Хто ўраджай без страт збірае, той і перамагае

Источник материала:  
Хто ўраджай без страт збірае, той і перамагае

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Пратасавіцкі

Важкі дажыначны сноп – гэта заслуга ўсіх хлебаробаў, якія ад світанку да позняга вечара працавалі ў полі. І ўраджай пачынаецца не з таго часу, калі камбайн заходзіць у поле, а задоўга да гэтага. Ужо зараз у гаспадарках раёна пачалі рыхтаваць глебу пад ураджай 2020 года. Сёлетнія дажынкі – гэта вынік як мінімум гадавой працы сельгасработнікаў. Напярэдадні раённага свята наша інтэрв’ю са старшынёю раённага выканаўчага камітэта Рыгорам Пратасавіцкім.
– Рыгор Васільевіч, ведаю, як Вы ў час уборачнай кампаніі перажывалі не толькі за намалоты і ўраджайнасць, а і за кожнага, хто быў задзейнічаны на жніве ў гэты гарачы час.
– Галоўнае багацце Століншчыны – гэта людзі – працавітыя, руплівыя, старанныя. Калі гаварыць менавіта пра жніво, то кожны з хлебаробаў унёс свой важкі ўклад у каравай Століншчыны 2019 года. І менавіта клопат пра людзей, умовы працы, іх бяспека – гэта тое, што становіцца асновай і трывалым падмуркам будучага ўраджаю. Мы – жыхары сельскагаспадарчага раёна. І хлеб для нас – гэта крыніца дабрабыту, гэта тое, што не толькі нас корміць, а і нясе нам упэўненасць у заўтрашнім дні. Будзе добры ўраджай збожжа – будзем мы з хлебам, будзе чым карміць статак буйной рагатай жывёлы, а значыць, будзе і малако, мяса. Калі разглядаць ураджай у такім разрэзе, то становіцца зразумела, чаму менавіта хлебаробам такая ўвага і пашана. Ні ў якім разе не памяншаю ролю іншых прафесій, але ад працаўнікоў збожжавага палетка залежым мы.
– Кожны год надвор’е уносіць свае карэктывы, стварае ўмовы, у якіх, здаецца, не дасягнём добрых вынікаў. Але статыстыка гаворыць нам пра іншае.
– Нягледзячы на не вельмі спрыяльныя ўмовы вясной, а пасля і паводкі, якая затапіла больш за 1500 гектараў, мы змаглі павялічыць ураджайнасць у параўнанні з мінулым годам. І сёлета яна ў сярэднім па раёне склала 38,9 цэнтнера з гектара. Несумненна, каб не затопленыя тэрыторыі, то на багатых палях у пойме Гарыні яна была б намнога большай. Дзякуючы павелічэнню плошчаў пад пасевы мы змаглі больш чым на 12 тысяч павялічыць агульны намалот. І сёлета ён склаў 73 тысячы 30 тон. Менавіта столькі камбанеры намалацілі на палетках Століншчыны, а вадзіцелі перавезлі на збожжасушыльныя комплексы. Убіралі таксама ў даволі цяжкіх умовах – амаль штодня ішлі дажджы, таму даводзілася значна дасушваць зерне. І ўся гэтая работа пад пільным наглядам, са значным укладам руплівых рабочых рук. Хаця сельская гаспадарка і механізуецца з кожным годам усё больш і больш, але ў ёй застаецца значная частка менавіта працы чалавека. І ні адзін з этапаў уборкі не можа прайсці без удзелу чалавека.
– Зноў мы вярнуліся да адданых працаўнікоў жніва. Каго вы маглі б адзначыць з самых лепшых работнікаў?
– У першую чаргу гэта, безумоўна, тыя, хто паказаў высокі вынік на жніве. Камбайнеры Уладзімір Шуканаў і Дзмітрый Багатка, Леанід Свірскі і Рыгор Леська, Міхаіл Пацукевіч і Анатоль Шуркала з СВК “Фядорскі”, Валерый Харавец і Анатоль Пачко, Міхаіл Ліпскі і Мікалай Бандарчук з КУВП “Манькавічы”. Гэтыя і многія іншыя камбайнеры зрабілі вельмі многа, каб кожны метр нашых палёў быў убраны без страт.
На адвозцы збожжа былі задзейнічаны такія перадавыя вадзіцелі, як Віктар Багатка з КСУП “Відзіборскі”, Дзмітрый Багатка і Рыгор Леська з СВК “Фядорскі”, Мітрафан Пашкевіч з КСУП “Беражное”, Лявонцій Колб з КСУП “Рухчанскі”, Іван Бруцкі з КУВП “Манькавічы”.
Немагчыма не адзначыць маладых вадзіцеляў, якія становяцца добрай зменай старэйшаму пакаленню. Сярод маладых вадзіцеляў, якія вызначыліся на жніве, Дзмітрый Яхнавец з КУВП “Манькавічы”. Малады чалавек пратрымаўся ў лідарах на працягу ўсёй уборкі і перавёз больш за тысячу тон збожжа.
Лідарамі раённай Дошкі гонару ўборкі сталі і аператары на сушцы і дапрацоўцы збожжа Рыгор Лузько і Яўген Савецкі з СВК “Фядорскі” і Уладзімір Наздрын-Платніцкі і Сяргей Бараноўскі з КУВП “Манькавічы”. Гэтыя і іншыя аператары на сушцы перапрацавалі тысячы тон збожжа, каб яно было патрэбнай якасці і змагло адпавядаць стандартам.
Кожная гаспадарка мае сваіх герояў жніва. Практычна заўжды мы мераем уклад людзей у справу лічбамі. Гэта больш аб’ектыўны паказчык. Але ёсць і тыя, хто аддана працуе на больш старой тэхніцы, якую патрэбна надта старанна падрыхтаваць да ўборкі, але на ёй не дасягнеш такіх значных вынікаў. Ды людзі працуюць, спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, не шкадуюць свайго часу і сіл. За гэта кожнаму з іх вялікі дзякуй.
– Наша размова атрымалася аб людзях – аснове ўборкі. А ў нас яшчэ ёсць даволі вялікія лідары сярод гаспадарак.
– Канешне. І гэта гаспадаркі, у якіх працуюць адказныя і старанныя хлебаробы. Не магу сёння не адзначыць СУП “Рубельскі”, дзе больш чым у два разы ў параўнанні з мінулым годам павялічылі ўраджайнасць і дасягнулі самага высокага паказчыка – 56,5 цэнтнера з гектара. У ААТ “Новая Прыпяць” – 50,7 цэнтнера з гектара, крыху да паўсотні не дацягнулі ў ААТ “Палессе-АВМ”. Больш за 40 цэнтнераў у ААТ “Кароцічы”, КСУП “Рухчанскі”, СВК “Фядорскі”. Дарэчы, “Фядорскі” трывала трымае лідарства па валавым намалоце. Сёлета ў гаспадарцы намалочана 13362 тоны збожжа. Наступным за ёй ідзе ААТ “Палеская ніва”, дзе 7749 тоны. “Фядорскі” таксама лідар па намалоце жыта, пшаніцы, трыцікале. Парадавала ўраджайнасць жыта ў СУП “Рубельскі” – 68,8 цэнтнера з гектара і ААТ “Палессе-АВМ” – 66,5 цэнтнера з гектара пры сярэднераённым паказчыку 34,4 цэнтнера з гектара. Лідарамі па ўраджайнасці аўса стаў ААТ “Палессе-АВМ” – 57,6 цэнтнера з гектара. А вось самы высокі ўраджай пшаніцы ў КСУП “Рухчанскі” – 59 цэнтнераў з гектара.
– Праводзіць раённыя дажынкі – традыцыя закладзена на Століншчыне ўжо колькі гадоў назад, і людзі ведаюць, што іх справа не застанецца без падзякі, добрага слова, грашовай узнагароды.
– Так яно і павінна быць. Па працы і пашана – кажуць у народзе. Традыцыя святкаваць дажынкі ў Беларусі мае сваю гісторыю. Гэта свята ўраджаю, хлеба, а таксама працы, якую мы павінны шанаваць. І адзначаць самых лепшых хлебаробаў мы будзем, каб даць стымул для далейшага росту, каб паставіць у прыклад іншым. Да такога выніку трэба імкнуцца. За апошнія гады мы бачым, што зроблена многа, але яшчэ больш нам патрэбна зрабіць. Нашы людзі, наш сельскагаспадарчы раён можа і павінен быць адным з лепшых не толькі на Брэстчыне, а і ў краіне. У нас ёсць значны патэнцыял і яго мы павінны выкарыстоўваць на поўную моц.
– Дзякую за інтэрв’ю. Віншую Вас і кожнага з аграрыяў з надыходзячым святам ураджаю і працы. Няхай збожжавы палетак радуе нас ураджаем з кожным годам усё больш і больш.
Таццяна СЕГЕН

 

Хто ўраджай без страт збірае, той і перамагае

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай МАРОЗ

Раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» пройдзе ў бліжэйшыя выхадныя ў Сямігосцічах. Гэтае свята збярэ для ўшанавання таленавітых і працавітых хлебаробаў Століншчыны, якія вызначыліся на ўборцы ўраджаю.

Вынікі жніва-2019 падвёў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай МАРОЗ:
– Прыемна тое, што наш раён чарговы раз пацвердзіў рэпутацыю развітага сельскагаспадарчага рэгіёна, стаўшы адным з лідараў па выніках уборкі ўраджаю ў вобласці. Дзякуючы паспяховай і зладжанай рабоце жніво на Століншчыне правялі ў максімальна кароткія тэрміны, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Мабыць, не было і дня, як недзе ў раёне не ішоў дождж. Асноўныя плошчы збожжавых, а гэта каля 19 тысяч гектараў, убралі амаль за месяц, але без страт. Валавы збор збожжа склаў больш за 73 тысячы тон (у 2018 годзе агульны намалот склаў 60,8 тысячы тон) пры сярэдняй ураджайнасці 38,9 цэнтнера з гектара, што на 5,8 цэнтнера з гектара больш, чым летась. Харчовага збожжа рэалізавана дзяржаве 10 тысяч тон.
Дакладна спрацавалі ўсе структуры, ад якіх залежалі тэмпы і якасць: тэхніка падрыхтавана, створаны запас паліва і змазачных матэрыялаў, у сэрвісных арганізацыях было дастаткова запчастак. Паўсюдна арганізавалі льготнае двухразовае харчаванне, каб час выкарыстоўваць па максімуму. З надвор’ем не пашчасціла, але галоўнае – людзі працавалі добрасумленна. Сёлета на ўборцы былі задзейнічаны 101 збожжаўборачны камбайн. На сушцы збожжа і масласемя працавалі 26 збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў і 11 мабільных перасовачных установак.
Галаўнога болю аграрыям дадало і падтапленне поймы ракі Гарынь і іншых. У выніку вялікая вада знішчыла больш за 1500 гектараў збожжавай групы. Самы важкі каравай належыць СВК “Фядорскі”, які намалаціў каля 13,3 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 42,4 цэнтнера з гектара, ААТ “Новая Прыпяць” – 7,7 тысячы тон збожжа пры адной з самых высокіх у раёне ўраджайнасці 50,7 цэнтнера з гектара, ААТ “Палеская ніва” – 7,7 тысячы тон збожжа. Самая высокая ўраджайнасць збожжавых у СУП “Рубельскі” – 56,5 цэнтнера з гектара. Больш за 40 цэнтнераў збожжа з гектара атрымана ў васьмі гаспадарках. Гэта тыя сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія вызначаюць эканоміку раёна і з’яўляюцца дастойнымі лідарамі аграпрамысловага комплексу.
У гэтым годзе 14 экіпажаў намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа. Дзесяць з іх – у СВК “Фядорскі”. А два экіпажы з гэтай гаспадаркі намалацілі больш чым па 1,5 тысячы тон збожжа. Нядрэнныя вынікі і на рапсавым полі. Намалочана больш за шэсць тысяч тон масласемя пры ўраджайнасці 21,1 цэнтнера з гектара. А самая высокая ўраджайнасць рапсу ў ААТ “Новая Прыпяць” – 40,4 цэнтнера з гектара.
Дасягнутае сёння павінна стаць асновай для выканання задач у далейшым. У нас у раёне ёсць рэзервы, каб у наступным годзе выйсці на больш высокія паказчыкі і дабіцца новых працоўных перамог.
Жніво завершана, але да канца года ў аграрыяў яшчэ нямала работы на палях. Неабходна ўбраць цукровыя буракі, кукурузу, бульбу, правесці сяўбу азімых. У абавязковым парадку павінен праводзіцца ўвесь комплекс ахоўных мерапрыемстваў. Трэба ўзняць зябліва, унесці мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Зараз ідзе падрыхтоўка зябліва да сяўбы азімых культур, якіх трэба пасеяць 23 тысячы гектараў, у тым ліку на збожжа – 15 тысяч гектараў. Паскоранымі тэмпамі вядзецца ўборка саломы. Значны аб’ём работ на ўборцы кукурузы на збожжа, сілас і зялёны корм. Толькі на кармавыя мэты неабходна ўбраць больш за 13 тысяч гектараў кукурузы і нарыхтаваць 375 тысяч тон кукурузнага сіласу. Неацэнную дапамогу на ўборцы ўраджаю аказалі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, гандлю і грамадскага харчавання, аховы здароўя і культуры, арганізацыі раёна, студэнты і навучэнцы. Дзякуй за вырашчаны ўраджай!
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

←Ресторанного критика из ОАЭ впечатлили белорусские драники и мачанка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика