Абараняць Радзіму дапамагала каханне

Источник материала:  

Трэба цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны і разам з тым абавязкова яе шанаваць. Сёння, як і абяцалі, расказваем аб тых, пра каго звесткі і ўспаміны занатаваны ў «Кнізе народнай славы» былога калгаса «Мір». І пачынаем з Аркадзя Сідаравіча Шчарбінскага – бацькі Тамары Аркадзьеўны Хадасевіч.
Так здарылася, што напярэдадні вайны жыхары вёскі Дагілеўшчына Сенненскага раёна сем’ямі пераехалі ў вёску Кавельшчына Чашніцкага раёна. Пераезд быў звязаны з аб’яднаннем калгасаў. Юнак жыў марамі аб шчаслівым будучым, кахаў аднавяскоўку Анфісу і зусім не думаў, што ўсё зменіцца…

Абараняць Радзіму  дапамагала каханне

Пачалася вайна… Мужчын забіралі на фронт, хлопец яшчэ быў непрызыўнога ўзросту, таму і не трапіў у Чырвоную Армію. Пасля першага цяжкага бою юнакі і падлеткі пачалі збіраць і хаваць зброю, дакументы чырвонаармейцаў. Гэта было летам 1941 года. У час бою згарэў цэнтр вёскі, і жыхары згарэўшых хат перасяліліся ў зямлянкі.
Пачалі ўтварацца партызанскія атрады. У вёску сталі наведвацца чырвонаармейцы, якія былі пакінуты для іх арганізацыі. Юнакі і дзяўчаты сабраную зброю і інфармацыю пра фашыстаў і паліцаяў, што часта наязджалі ў Кавельшчыну, перадавалі партызанам. Здарылася так, што ў снежні 1942 года ў вёску панаехалі фашысты і паліцаі і адабралі моладзь для адпраўкі ў Германію. Тады і Аркадзя з Анфісай забралі ў палон. З вёскі іх пагналі пешшу ў Чашнікі. З гэтай нагоды фатаграфавалі і рыхтавалі на іх дакументы. Бацька Тамары распавядаў, што ахова была несур’ёзная, таму моладзь планавала пабег. А тут яшчэ і партызаны дапамаглі. Так Аркадзь і Анфіса вярнуліся дадому. У той час сям’я Лукашэвіч Анфісы, каханай Аркадзя, мела сувязь з партызанамі, а старэйшая сястра яе, Тамара, знаходзілася ў партызанскім атрадзе Неўскага. Пасля вяртання дадому Анфіса старалася не трапляць ворагам і іх паслугачам на вочы, збірала звесткі пра народнікаў і фашыстаў, перадавала іх у атрад Тамары або Кольку і Лёньку Чорным, якія заязджалі начамі да іх, каб забраць падрыхтаваныя харчы і атрымаць інфармацыю.
У 1943 годзе іх вёску запалілі фашысты ў другі раз. Тады згарэла і хата бацькоў Анфісы, ёй было вельмі шкада дакументаў загінуўшых чырвонаармейцаў, якія яна сабрала пасля першага бою яшчэ ў 1941 годзе, схавала ў бацькоўскай хаце, у страху, каб потым адправіць родным.

Абараняць Радзіму  дапамагала каханне

Аркадзь жа пасля вяртання з палону ў пачатку 1943 года пайшоў у партызаны. Ён быў залічаны ў партызанскі атрад Ваінцеева, а потым Афонькі брыгады Лявонава. Месца знаходжання атрада было ў Старых Лаўках. Вельмі хацелася юнаку весці змаганне з фашыстамі са зброяй у руках. У партызанах ён прабыў па жнівень 1944 года. За гэты час давялося маладому партызану-разведчыку і чыгунку падрываць, і вырывацца з фашысцкага кальца з балот Паліка.
17 жніўня 1944 года Аркадзь папоўніў рады Чырвонай Арміі, служыў у 5-м механізаваным палку стралком 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Ракасоўскага. Дачцэ расказваў пра тое, як вяліся баі. У час наступлення на ворага танкі ішлі ўперадзе, а стралкі беглі следам. Кожны раз – як апошні, ніхто не хаваўся за спінамі аднапалчан. 28 верасня 1944 года быў цяжка паранены каля Рыгі пад час фарсіравання ракі Даўгавы ў Латвіі. Асколкі ад нямецкага кулямёта пасеклі цела салдата. Яму зрабілі ў ваенным шпіталі 4 аперацыі, але ўсе так і не змаглі дастаць.Пасля выздараўлення Аркадзь быў перанапраўлены на фронт. Ён, як і другія яго саслужыўцы, ведалі, што перамога будзе за імі, тым больш, што на малой радзіме было мірнае жыццё і яго чакала тая самая, дзеля якой трэба жыць – яго Анфіса. Бацька Тамары неаднойчы казаў: «Бясстрашна абараняць незалежнасць Радзімы дапамагала каханне…»

Вельмі ўразіў Тамару расказ бацькі, як яны выходзілі з акружэння ля Ушач: «Тата разам са сваім атрадам і жыхарамі суседніх вёсак знаходзіўся ў вогненным кальцы, стаялі не на жыццё, а на смерць, але каб выратавацца з кальца, трэба было глыбокае балота з ледзяной вадой перайсці. Распрануўшыся, тата браў дзяцей і па чарзе пераносіў на другі бераг. Так ён  дапамог многім выратавацца»…

 

Абараняць Радзіму  дапамагала каханне

А. С. Шчарбінскі ўзнагароджаны медалямі «За Перамогу над Германіяй», Жукава, ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Абараняць Радзіму  дапамагала каханне

Гэтыя ўзнагароды, а таксама пасведчанне партызана Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, юбілейныя ўзнагароды, медалі «Ветэран працы», «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» – усе іх і сёння як самае дарагое захоўвае дачка ў сямейнай скарбонцы.

Абараняць Радзіму  дапамагала каханне

Аркадзь, як бачна, і ў мірны час пражыў годнае жыццё: працаваў добрасумленна, разам са сваёй каханкай Анфісай разам былі аж 51 год, нарадзілі двух сыноў і дачку. Ды праз столькі часу вайна дала пра сябе знаць – заварушыліся асколкі, і яго жыццё абарвалася ў 75 гадоў.

Пакуль мы памятаем тыя страшныя падзеі – мы жывём!

Марына МІШУЛКОВА.   

←Для столичной 11-й больницы построят новый корпус

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика