Жыццёвыя прыпавесці. Таіса Мухіна з аграгарадка Райца дзеліцца незвычайнай гісторыяй пра цешчын халадзец

Источник материала:  

Сёння кожная хата, кожная сям’я мае нейкія свае цікавыя гісторыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, часам змяняюцца і дадаюцца новымі фактамі. Сумныя і вясёлыя, смешныя і недарэчныя, але цікавыя сваёй і памяццю, і павучальнасцю. Калі прайсціся па вёсцы, то іх можна назбіраць цэлы куфэрак. Гэта калі збіраць, а калі не?.. Сыходзяць людзі – жывыя сведкі гэтых гісторый, мяняецца і сама гісторыя. Вельмі шкада страціць такі скарб, таму я спяшаюся перадаць пачутае чытачам раённай газеты.

Жыццёвыя прыпавесці. Таіса Мухіна з аграгарадка Райца дзеліцца незвычайнай гісторыяй пра цешчын халадзец

Цешчын халадзец

Пасялілася ў Райцы адна маладая сям’я. Самі не тутэйшыя, але карані сваяцкія тут знайшлі. Нарадзіліся ў іх дзеткі, падраслі. Жывуць маладыя ды жыццю радуюцца: добрыя людзі іх акружаюць, спагадныя, гатовыя не толькі паспрыяць словам, але і на справе дапамагчы. Час ад часу ў госці наведваюцца бацькі, каб на ўнукаў паглядзець ды з агародам дапамагчы ўправіцца.

Значна радзей прыязджаюць цесць з цешчаю, бо жывуць-такі далекавата. Звычайна выбіраюцца на вялікія святы: Вялікдзень, Раство Хрыстова ці на Спаса. Маркоціцца часам маладая гаспадыня, што бацькоў рэдка бачыць, але дзе ж падзецца – сваю ўжо сямейку глядзець трэба. Толькі і застаецца ўзгадваць, якія яе самыя ўлюбёныя стравы, што гатавала матуля.

Не раз прыходзілася чуць, што вельмі смачны халадзец са свіной ножкі (па-райцаўску — квашаніна) выходзіць у яе мамы. Сама колькі спрабавала так згатаваць, а нічога нават і блізка не атрымлівалася.

Вось і сёлета на Каляды прыехала мама ў госці на некалькі дзён, падарункі прывезла ўсім, ну і захапіла набор для халадца, каб парадаваць сваю дачушку.

Прайшло колькі дзён, пачала госця скардзіцца, што нешта ў яе нага забалела, пухліна з’явілася на пальцы, ступаць стала цяжка, напэўна, стукнула дзе, калі з унукамі бавілася. Пачалі ўсе свае парады даваць, каб як гэты боль зняць: і прымочкі, і прыпаркі пайшлі ў ход.

Сумуе дачка, што маці прыхварэла. І хоць усе ведаюць, што гэта ўсё часовая з’ява, але настрой ва ўсіх сямейнікаў знік.

І вось селі яны вячэраць. Падае гаспадыня на стол і халадзец. А зяць, каб неяк разрадзіць абстаноўку (вельмі любіць гумар), вазьмі ды і спытай: “А з чаго гэта ў нас халадзец?” Жонка, не задумваючыся, вазьмі ды і адкажы: “З мамінай ножкі…” Ледзь стрымваючыся ад смеху, зяць прадоўжыў: “А я то гляджу, чаго гэта наша мама кульгаць пачала?”. Хвіліна – і ўсё застолле бухнула рогатам.

Нага, безумоўна, паправілася, а вось гісторыя прыгадваецца час ад часу. Асабліва, калі костачка ў халадцы трапляецца: “Гэта, мусіць, пальчык з цешчынай ножкі”.

Таіса МУХІНА, агр. Райца

←«Булимия была с 14 лет». Девушки с проблемами питания - о реакции близких, ненависти к себе и лечении

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика