27 жніўня ў Століне прайшла традыцыйная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў “Сучасны стан і перспектывы развіцця адукацыі Столінскага раёна: новыя падыходы для дасягнення эфектыўных вынікаў”.
Удзельнікаў і гасцей мерапрыемства сустракалі выстаўкі прыкладнога мастацтва, беларускіх нацыянальных страў, напрацовак перадавога вопыту.
У рамках нарады праводзілася акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Удзельнікам нарады прапаноўвалі прачытаць радкі з твораў паэтаў і пісьменнікаў Століншчыны. Назіралася актыўнасць каля месца правя-дзення акцыі.
Адкрыў мерапрыемства начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Вячорка, які прапанаваў весці канферэнцыю ў выглядзе гутаркі і сам вёў размову без традыцыйнага даклада.
Напачатку ён згадаў пра важнасць педагагічнай працы і ролю настаўніка-прафесіянала ў жыцці кожнага.
– У мяне на рабочым стале камп’ютара знаходзіцца відэа ад Героя Сацыялістычнай працы Надзеі Іванаўны Кавалец. І калі становіцца цяжка, калі здаецца, што выхаду няма, я яго адкрываю і гляджу. Гэтыя некалькі мінут натхняюць і даюць надзею. І знаходзіцца выйсце з самай складанай сітуацыі, – адзначыў начальнік аддзела па адукацыі.
Далей размова пайшла пра работу сістэмы адукацыі. На Століншчыне ўстойліва функцыяніруюць 82 установы. Але па некалькіх з іх сітуацыя даволі складаная – будуць вучыцца ў некаторых класах па аднаму-два чалавекі. А гэта для педагогаў пераход у новы рэжым работы.
Ахоп дашкольным выхаваннем дзетак на Століншчыне значна павялічыўся. Але таксама ёсць праблемы па некаторых населеных пунктах. Патрэбна даносіць бацькам, рабіць усё магчымае, каб кожнае дзіця наведвала дзіцячы сад хаця б з пяці гадоў.
Дашкольныя ўстановы павінны займацца не толькі выхаваннем, а і захаваннем здароўя дзяцей, прывіваць ім карысныя звычкі. Паказчык пропускаў з прычыны хваробы даволі высокі. І тут работнікам дзіцячых садоў патрэбна працаваць у згодзе з медыцынскімі работнікамі, каб максімальна папярэджваць захворванні асабліва ў час сезонных эпідэмій.
З году ў год павялічваецца колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Гэтыя павышэнні дазваляюць настаўнікам выйсці на новы ўзровень не толькі выкладання, а і аплаты працы. У нас у раёне два настаўнікі-метадысты. Гэта дырэктар СШ № 2 г. Століна Ала Лазіцкая і настаўніца пачатковых класаў Рубельскай СШ Вольга Котка. Яшчэ ёсць рэзерв для павелічэння такіх спецыялістаў.
Што б ні гаварылі пра важнасць ведаў і абясцэньванне балаў, але балы – гэта пацвярджэнне ведаў, іх адзнака. Таму патрэбна імкнуцца даваць якасныя веды, якія будуць абавязкова адзначаны высокімі баламі на тым жа цэнтралізаваным тэсціраванні.
Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання палепшыліся сёлета. Стабільна ў раёне ёсць 100-бальнікі. Сёлета гэта выпускнік гімназіі Максім Шэпка. Многім іншым выпускнікам не хапіла літаральна па некалькі балаў, каб дасягнуць максімуму.
Вынікі навучання – гэта і сярэдні бал, і колькасць медалістаў, і перамогі ў алімпіядах, і творчых конкурсах. Дарэчы, з кожным годам, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, колькасць не толькі ўдзельнікаў, а і пераможцаў конкурсаў рознага напрамку павялічваецца. У мінулым навучальным годзе толькі ў конкурсах па выхаваўчым напрамку на абласным і рэспубліканскім узроўнях вучні атрымалі 69 дыпломаў.
Спыніўся Аляксандр Мікалаевіч на падрыхтоўцы кадраў:
– У хуткім часе кожная ўстанова сама будзе шукаць сабе кадры. Таму патрэбна загадзя думаць пра гэта, рыхтуючы сваіх жа выпускнікоў. Вельмі прыемна, што з году ў год былыя выпускнікі Гараднянскага НПК яслі-сад СШ прыязджаюць да нас настаўнікамі фізікі, матэматыкі. І так павінна рабіць кожная ўстанова. Ніхто нам не дасць спецыялістаў, калі мы самі не зробім зачын на будучыню.
Гэта ж тычыцца і падрыхтоўкі да алімпіяд. Патрэбна рыхтаваць сваіх педагогаў, якія будуць мэтанакіравана працаваць з вучнямі па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. Ёсць такія настаўнікі, якія з году ў год даюць пераможцаў. І тое, што на базе гімназіі сёлета стварылі профільны лагер па падрыхтоўцы да алімпіяд – гэта адна з прыступак вялікай работы. І яна будзе працягвацца.
З кожным вучнем павінна весціся індывідуальная работа. Да кожнага павінен быць падыход, каб раскрыць чалавека, даць яму неабходныя веды. Тут на дапамогу прыйдуць стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, факультатывы.
На заключэнне Аляксандр Вячорка падзякаваў за работу, за павышэнне ўзроўню ведаў, зрухі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, вынікі паступлення.
– Мы бачым дынаміку развіцця. І гэта радуе. На жаль, ёсць тыя, хто застаўся яшчэ ў 90-х. І тут патрэбна падцягвацца, павялічыць тэмпы, каб дасягнуць добрага выніку, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.
Педагогі-практыкі дзяліліся сваімі напрацоўкамі. Было прыемна слухаць пра выкладанне цудоўнай беларускай мовы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій у практыцы работы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 аг. Альшаны Аляксандры Раловай.
Змястоўным і насычаным актуальнасцю ведаў па эканамічнай культуры было выступленне дырэктара Хатомельскай СШ Іны Мазоль. Школа працуе па праграме “Школьная бізнес-кампанія”. Важнасць гэтай работы пацвердзілі выступленні выпускнікоў гэтага года, якія звязалі сваё жыццё з эканамічнымі спецыяльнасцямі.
Настаўніца пачатковых класаў Плотніцкай СШ Надзея Мазан падзялілася вопытам вядзення праекта “Школа – тэрыторыя здароўя”. Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага дзіцячага садка Святлана Ляшкевіч – пра выхаванне патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту праз любоў да малой радзімы. Цікава было паслухаць вопыт маладога педагога Наталлі Пашкевіч са Стружскай СШ.
Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі пачаў сваю прамову з падзякі кіраўніцтву ўстаноў адукацыі, якія змаглі падрыхтаваць школы, дзіцячыя садкі да пачатку навучальнага года, прыцягнулі бацькоўскую і спонсарскую дапамогу.
– Так, ёсць добрыя вынікі. Парадавалі апошнія звесткі пра тое, што наша гімназія стала трэцяй ў вобласці па выніках ЦТ, вылучылася сярод лепшых у рэспубліцы. Ёсць у нас 100-бальнік, але мы не павінны спыняцца на гэтым, бо з 19 раёнаў Брэстчыны наш па выніках ЦТ знаходзіцца на 14 месцы.
Старшыня адзначыў, што патрэбна больш пільна аднесціся да тых 8,5 працэнта выпускнікоў, якія нікуды не пайшлі вучыцца. Зараз яшчэ працягваюцца наборы на атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі. І важна, каб выпускнікі знайшлі сябе, а не сядзелі без справы.
Таксама Рыгор Васільевіч прапанаваў увесці рэйтынг устаноў па катэгорыях, званнях педагогаў. Каб быў стымул імкнуцца ў лепшыя. Бо чым вышэйшая катэгорыя настаўніка, тым лепшыя паслугі ён можа аказаць.
Пасля старшыня ўзнагародзіў граматамі Столінскага райвыканкама лепшых педагогаў. Таксама Ганаровыя граматы работнікі сістэмы адукацыі атрымалі ад старшыні Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксандра Ярашэвіча, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Цупа, старшыні Столінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіла Карплюка.
Шчымлівым стаў момант адпраўкі на заслужаны адпачынак дырэктара Харомскага НПК ясляў-сада СШ Мікалая Аркадзьевіча Цеслюка. 41 год свайго жыцця аддаў педагог рабоце ў сістэме адукацыі. З іх 33 працаваў на пасадзе дырэктара гэтай установы.
На працягу канферэнцыі гучалі музычныя нумары ў выкананні вучняў і педагогаў СШ № 2 г. Століна, Столінскай гімназіі, Стружскай СШ.
Канферэнцыя завершана. Педагогі з новымі сіламі, напрамкамі работы накіраваліся па сваіх установах, каб ужо 2 верасня пачаць заняткі ва ўсіх школах раёна.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара
Дынаміка ёсць, але расці патрэбна хутчэй
30.08.2019
—
Новости Общества