Божае Нараджэнне з’яўляецца момантам удзячнасці Богу Айцу, які паслаў у свет Свайго Сына. Але дзеля чаго Езус зышоў на зямлю? Ён прыйшоў менавіта дзеля таго, каб збавіць (уратаваць) чалавека ад граху, каб прынесці надзею на лепшае жыццё тут, на зямлі, а перад усім вярнуць магчымасць правесці вечнасць у небе.
Кожны з нас змагаецца са сваімі слабасцямі, залежнасцямі, клопатамі, цяжкасцямі. І дзе шукаць дапамогі і ратунку? У асобе Езуса Хрыста як Збаўцы. У Евангеллі паводле Лукі можна прачытаць: “Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19,10).
Няхай сёлятняе святкаванне Божага Нараджэння дапаможа кожнаму з нас убачыць тыя няпростыя моманты, сферы, сітуацыі майго жыцця, дзе мне найбольш цяжка, дзе я сам не даю рады. Але дзеля чаго? Каб запрасіць у іх Езуса, які прыходзіць як Збаўца, які хоча прынесці мне палёгку, радасць і надзею, які хоча даць мне лепшую будучыню. Няхай кожны з нас адчуе досвед збаўлення (уратавання)!
Няхай Нованароджаны Хрыстус напаўняе кожнае сэрца Сваім супакоем!
Са святам Божага Нараджэння!
кс. Павел Падмышанін МІС
пробашч парафіі Нараджэння НПМ у г. Барысаве