Пра паэзію мовім мы слова…

Источник материала:  

Пра паэзію  мовім мы слова…

Імя Уладзіміра Руля, паэта і краязнаўца з Начы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядома многім землякам. На старонках раённага выдання яны знаёміліся з артыкуламі пісьменніка пра гістарычных постацей, лёс якіх цесна пераплёўся з мясцовасцю, дзе ён жыве. У “Літаратурнай старонцы” шырокай аўдыторыі прадстаўлена яго творчае багацце. Напярэдадні свята беларускага пісьменства, якое будзем хутка адзначаць і гонар прымаць шматлікіх гасцей якога выпаў Гродзеншчыне, гутарым з Уладзімірам Валяр’янавічам пра пройдзены ім шлях да паэзіі, над чым працуе сёння.

— Калі адчулі ў сабе творчы агеньчык?

— Скажу шчыра, увесь час быў творчым чалавекам. Памятаю, як з дзедам пасвіў кароў і спяваў, сам на тое не зважаючы. Пасля дзядуля казаў майму бацьку: “Валерак, а твой Вова спяваў сёння цэлы дзень”. Не пакідаў гэтую справу для душы і далей. Памятаю, калі быў студэнтам, падрыхтуюся да заняткаў, бачу — адзін у аўдыторыі, і спяваю тры-чатыры гадзіны. А першы верш напісаў школьнікам — вучыўся ў Першамайскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна.

Адкуль вытокі творчасці? Сфармуляваць не магу да гэтага часу. Думаю, раз ёсць натхненне, значыць, была крыніца, якая дазволіла пісаць вершы. Больш сур’ёзныя творы з’явіліся ў сталым узросце.


Пра паэзію  мовім мы слова…

— Наколькі мне вядома, першыя Вашы вершы ўбачылі свет у мясцовым і рэспубліканскім выданнях у 2000-х гадах…

— Сапраўды. У 2004 годзе рашыўся на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Серебряные строки”, аб’яўлены газетай “Беларуская ніва”. Стаў яго лаўрэатам, а дасланыя радкі былі надрукаваны. Тады мяне заўважыў сам старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Карызна. Дарэчы, ён пазней даў адну з трох рэкамендацый для майго ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Атрымаўшы добрую адзнаку, падумаў: раз мяне заўважыў прафесіянал такога ўзроўню, значыць, мае вершы маюць пэўную мастацкую, магчыма, і грамадзянскую каштоўнасць. Гэта, несумненна, і стала штуршком да выдання праз два гады зборніка вершаў “На зорных шалях вечнасці”. За яго атрымаў дыплом першай ступені на рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Уласна кажучы, гэтая кніга — асарці, што і падкрэсліла ў анатацыі да яе старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Кебіч. Зборнік складаецца з лірыкі, патэтыкі, альбомных прысвячэнняў і паэмы “Мой род”, якую прафесіяналы практычна аднеслі да коласаўскай паэмнасці.

— Уладзімір Валяр’янавіч, што Вы адчулі, калі ўзялі ў рукі сваю першую кнігу?

— Безумоўна, радасць. Але не касмічнага ўзроўню, таму што мне было не сямнаццаць, нават не дваццаць пяць год. Было, напэўна, разуменне таго, што яна не асноўная. Асноўная з’явілася пазней — кніга “Пра Нарбутаў моўлю я слова…” Лічу, гэта сур’ёзная рэч, неабходная ў выхаванні мясцовай моладзі. Хаця маладыя людзі падобнага роду рэчамі, асабліва ў апошні час, не надта цікавяцца. Разам з тым, можа, хто-небудзь з іх загляне ў зборнік і стане ганарыцца сваёй малой радзімай.


Пра паэзію  мовім мы слова…

— Кнігай “Пра Нарбутаў моўлю я слова…” Вы, безумоўна, заявілі аб сабе як аб краязнаўцу. Былі і артыкулы ў раённым выданні пра Тэадора Осціка-Нарбута, Вандаліна Шукевіча…

— Так. Дзякуючы супрацоўнікам рэдакцыі “Воранаўскай газеты” з’явіўся шэраг маіх артыкулаў пра навукоўцаў з нашых мясцін. Маю смеласць называць іх сваімі землякамі, хоць родам з вёскі Матылі Шчучынскага раёна. Бо калісьці мой прадзед жыў разам з імі ў адной тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінцы — тады Лідскім павеце Віленскай або Гродзенскай губерні.

У Начы я з 1980 года. Прыехаў у якасці сакратара партыйнай арганізацыі калгаса “Светлы шлях” (сёння — КСУП “Доцішкі”). Адпрацаваўшы, вырашыў завочна скончыць педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Горкага ў Мінску. Стаў настаўнікам гісторыі, пасля чаго ўсё і закруцілася. На мяне як на творчага чалавека вельмі ўздзейнічала тое, што выпала шчасце жыць у мясцінах, адкуль родам карыфеі гісторыі, археалогіі — Тэадор Осцік-Нарбут і Вандалін Шукевіч, сказаць услых пра іх навуковыя подзвігі. Менавіта так расцэньваю іх дзейнасць. Як толькі ўзяўся за працу, адчуў: мяне са знакамітымі землякамі звязалі нейкія нябачныя ніткі.

Назваць сябе прафесіяналам у краязнаўчай справе не магу. Таму за патрэбнай інфармацыяй звярнуўся да навукоўцаў — для працы ж у архівах не было сродкаў. Дзякуй ім — Аляксею Ненадаўцу з Бабруйска, Аляксею Пяткевічу з Гродна, Марыі-Магдалене Бламберговай з Польшчы і многім іншым — за тое, што дапамаглі неабходнымі матэрыяламі. Я сістэматызаваў іх так, як разумеў.

Што тычыцца маёй кнігі “Пра Нарбутаў моўлю я слова…”, яна не строга навуковая. Гэта найперш паэтычны зборнік, у якім, акрамя Нарбутаў, пісаў і пра наччан: археолага, этнографа, публіцыста, члена-карэспандэнта Кракаўскай акадэміі навук Вандаліна Шукевіча, мастака Пятра Урублеўскага.

— Хто, акрамя гістарычных постацей, натхняе Вас на творчасць?

— Я, відаць, не буду арыгінальным, калі скажу, што, апроч жонкі, у свеце ёсць многа сімпатычных, вартых увагі жанчын. Глядзіш — ідзе прыгажуня, і ад сузірання нешта застаецца ў галаве, сэрцы. Удзячны жонцы за тое, што яна вельмі вытрыманы чалавек, бо, канешне ж, мала прыемнага, калі муж-творца ўхваляе нейкую іншую жанчыну. Але што зробіш? Такая творчая натура… Ні я першы, ні я апошні.

— Уладзімір Валяр’янавіч, Вы аўтар трох кніг. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі творчымі планамі.

— На святкаванні майго 60-годдзя ў Воранаве пахваліўся, што будзе выдадзена каля дзесяці кніг. Да гэтай мэты і крочу. Ідзе праца над стварэннем двух макетаў новых зборнікаў. Сам не валодаю камп’ютарам (лічу недаравальнай тратай часу для творцы і вяскоўца сядзець у інтэрнэце), але маю добрага памочніка — старэйшага сына. Ён друкуе мае вершы, дасылае па электронцы ў рэдакцыі газет, ён жа дапамагае ў стварэнні вышэйзгаданых макетаў. Калі з’явіцца патрэба ва ўласным сайце, таксама буду спадзявацца на яго дапамогу.

Планую выдаць рускамоўны зборнік “Под знаком Девы” з падзагалоўкам “Посвящения. Басни. И просто стихи”, кнігу “За крок да песні” з 55-цю тэкстамі песень. Дарэчы, на мае словы музыку напісалі гродзенскія кампазітары Генадзь Кебіч і Валерый Кручкоў, варанаўчанін Аляксандр Мацюк. Сумесная праца з апошнім дэбютавала на вышэйузгаданым творчым юбілейным вечары — песню “Белая вьюга” выдатна выканала Святлана Комар. Ужо ішла размова і пра тое, што адзін са сталічных кампазітараў быццам узяўся напісаць музыку на верш пра пагранічнікаў.

На жаль, не хапае здымкаў да трэцяй кнігі “Сем нябёс Хафеца Хаіма”. З дзесяццю фота тытульных лістоў яго кніг дапамаглі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі. Яшчэ неабходны здымкі астатніх адзінаццаці прац радунскага філосафа, а таксама кібуца (сельскагаспадарчай камуны), ешываў і сінагог яго імя, што знаходзяцца ў Ізраілі і іншых краінах свету. Калі здабуду фота, змагу ісці да выдаўцоў.

Затым буду працаваць і над чацвёртай кнігай, у якую ўключу здабыткі апошніх гадоў — тыя творы, што былі надрукаваны ў нашай раённай і іншых газетах.


Пра паэзію  мовім мы слова…

— Уладзімір Валяр’янавіч, ведаю, што Вы актыўна супрацоўнічаеце са школамі раёна, выступаеце перад навучэнцамі, сустракаецеся ў бібліятэках са сваімі чытачамі, а таксама прымаеце ўдзел у маштабных культурных падзеях. Пабывалі ў Шчучыне, Рагачове падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. Якія ўражанні засталіся ў Вас ад літаратурных фэстаў і што чакаеце ад свята ў Слоніме?

— Атрымаў толькі станоўчыя эмоцыі. Вельмі рады, што наша ўлада надае вялікую ўвагу творчай дзейнасці, у прыватнасці пісьменніцкай арганізацыі, што ўвогуле ладзяцца такога кшталту мерапрыемствы. Што ў цэнтры ўвагі знаходзяцца літаратары, уручаюцца прэміі паэтам, дзіцячым пісьменнікам, празаікам. Значыць, не прападае цікавасць да друкаванага слова і выдатна, што яно прапагандуецца.

Ад свята ў Слоніме (ужо ішла размова аб уключэнні мяне ў склад дэлегацыі ад Гродзенскага аддзялення СПБ) чакаю не меншых уражанняў. Галоўнае — сустрэнуся з таварышамі па пяру, аднакурснікамі, пагутарым, падзелімся творчымі ідэямі. Мо, удасца свае здабыткі прэзентаваць.

Лічу, што ўсё ж існуе пэўная катэгорыя людзей, якая цікавіцца творамі як класікаў, так і сучаснікаў. Іх і сустрэнем на Дне беларускага пісьменства.

— Дзякуй за размову, плёну на паэтычнай ніве і хуткага выдання новай кнігі!

Гутарыла Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

←До сентября — две недели. Как в маленьком посёлке собрать ребёнка в школу?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика