Аб тым як падрыхтаваліся навучальныя ўстановы Глушчыны да новага навучальнага года расказвае начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святлана Лісіца

Источник материала:  

Аб тым як падрыхтаваліся навучальныя ўстановы Глушчыны да новага навучальнага года расказвае начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святлана Лісіца

Сёння праходзіць традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя. Няма сумнення, што яна будзе змястоўнай і пры гэтым, як заўсёды, цікавай, прыгожай, урачыстай імпрэзай. Напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з начальнікам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святланай ЛІСІЦАЙ і папрасілі яе расказаць пра тое, як педагогі, школы і ўсе ўстановы адукацыі падрыхтаваліся да новага навучальнага года, што зроблена і што плануецца.

— У самым пачатку хачу сказаць, што для нас, як і для нашых дзяцей, школьнікаў, лета прайшло вельмі хутка, нават і не ўгледзелі, а ўжо верасень на парозе, — пачала размову Святлана Мікалаеўна. — Але мы, увесь педагагічны атрад раёна, з нецярпеннем чакаем сустрэчы з нашымі вучнямі і выхаванцамі. Урачыстыя лінейкі  ў раёне, як і па ўсёй краіне, пройдуць 2 верасня. Я пераканана, што ўсе нашы школы добра падрыхтаваліся да іх і створаць атмасферу сапраўднага свята, радасці, весялосці — з віншаваннямі, пажаданнямі, песнямі. Школы ў гэты дзень наведаюць госці — прадстаўнікі мясцовай улады, шэфы, а значыць, не абыдзецца без падарункаў. Тэмай першага ўрока сяголета паслужыць радок з верша Янкі Купалы: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!».

— Як установы адукацыі падрыхтаваліся да новага навучальнага года?

— Адразу зазначу, што ў падрыхтоўцы ўстаноў да навучальнага года ўдзельнічалі ўсе, хто мае дачыненне да адукацыйнага працэсу: педагагічныя работнікі, супрацоўнікі аддзела, самі школьнікі, іх бацькі і нават работнікі прадпрыемстваў-шэфаў. Як мы гаварылі раней і як пісала ўжо раённая газета, за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў нашым раёне праведзены капітальны рамонт і рэканструкцыя гімназіі Глуска, кошт праекта — 2 250 000 рублёў. Зараз аб’яўлена працэдура закупкі будаўніча-мантажных работ на капітальны рамонт  і мадэрнізацыю школы № 2.

Мясцовым бюджэтам на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да гэтага навучальнага года выдзелена 400 000 рублёў. На гэтыя сродкі ўстаноўлена і пафарбавана новая агароджа вакол гімназіі і дзіцячага сада № 4, свежай фарбай абнавілі агароджу вакол школ № 1 і № 2. Зроблены частковы рамонт мяккага даха СШ № 1 і дзетсада № 4, у дзетсадах № 3 і № 4 заменены аконныя блокі, вядзецца ўкладка асфальту ў школе № 1, у дзетсадах № 3 і № 4.  За сродкі раённага бюджэту закуплена тэхналагічнае абсталяванне і мэбля для сталовай гімназіі, набыты тры параканвектары для харчаблокаў гімназіі, СШ № 1 і дзетсада № 4. Што да бягучых рамонтаў, то яны зроблены ва ўсіх установах адукацыі — паклеены класы, пафарбаваны калідоры, сталовыя, спартзалы, абноўлена мэбля. На падрыхтоўку да навучальнага года было патрачана 43 540 рублёў пазабюджэтных сродкаў. Праведзены неабходныя падрыхтоўчыя работы да пачатку ацяпляльнага сезона — пашпарты гатоўнасці ўстаноў да асенне-зімовага перыяду падпісаны ў поўным аб’ёме. Не забываем мы і пра бяспеку дзяцей — нашы ўстановы адукацыі абсталяваны сістэмамі аўтаномнай пажарнай сігналізацыі.

— Скажыце колькі слоў пра тое, як будуць працаваць установы адукацыі.

— Найперш лічу патрэбным сказаць, што ў гэтым навучальным годзе ў школах і дзіцячых садках будзе вучыцца і выхоўвацца больш за 1900 дзяцей. Для 257 хлопчыкаў і дзяўчынак з 21 населенага пункта будзе арганізаваны падвоз у 9 устаноў адукацыі і назад. Для гэтага ў нас ёсць 9 школьных аўтобусаў, маецца спецыяльны транспарт для падвозу навучэнцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У нашых школах мы прадоўжым працаваць з профільным навучаннем: на базе гімназіі і СШ № 2 плануецца адкрыццё педагагічных груп, аграрная група прадоўжыць работу ў Заеліцкім НПК. Летась для 10-класнікаў, што вывучаюць прадметы на базавым узроўні, мы ўвялі шэсць гадзін працоўнага навучання і такім чынам рэалізоўвалі праграму прафесійнай падрыхтоўкі. На базе гімназіі і СШ № 2 прафесіі швачкі вучыліся 18 дзяўчат, прафесіі цесляра — 16 юнакоў. У гэтым годзе яны прадоўжаць сваё навучанне і потым здадуць кваліфікацыйны экзамен з атрыманнем разраду па выбранай прафесіі. Варта яшчэ сказаць пра работу з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў сваім развіцці, такіх, згодна з нашымі данымі, у раёне 372, з іх 72 маюць інваліднасць. Адукацыя дзяцей гэтай катэгорыі праводзіцца ў 8 пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, 6 групах і 6 класах інтэграванага навучання і выхавання, 12 спецыяльных класах і 3 спецыяльных групах. Плануецца адкрыць спецыяльную групу ў дзетсадзе № 1, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ў Калаціцкім дзетсадзе і клас інтэграванага навучання і выхавання ў СШ № 1. Акрамя таго, у Веснаўскім доме-інтэрнаце будуць працаваць 10 спецыяльных класаў для 48 дзяцей і дашкольная група для 4 дзяцей.

Фізкультурна-аздараўленчай работай з дзецьмі і падлеткамі па месцы жыхарства і з дарослым насельніцтвам займаецца фізкультурна-спартыўны клуб. Там дзейнічаюць групы атлетычнай гімнастыкі, таэквандо, настольнага тэніса, футбола, валейбола і фізкультурна-аздараўленчыя групы. Дзіцяча-юнацкая спартшкола накіравана на падрыхтоўку спартыўнага рэзерву, яна спецыялізуецца на гандболе, баскетболе і дзюдо. Дарэчы, на падрыхтоўку спартыўных устаноў сяголета з раённага бюджэту пайшло 87 900 рублёў.

Абавязкова трэба сказаць пра работу нашага Цэнтра творчасці, тут працуюць над фарміраваннем і развіццём творчых здольнасцей дзяцей. Як і раней, сяголета будуць дзейнічаць аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, спартыўна-тэхнічнага, турысцка-краязнаўчага, фізкультурна-спартыўнага профіляў, прычым як на базе самога Цэнтра творчасці, так і на базе гарадскіх і сельскіх школ.

— Ну і вельмі важна, хто працуе з нашымі дзецьмі, сее ў іх сэрцах і галовах добрае і разумнае. Што ўяўляе з сябе педагагічны атрад раёна, ці хапае спецыялістаў?

— У цэлым раённая адукацыйная сістэма валодае дастатковым прафесійным узроўнем кваліфікаваных кадраў. Мяркуйце самі: з 326 педагагічных работнікаў 88 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, у 76 працэнтаў педагогаў і выхавацеляў вышэйшая і першая кваліфікацыйныя катэгорыі, адзін педагог мае катэгорыю настаўніка-метадыста. Разам з гэтым ва ўстановах адукацыі адчуваецца кадравы дэфіцыт настаўнікаў замежнай мовы і педагогаў-дэфектолагаў. Праблему нам часткова дапамагаюць вырашаць настаўнікі-пенсіянеры, і за гэта ім вялікі дзякуй. А яшчэ мы прапануем педагогам прафесійную перападрыхтоўку па запатрабаваных спецыяльнасцях: зараз яе праходзяць 4 чалавекі — па інтэграваным навучанні і выхаванні ў дашкольнай адукацыі і па сацыяльнай педагогіцы. Працуем і над павышэннем кваліфікацыі нашых кадраў: летась на курсах адвучыліся 92 педагогі. У гэтым годзе да нас у раён па размеркаванні прыехала 7 маладых спецыялістаў: тры настаўнікі гісторыі, два фізрукі, выхавацель і псіхолаг. Яны ўжо прыступілі да працы, але ўрачыстае знаёмства з вялікай настаўніцкай сям’ёй па традыцыі пройдзе на педканферэнцыі.

А зараз я шчыра віншую ўсю педагагічную суполку раёна, работнікаў устаноў адукацыі, вучняў і іх бацькоў з пачаткам новага навучальнага года. Пажаданні мае простыя і ад душы: моцнага ўсім здароўя, натхнення, бадзёрасці, аптымізму і добрага настрою.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ

 (оригинал новости)
←Последний день лета. Погода в Гродно в выходные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика