Хата Марыі Варган стаіць воддаль ад вёскі Казлы ў абрамленні бярозавай алеі. Дрэвы служаць прыродным плотам для сядзібы, на якой усяму ёсць месца: і парнікам, і пчалінай пасецы, і кветкам з парэчкамі, а больш за ўсё прастору і волі, як і бывае звычайна на хутарах. На пачатку ХХ стагоддзя іх у гэтых мясцінах было шмат, пасля вайны і ўтварэння калгасаў засталіся адзінкі. Марыя Аляксандраўна добра памятае той час, бо ўжо два гады, як асвойвае дзясяты дзясятак жыцця на грэшнай зямлі. Пытаюся, ці добра так доўга жыць, і чую у адказ:
– А ці ж паправіш? На ўсё воля Божая. Быў час, што прасіла ў Яго смерці, маліла, каб забраў мяне, але пакінуў дачушку. Яе няма, а я жыву, – пры гэтых словах бабуля стараецца трымацца, што ёсць моцы, але здрадніцкая слязіна коціцца па старэчай шчацэ. – Колькі мне яшчэ адпусціў Стваральнік, не ведаю. Удзячна за ўсё, што даў. Сацработніка няма, а навошта ён мне? У мяне ж дзеці і ўнукі. Кожную сераду прыязджае з Прыпернага сын Саша, а ў нядзелю – зяць з унучкай. Чысцяць, мыюць, прыбіраюць. Ежы навязуць, прысмакаў усялякіх, не ведаю, што з імі і рабіць. Куды мне столькі? Сёння зяць без чаргі прыедзе, бо лазню ў Докшыцах будзе цепліць. Паеду, унучка дапаможа памыцца. Зяць у мяне залаты, дарагі. Дачкі няма, другі і не глянуў бы ў бок старой цешчы, можа, і ажаніўся б яшчэ, а наш Віктар — не, хаця мужчына відны, згадзіцеся. Такой жа добрай душы і дачушка яго Ірынка, унучачка мая адзіная, у сыночка ж усе хлапчукі.
Клічуць мяне ехаць да сябе і ў Прыпернае, і ў Докшыцы. Не, хоць з дзвюма ляскамі, але, пакуль змагу, буду векаваць у сваёй хаце. Тут прайшло ўсё маё жыццё, тут кожнае месцейка нагадвае пра мінулае, калі быў жывы муж, дзеткі малыя. Тата, сёстры з сем’ямі наведваліся ў госці. Нікога няма, і жыццё прайшло, як сон.
Бабуля Марыя асірацела, калі было ёй восем гадоў. Бацька ажаніўся, бо без жанчыны, аднаму весці гаспадарку ў той час было немагчыма. Ён, да ўсяго, ад світання да змяркання прападаў у кузні. Мачаха была кабета нядрэнная, але ж не маці. Марыйка закончыла два класы польскай школы, як прыйшлі першыя Саветы, потым немцы. Хутаране прыход і тых, і другіх успрымалі як перашкоду адвечнаму сялянскаму быццю. Немцы, праўда, ніякіх сваіх звычайных жахаў у наваколлі не тварылі. Пэўна, не дазналіся, што ноччу на хутары часта заходзілі партызаны. “Сапраўдныя”, так іх называе Марыя Аляксандраўна, звычайна былі зімой у белых маскхалатах, летам таксама ў непрыметнай вопратцы, прасілі бацьку, каб правёў да чыгункі, маглі адпачыць крыху. Ежу прасілі, а не хапалі, як тыя, узброеныя чым папала, у атопках, што наляталі, як каршуны, і толькі ноччу. Усе ведалі, што гэта звычайныя бандыты, якія маскіраваліся пад партызан. Калі моладзь сталі забіраць у Германію, бацька схадзіў у Крулеўшчыну і праз нейкіх сваіх знаёмых уладкаваў Марыйку працаваць на чыгунку. Кожную раніцу яна бегла на станцыю, каб паспець да 8 гадзін на работу: цяжкімі кіркамі збівалі пагуркі, рыхтуючы плошчу пад вузкакалейку. Калі радзівонаўцы бралі Крулеўшчыну, Марыйка была дома, работу адмянілі з-за дажджу. Чулі адгалоскі бою і баяліся, каб ён да іх хутара не дакаціўся.
Адразу пасля вызвалення сельсавет прызначыў дзяўчыну насіць пошту. І сёння яна, здаецца, адчувае тую здранцвеласць цела, якое яно набывае пасля знясільваючага паходу ў некалькі кіламетраў па пояс у снезе. Нагу ўстаў – нагу выстаў, так называлі вяскоўцы хадзьбу па цаліне, калі снегу намятала ўпоравень з дахамі хат. Насіла не толькі пошту, але і ўсялякія паведамленні, загады сельсавета. Была своеасаблівым відам сувязі паміж уладай і насельніцтвам. У 50-я гады стварыўся калгас. Уступілі, як і ўсе. Хутка Марыйка і замуж выйшла за хлопца, які ў бацькі ў кузні бываў. Хату паставілі на хутары мужа. Будаваў ён сам, потым і ў калгасе ўвесь час быў будаўніком, а Марыя – паляводам. Нарадзіліся дзеці. І жылі, як усе: працавалі, зажываліся, а жыццё тым часам і прайшло. Ужо 21 год, як Марыя пахавала свайго Уладзіміра.
Распавёўшы пра ўсё гэта, Марыя Аляксандраўна выказвае, нарэшце, думку пра сакрэт даўгалецця. Яно, лічыць 92-гадовая бабуля, у працы, штодзённым руху і клопаце родных людзей. Яна і зараз вяжа ўсёй радні шкарпэткі на зіму, палавічкі на падлогу і…чытае газету. Ведае ўсё, што адбываецца ў раёне. А дарагой унучцы Ірынцы неяк наказала, каб торт ёй зараз не куплялі, лепш тады, калі будзе адзначаць 95-ы год нараджэння. Рэспект Вам за жыццястойкасць, Марыя Аляксандраўна!
НА ЗДЫМКУ: ні хвіліны не бывае без справы доўгажыхарка Марыя Варган з вёскі Казлы
Фота В. Чарвінскага.
Секретом долголетия поделилась Мария Варган из Докшицкого района
27.07.2019
—
Новости Общества