Кожны чалавек шукае нешта незвычайнае, адметнае ў той мясціне, дзе нарадзіўся. Адны ганарацца гістарычнымі помнікамі, другія — незвычайнымі краявідамі, трэція — знакамітымі людзьмі на сваёй маленькай радзіме. Там, дзе нарадзілася я, ёсць і прыгожыя краявіды, і гістарычныя мясціны, але самае вялікае багацце — гэта людзі, якія спакон веку жывуць і працуюць на гэтай зямлі.
А яшчэ… там вясной квітнее бэз. «Ну што тут такога? — скажаце вы. — У кожнай беларускай вёсцы расце бэз». Не, столькі бэзу, дзе з кожнага двара звісаюць гронкі фіялетавых, ружовых, белых кветак, няма нідзе. А яшчэ гэты цудоўны пах, якім напаўняецца ўсё наваколле, дурманіць, заварожвае, вяртае ў краіну бесклапотнай маладосці, кахання, чароўных мар. У гэты час свяжэюць твары бабуль, якія, як мне здаецца, маладзеюць і прыгажэюць, становяцца бадрэйшымі вясковыя мужчыны. Можа, ад таго, што ў такую пару шмат гаспадарчых работ, і кожны стараецца ўправіцца з імі, а можа, ад таго, што цвіце бэз, што на Беларусі вясна?
Дык дзе ж гэты бэзавы рай? Вёска Асташын, Карэліцкі раён. Няма лепшага і мілейшага месца ў свеце, чым гэта невялікая вёска, якая размясцілася ў вельмі цікавым з геаграфічнага пункту гледжання месцы. Вёска выцягнулася ў адну вуліцу, якая раздзяляе мясцовасць на дзве процілеглыя «геаграфічныя зоны». Адзін бок размяшчаецца бліжэй да ракі Сэрвач. На агародах, якія падыходзяць блізка да ракі, зямля тарфяністая, з вясны доўга стаіць вада, а затым часта раннюю гародніну «прыхопліваюць» вясновыя замаразкі. Другі бок вуліцы размяшчаецца на пясчаных узгорках, зямля там прасыхае раней, дый вясновы марозік туды не заўсёды дабярэцца. Вось так і жывуць мае землякі паміж балотам і пяском…
А водар бэзу плыве і напаўняе неверагодным пахам вуліцу, падворкі, хаты. Іду па вёсцы і слухаю аповед бабулі, якая ўспамінае дбайных гаспадароў, што тут калісьці жылі, будавалі хаты, гадавалі жывёлу, нараджалі дзяцей, потым выпраўлялі іх «у людзі». Дзеці сталелі, асядалі дзесьці «ў тых людзях», дамоў амаль ніхто і не вярнуўся. Бацькі старэлі і адыходзілі ў нябыт. А дамы пустымі вокнамі глядзяцца на дарогу ды толькі гронкі бэзу даюць жывінку гэтым пабудовам ды напамінаюць аб колішніх гаспадарах.
— Вось тут, — прадаўжае гаворку бабуля, — жыў некалі вядомы на ўсю акругу каваль. Залатых рук чалавек, выдатны майстар. З усёй акругі ехалі да яго людзі. А вось тут жыве выдатная швачка, калісьці яе ўборы ўся вёска насіла. Каму ўбор на вяселле трэба, каму на хрэсьбіны, а каму і на хаўтуры. Усіх абшывала Ніна. Звяртаю ўвагу на чысценькі і ўтульны двор бабулі Ніны. А пах бэзу плыве, атуляе мяне і ўсё наваколле.
Бабуля расказвае далей, я ўважліва слухаю, нешта хочацца запытаць, але я баюся перапыніць гутарку, баюся пакрыўдзіць блізкага мне чалавека. Словы нітачкай цягнуцца з бабуліных вуснаў. Колькі мудрасці, жыццёвага вопыту, якімі могуць падзяліцца гэтыя людзі, якія столькі перажылі і ў якіх ёсць той вялікі скарб — іх успаміны. І ўсё ж такі адважваюся запытацца:
— Бабулечка, па-твойму кожны чалавек, які жыў ці жыве ў нашай вёсцы, меў або залатыя рукі, або залатое сэрца?
Бабуля дае адказ, у якім спляліся і адвечная мудрасць, і чалавечнасць.
— Так, маё дзіцятка, кожны чалавек прыходзіць на гэты свет не проста так. Гасподзь Бог пасылае кожнаму з нас свой талент. І калі чалавек прыкладае намаганні: працуе, кахае, стварае — талент раскрываецца. Жыццё становіцца ў гэтага чалавека прыгажэйшым, а ўсё, што яго акружае, лепшым.
Дык вось адкуль гэтая прыгажосць, якая мяне акружае з маленства! Гэта Гасподзь Бог даў мне шчасце нарадзіцца там, дзе жывуць прыгожыя і працавітыя людзі, чыстыя ў сваіх думках і выдатныя ў справах. Святая, благаславенная зямля, якая дала жыццё такім жа слаўным і высакародным людзям, якія пранеслі і праносяць праз усё жыццё простую чалавечую запаведзь: жыць, любіць і ствараць.
А водар бэзу плыве і п’яніць, і навявае самыя розныя думкі…
Тамара ЯЎСЕЙ, аграгарадок Малюшычы
Фота Ларысы ШУГЛІ