СТАРЫ КАМБАЙН ЗАГОНКІ НЕ ПСУЕ, калі ён у надзейных руках дбайнага механізатара

Источник материала:  

Дырэктар ААТ “Міраполле” Алег Кучынскі ахарактарызаваў Андрэя Сахарава як спецыяліста найвышэйшага ўзроўню, выключна працавітага, руплівага работніка і дбайнага гаспадара.
– Сёлета Андрэй Іванавіч вывеў “ДОН-1500” на хлебную ніву гаспадаркі ўжо шаснаццаты раз, тым не менш камбайн працуе ў руках дбайнага механізатара безадказна, таму што ў зімовы час ён сваімі рукамі, можна сказаць, поўнасцю перабраў яго, замяніў усе не толькі сапсаваныя, але і падазроныя вузлы і агрэгаты, – паведаміў Алег Уладзіміравіч. – За ім замацаваны яшчэ і імпартны кормаўборачны камбайн “Джон Дзір”, на якім механізатар, дзякуючы стараннай працы, таксама дабіваецца высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў і не адзін раз выходзіў пераможцам працоўнага саперніцтва сярод механізатараў не толькі па гаспадарцы, але і ў раёне.
Як адзначыў кіраўнік, згодна з распрацаванымі ў гаспадарцы ўмовамі аплаты працы камбайнераў, з мэтай стымулявання іх высокапрадукцыйнай работы, штодзённа лепшаму механізатару, які заняў першае месца, акрамя асноўнага заробку, выдаецца грашовая прэмія ў памеры 20 рублёў. Дык вось Андрэй Сахараў з 20 дзён жніва 16 разоў займаў першае месца і атрымліваў заслужаныя прэміяльныя. А за дасягненне намалоту ў тысячу тон яму ўручаны яшчэ і каштоўны падарунак – дыван коштам 680 рублёў. Апроч гэтага, ён з’яўляецца адным з рэальных прэтэндэнтаў на атрыманне адной з двух бясплатных пуцёвак у санаторый, вызначаных для камбайнераў, якія зоймуць два першыя месцы па выніках уборачнай кампаніі. Адна пуцёўка будзе аплачана за кошт гаспадаркі, а другая – набыта на сродкі прафсаюзнага камітэта.
Любоў да зямлі-карміцелькі, выключная працавітасць і дбайныя адносіны да тэхнікі, па ўсім відаць, перадаліся Андрэю з генамі ад яго бацькі Івана Іванавіча, які ўсё сваё свядомае жыццё працаваў механізатарам у адной з гаспадарак на Талачыншчыне. З маленства ён радаваўся працоўным поспехам бацькі, з цікавасцю разглядаў атрыманыя ім за працу падзякі і граматы і ганарыўся тым, што ў мясцовай школе на самым бачным месцы была змешчана інфармацыя пра бацьку як аднаго з лепшых працаўнікоў. А калі вучыўся ў старэйшых класах і бацька ўлетку садзіўся за штурвал камбайна, то працаваў на ўборцы збажыны разам з ім у якасці памочніка камбайнера. Таму з выбарам будучай прафесіі юнак вызначыўся канчаткова і беспаваротна яшчэ да заканчэння школы. І цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з работай на зямлі.
Свае ўзнагароды за працоўныя поспехі – стужкі пераможцы спаборніцтва, па-дзячныя пісьмы і граматы – Андрэй Сахараў цэніць і беражліва захоўвае як матэрыяльныя каштоўнасці на бачным месцы. Каб сыны, як і ён сам у дзяцінстве, бралі прыклад з бацькі і імкнуліся быць у ліку першых. Дарэчы, старэйшы сын Максім кожны вечар пытаўся, ці хутка будзе намалочана тысяча тон збожжа. А калі такі рубеж быў узяты, то быў вельмі рады і па-даросламу, поціскам рукі, павіншаваў бацьку з працоўнай перамогай. За гэту перамогу старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Халява ўручыў перадавому камбайнеру каштоўны падарунак і грашовы сертыфікат.
Між іншым, прыклад Андрэя Сахарава апярэдзіць па намалотах калег-механізатараў, якія працуюць на навейшых і больш прадукцыйных камбайнах, не з’яўляецца выключэннем у раёне. Механізатар ААТ “Зембінскі” Віталь Богдан сёлета сямнаццаты сезон убірае збажыну на камбайне “Ліда-1300” і таксама дабіваецца добрых паказчыкаў. І хаця з-за нізкай ураджайнасці па гаспадарцы Віталю Віктаравічу не ўдасца намалаціць тысячу тон, тым не менш за адданасць хлебаробскай справе, – а працуе камбайнерам механізатар 33 гады, – і высокі прафесіяналізм ён атрымаў з рук старшыні Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Міхаіла Боды Падзячнае пісьмо, грашовы прыз і каштоўны падарунак (майку і бейсболку).
Такія ж узнагароды ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Тарасавіч уручыў у той дзень повару сталовай ААТ “Зембінскі” Марыі Шыла, загадчыцы збожжатока, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі абасобленага сельскагаспадарчага пад-раздзялення – філіяла “Ніўкі” ААТ “Папяровая фабрыка” Дзяржзнака Святлане Баўтрук, камбайнеру, памочніку камбайнера і вадзіцелю гэтага сельгас-
прадпрыемства Мікалаю Ігнатовічу, Віталю Конану і Аляксандру Гармазе, якія пераадолелі рубеж у тысячу тон па намалоту і перавозцы зерня ад камбайнаў адпаведна.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

←«Прямая телефонная линия»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика