5 ліпеня Карэліцкі раён прымаў прадстаўнікоў СМІ Гродзеншчыны.
Прэс-тур распачаўся з сустрэчы журналістаў са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Віктарам Шайбаком: “Наш край славіцца сваёй гасціннасцю, мы кожнаму вельмі рады. А найперш знакаміта Карэліччына поспехамі ў розных сферах. Моцны падмурак нашай эканомікі складае сельская гаспадарка. Карэліцкія аграрыі традыцыйна займаюць перадавыя пазіцыі на абласным і рэспубліканскіх узроўнях. Гэта і дазваляе нам шырока развіваць сацыяльную сферу раёна. І тут наш асноўны клопат – падрастаючае пакаленне. Багата сіл мы ўкладваем ў адукацыю нашых дзяцей і моладзі, іх матывацыю на поспех і патрыятычнае выхаванне. З нядаўніх пор у самых таленавітых юнакоў і дзяўчат з’явілася магчымасць трапіць на раённую Дошку гонару. Бо яны, не гледзячы на свой узрост, ужо славяць Карэліччыну дасягненнямі ў розных сферах. Значная работа праводзіцца і з маладымі спецыялістамі. Мы імкнёмся забяспечыць іх быт і вольны час, каб яны і пасля размеркавання засталіся ў раёне. Бо, як вядома, кадры вырашаюць усё. Заўжды на кантролі і якасць медыцынскіх паслуг. Сучаснае абсталяванне, спецыялісты розных профіляў, паспяхова праведзеныя складаныя аперацыі – усё гэта робіцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы дзеля здароўя нашых людзей. Адно з апошніх дасягненняў – адкрыццё міжраённага аддзялення гемадыялізу. Падтрымліваць здаровы і пазітыўны дух карэліччан дапамагае насычанае культурнае жыццё і арыентацыя на спорт і актыўны адпачынак. Увогуле, мы адкрыты для сяброўства і супрацоўніцтва ва ўсіх сферах”.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі таксама звярнуў увагу на адметныя поспехі раёна: “Карэліцкі край мае неверагоднае багацце – унікальны кадравы склад. Большасць людзей, якія працуюць на гэтай шчодрай зямлі, тут нарадзіліся і выраслі. Яны запатрабаваны на малой радзіме і адданыя ёй”.
Госці ўпэўніліся ў сказаным не толькі на словах, але і на справах. Пасля ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу “Зорка” ўдзельнікі прэс-тура накіраваліся на Карэліцкі маслацэх ААТ “Навагрудскія дары”. Кіраўнік філіяла Ларыса Рапавец распавяла прысутным пра асноўныя этапы вытворчасці, клапатлівыя адносіны да кадраў, унікальныя старадаўнія рэцэпты сыроў і новыя тэхналогіі. Ацаніць бездакорную па якасці і смаку прадукцыю прадпрыемства прадстаўнікі СМІ змаглі падчас дэгустацыі. Пасля чаго ўсіх чакала сапраўднае вяселле, бо маршрут пралягаў праз аддзел ЗАГС Карэліцкага райвыканкама. У гэтым рамантычным месцы паміж рэгістрацыямі шлюбаў яго начальнік Валянціна Сіўко пажадала прысутным шчаслівага сямейнага жыцця і каб абавязкова вярнуліся ў Карэлічы адзначыць свае сярэбраныя і залатыя вяселлі.
У добрым настроі дэлегацыя накіравалася ў Мір. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык адзначыў, што гарадскі пасёлак актыўна развіваецца і мае пазітыўную дэмаграфічную дынаміку. Пацверджаннем слоў стала наведванне ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”, дзе намеснік загадчыка Святлана Петрыман пазнаёміла прадстаўнікоў СМІ з установай і яе бытам. Парадаваў гасцей і той факт, што тут дзецям з маленства ўкладваюць павагу і любоў да роднай мовы і культуры.
Гасцінічны комплекс “Мірскі Пасад” прадэманстраваў удзельнікам прэс-тура цудоўныя магчымасці адпачынку па еўрапейскіх стандартах для турыстаў з Беларусі і замежжа. Музей-сядзіба пад аналагічнай назвай Віктара Сакеля пазнаёміў з гістарычным багаццем старадаўняга мястэчка. А выдатным завяршэннем праграмы перад прэс-канферэнцыяй з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова стала наведванне галоўнай славутасці карэліцкай зямлі і дыямента Прынёманскага краю – замкаваму комплексу “Мір”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ