Самыя нечаканыя падарункі асіпаўчан напярэдадні Новага года і Каляд
Святлана Нікалаенка:
— 10 гадоў таму перад Новым годам мяне чакаў проста незвычайны сюрпрыз: даведалася, што стану маці. Муж і старэйшыя дзеці таксама вельмі ўзрадаваліся. Зараз Антону ўжо 9 гадоў, паспяхова вучыцца ў СШ № 1, займаецца спортам. Самае горшае пакаранне для яго — гэта калі мама чымсьці засмучана.
Вольга Дзямчук з матуляй Наталляй Шабетка і сынам Эдуардам:
— Памятаю, як у дзяцінстве раніцай 1 студзеня бегла пад ёлачку, дзе мяне чакалі цацкі і кніжкі. І хоць ужо стала дарослай, апошнія дні года для мяне прасякнуты загадкавасцю і незвычайнасцю. Нядаўна я з сям’ёй перабралася жыць у Польшчу. Зараз прыехалі да матулі, каб разам адзначыць свята. Вельмі люблю дарыць падарункі, набываю іх загадзя. Магу патраціць на гэта цэлы дзень. Абдумваю, што купіць, бо хочацца не проста “выканаць доўг”, а абавязкова парадаваць сваіх блізкіх. Успамінаю, хто чым любіць займацца, што каго цікавіць. Сама таксама з задавальненнем атрымоўваю падарункі. Якое ж свята без іх?!
Валерый Зінавенка:
— Новы год вельмі люблю. Падабаецца, што навокал прыгожа, усё зіхаціць. Сустракаем свята дома. Жонцы дару розныя ласункі. Працую на ЗАТ “Алцімед”. Аднойчы прадпрыемства прыемна парадавала мяне, калі выдзеліла сыну вялікі — кіла-грамаў 5 — падарунак з розных цукерак. Мы ўжо і не чакалі, бо хлопцу на той час споўнілася 18 гадоў.
Марыя Пухальская:
— Для мяне самым каштоўным падарункам стаў мабільны тэлефон, які ўручыў калісьці любімы чалавек. Сваёй чатырохгадовай дачушцы Сафіі дару інтэрактыўныя цацкі. Яна, як і я калісьці, вельмі чакае Новы год, верыць у Дзеда Мароза, з радасцю рыхтавалася і выступала на ранішніку, дзе была лісічкай, дапамагала прыбіраць дамашнюю ялінку.
Лілія Андрэйчанка:
— Зараз у кожнай гандлёвай кропцы можна знайсці шмат розных прысмакаў. А ў пачатку 90-х прылаўкі былі пустымі, і, каб парадаваць дзяцей, трэба было вельмі пастарацца. Вось і мае мама з татам за многа месяцаў да Новага года пачыналі збіраць цукеркі: заказвалі іх усім, хто кудысьці ехаў. Матуліна калега нават з Германіі прывозіла салодкасці. У выніку на Новы год пад ёлкай нас з сястрой Кацяй чакаў вялізны чырвоны мех, пад завязку напоўнены цукеркамі ў прыгожых аб-гортках. Вось гэта быў сапраўдны цуд!
Свайму сыну, калі быў меншы, дарыла розныя канструктары, робатаў, танкі, трансформеры, падрос — флэшкі, а сёлета — паездку ў сталіцу.
Яўгеній Гарбуз:
— Калі мне было дзесьці 7 ці 8 гадоў, вельмі марыў мець уласнага сабаку. І вось напярэдадні Новага года бацькі паехалі ў Бабруйск і прывезлі адтуль каралеўскага пудзеля. Шчасцю не было межаў! І калі мая дачушка дасягнула таго ж узросту, вырашыў зрабіць аналагічны сюрпрыз. Толькі яе гадаванцам стаў ёркшырскі тэр’ер.
Арцём Рубанік, Алег Смоляр:
— Ніякіх асаблівых падарункаў не робім. Самі штосьці атрымоўвалі ў дзяцінстве: цукеркі, мандарыны. А яшчэ мабільны тэлефон.
Бадай, кожны згодзіцца, што дарыць падарункі не менш прыемна, чым іх атрымоўваць. І не абавязкова родным і знаёмым. Даводзілася чуць гісторыі, як адзін дзівак кідаў у паштовыя скрыні зусім незнаёмых людзей віншавальныя паштоўкі і сувеніры, яшчэ адзін чытач расказваў, як, апрануўшыся ў футра Дзеда Мароза, вітаў чужых дзяцей і ўручаў ім шакаладкі. Фантазіі няма межаў. Галоўнае — каб былі добрая душа і чулае сэрца.