26 лістапада старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў наведаў калектыў Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Сустрэча прайшла ў фармаце дыялога. Падчас размовы закранулі як актуальныя тэмы ў жыцці раёна і краіны, так і надзённыя пытанні прысутных. Гаварылі пра запланаванае ў хуткім часе падняцце заробкаў медыкаў, пра дэмаграфічную сітуацыю на Карэліччыне, дзе апошнія месяцы абазначылася, хоць невялікая, але пазітыўная дынаміка ў суадносінах нараджальнасці і смяротнасці, пра ўнутраную міграцыю і замацаванне маладых спецыялістаў у раёне.
Асобна спыніліся на тэме размеркавання сродкаў бюджэта. “У гэтым пытанні мы заўжды адштурхоўваемся ад інтарэсаў нашых жыхароў. Гэта, у першую чаргу, своечасовая выплата зарабатнай платы, набыццё льготных медыкаментаў і іншыя артыкулы выдаткаў, ад якіх залежыць належны ўзровень жыцця і здароўе нашых людзей”, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Зайшла гаворка і пра дарожны падатак, механізм збору якога ў Беларусі з наступнага году плануецца змяніць. На дадзены момант абмяркоўваецца варыянт плаціць яго памесячна. Напрыклад, калі чалавек ездзіць на аўтамабілі ў ліпені, а ў студзені – не, то падатак ён плаціць толькі за ліпень.
Паралельна ў прысутных узнікла пытанне наконт рамонту пад’язной дарогі да Райцаўскай амбулаторыі, якое было ўзята Аляксандрам Шкадавым пад кантроль. “Карэліцкі раён – як вялікая сям’я, дзе мы імкнемся выслухаць чалавека, разабрацца ў яго сітуацыі і дапамагчы”, – падвёў вынік сустрэчы Аляксандр Шкадаў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара