.
Затым каманды памяняліся відамі дзейнасці.
Беларускія песні ў выкананні ўдзельнікаў школьнага фальклорнага гуртка “Спадчына” (кіраўнік – В.В. Чарняк) надалі мерапрыемству святочны каларыт і самабытнасць.
Па завяршэнні этнаграфічнага квэст-марафона усе каманды атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў, а каманды-пераможцы ў інтэлектуальнай гульні “Этнаграфічны калейдаскоп” былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Месяц люты ў Мінскай вобласці адзначаны акцыяй “29 добрых спраў”. Праведзенае мерапрыемства спрыяла далучэнню маладога пакалення да культурных традыцый свайго народа, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі. А значыць, зроблена яшчэ адна добрая справа.
Т.М. ЯРАШЭВІЧ