Накануне 1 сентября семья Столяровых приехала в Обольский детский приют с подарками
27.08.2019
—
Новости Общества
Падарыць дзецям з Обальскага дзіцячага прытулка ўсмешкі і радасць стала магчымым дзякуючы дабрачыннай акцыі “Чужых дзяцей не бывае”, якую арганізавала індывідуальны прадпрымальнік з Шуміліна Святлана Сталярова і яе муж Канстанцін.
Зараз у прытулку знаходзіцца 17 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 17 год. Гэта цудоўныя дзеці, якія ўмеюць весяліцца і ўсміхацца, якія цэняць увагу і клопат.
Спачатку Святлана патэлефанавала ў прытулак і даведалася, чым канкрэтна трэба дапамагчы, пасля расклеіла аб’явы на вуліцах, расказала пра акцыю сваім сябрам і знаёмым, праз сацыяльныя сеткі “УКантакце” і “Аднакласнікі” кінула кліч на збор неабходных сродкаў. На просьбу адгукнуліся нераўнадушныя жыхары Шуміліна і раёна.
Дзеці былі рады прыезду сям’і Сталяровых, якія з’яўляюцца пастаяннымі сябрамі прытулка, і запрасілі іх на салодкі стол. За размовай, з гарачым чаем і смачным тортам, час праляцеў хутка.
– Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто працягнуў руку дапамогі, – падзякавала дырэктар СПЦ Юлія Уласевіч.
Машына падарункаў, цацак, адзення і абутку, прадметаў асабістай гігіены і канцылярскіх тавараў дабралася да дзіцячага прытулка на мінулым тыдні. Акцыя не закончылася. Святлана і Канстанцін Сталяровы працягваюць збіраць рэчы, каб 1 верасня дзеці з Обальскага прытулка сустрэлі ў поў-най гатоўнасці.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2019 г.