Правінцыйны СВЕТ: Небяспечныя сувязі, экзістэнцыйны тупік і дрэс-код

Источник материала:  

Ёсць сувязі, якія робяць нас блізкімі. Яны – на ўзроўні сэрца, народжаныя з любові, натхняюць і акрыляюць. Але часцей, прычым добраахвотна, мы звязваем сябе сувязямі, што аднойчы пераўтвараюцца ў кайданы і не даюць нам вольна дыхаць. Мы становімся хранічна залежнымі ад чужых думак і меркаванняў. Ды і самі звязваем іншых сваімі прадстаўленнямі аб ідэальных і камфортных для нас людзях. У мегаполісах такое асабліва не адчуваецца, а на перыферыі, прызнаюся шчыра, аж душыць. Для сябе я абазначыла гэта як правінцыйны дрэс-код.

Правінцыйны СВЕТ: Небяспечныя сувязі,  экзістэнцыйны тупік і дрэс-код

Пачнем з рэмаркі. Я не дзіця вялікіх гарадоў, хаця і адчуваю сябе там добра. Але адназначна па стану душы я перыферыйны чалавек. Мне патрэбна прастора, лясы, палі, нябёсы, зоркі, такая павольная тутэйшая атмасфера быцця. Памятаю, яшчэ школьніцай пачула ад сваёй настаўніцы беларускай мовы трапны выраз “сена на асфальце”, калі твае бацькі з вёскі, а ты – першае пакаленне гараджан. Ну вы ўжо зразумелі, што гэта якраз пра мяне. І мне падабаецца такі расклад. Бо, сапраўды, правінцыйны свет файны, але, апроч прыгожых краявідаў, натуральных прадуктаў і чыстага паветра, тут ёсць і пэўныя нюансы. І разважаць сёння будзем якраз пра іх.

Я нарадзілася і вырасла ў маленькім гарадку, часта канікулы праводзіла на вёсцы. Таму ведаю, што такое жыць… у межах іншых людзей, у залежнасці ад чужых поглядаў. Раней я думала, што так і трэба. І толькі ў рэдкія імгненні ў дзяцінстве, калі я заставалася сам насам з сабой, то адчувала, што свет навокал і ўнутры мяне – гэта не карціна ў рамцы, ён бязмежны… А потым прыходзіў хтосьці з дарослых з новым стосам чарговых правіл для мяне, і я паслухмяна надзявала “правільную” маску.

О колькі ж такіх “прыемных” абліччаў набралася ў мяне да таго пераломнага моманту, пакуль я не стала думаць самастойна і аўтаномна ад іншых. Пакуль не зразумела, што стаю на месцы, бо масак стала зашмат, і я не ў сілах была іх цягнуць.

Тады ў маё жыццё ўварваліся вялікія гарады. Там людзі спыталі мяне: “Хто ты насамрэч?” Я не змагла адказаць, бо не ведала. Але пачала зрываць адну сваю маску за другой. Гэта было балюча, бо з кожным адкінутым абліччам з майго жыцця адыходзілі пэўныя людзі і наладжаныя алгарытмы, як я павінна дзейнічаць і выглядаць у той ці іншай сітуацыі. І ўсё ж аднойчы я прачнулася свабоднай, а побач засталіся тыя, з кім я звязаная сэрцам. Гэтыя людзі ведалі мяне ў хвіліны радасці і адчаю, калі я была на вышыні і на дне. І прымалі мяне такой, якая я ёсць.

Правінцыйны СВЕТ: Небяспечныя сувязі,  экзістэнцыйны тупік і дрэс-код

А мы, сапраўды, ёсць розныя, далёка не ідэальныя і адначасова ўнікальныя людзі, са сваім уставам, “тараканамі”, “псіхамі” і іншымі дыягназамі. Мы – Асобы. Думаем адно, гаворым другое, робім трэцяе. Імкнемся жыць па запаведзях, але існуем у большасці выпадкаў па паняццях. У крытычных сітуацыях здольныя на неверагодныя подзвігі, а ў бытавых часам ад нас не дачакаешся і добрага слова, нават думкі. Мы спавядаемся і зноў сістэматычна “касячым”. На людзях гаворым цытатамі з духоўных пісанняў, а пра сябе ці за спіной – трохпавярховым … самі ведаеце чым. Адным словам, гэта планета Зямля і мы не анёлы ў Эдэме. Да таго ж, ад нас ніхто, нават Пан Бог, не патрабуе стаць нябеснымі істотамі з німбамі, нам варта проста заставацца Людзьмі. Але быць Чалавекам не перад іншымі і напаказ, а ў першую чаргу перад самім сабой і, асабіста для мяне, перад Усявышнім.

І адразу скажу з асабістага вопыту, у вялікім горадзе альбо дзесьці наадзінцы пустэльнікам быць сабой і расці над сабой у разы прасцей. А ў маленькім населеным пункце сітуацыя іншая: тут усе і ўсё як на далоні, і кожнаму ёсць справа да іншага.

Пайшоў ужо другі год пасля вяртання на малую радзіму, а ў мяне так і не скончыўся перыяд адаптацыі да правінцыйнага дрэс-коду. Ёсць шмат сітуацый, якія проста ставяць мяне ў экзістэнцыйны тупік і становяцца нейкім выпрабаваннем. Я нярэдка лаўлю сябе на думцы: “Што адбываецца? What Is This? Чаму чалавек так кажа і робіць? Навошта ён гэта навязвае яшчэ і мне? І чаму я сама часам прымаю правілы гэтай гульні, а пасля сумленне не дае мне паглядзець без сораму за ўчыненае і сказанае ў люстэрка?”

Гэты пры тым, што за мінулыя месяцы на перыферыі я сустрэла багата дзівосных і натхняючых людзей, перажыла безліч непаўторных момантаў, і ўвогуле кожнае імгненне кайфую ад карцінкі навокал, ад касмічнага пачуцця, што гэта мая РОДНАЯ зямля, ад сілы, якой яна мяне напаўняе.

Мурашкі па скуры, калі я падымаюся на наваградскую Замкавую гару і гляджу ўдалячынь. Калі ў траўні наш гарадскі парк пакрываецца дываном нябеснага колеру кветак-браткоў. Калі насупраць вокнаў маёй кватэры распускаюцца півоні і аб нечым бясконца прыгожым спяваюць птушкі. Калі пасля катэхезы я на імгненне спыняюся каля Найсвяцейшай Панны Марыі ля касцёла Міхала Арханёла і дзякую за ласку і міласць. Калі зранку еду міма возера Быкава, яшчэ ціха, няма ветру, і карэліцкія хаты, святыня Маці Божай Нястомнай Дапамогі адлюстроўваюцца ў вадзе. Калі збіваецца дыханне пры пад’ёме на гару да храма святой Варвары ў Райцы, а потым замірае сэрца ад Божага хараства. Калі наша рэдакцыйная машына віхляе па дарозе да Варончы, а я нічога не заўважаю, бо зачаравана тутэйшым лясным ландшафтам. А мястэчка Мір, наш неверагодны замак, увогуле, асобны дзівосны Сусвет…

Правінцыйны СВЕТ: Небяспечныя сувязі,  экзістэнцыйны тупік і дрэс-код

Дык для чаго ўся гэта мая лірыка? А да таго, што ў правінцыі мы маем жыць як ў раі, але часам сваімі рукамі і языкамі ператвараем усё ў пекла.

Скажыце мне, рабяты, адкуль на перыферыі столькі абмежаванняў і правіл? Мільярды год існавання Сусвету, уся чалавечая гісторыя не проста кажуць, а КРЫЧАЦЬ нам: “НЕ АБМЯЖОЎВАЙЦЕ ІНШЫХ, бо тое, што ўчора было выключэннем і фантастыкай, заўтра можа стаць правілам і рэальнасцю!” Безумоўна, мы можам асуджаць і “спальваць” на вогнішчах тых, хто сцвярджае, што Зямля круглая, дабро і розум урэшце перамогуць, людзі па існасці добрыя і радасна спявае «Don’t Worry, Be Happy», але аднойчы жыццё нас усё роўна дзёўбне яблыкам па галаве, як таго Ньютона, і ўсё стане на свае месцы і геніяльна проста.

Дык навошта так усё ўскладняць і дарэмна траціць час, нервы, паперкі (лепш паберажыце дрэвы, калі ласка) на безліч інструкцый: як мы павінны адзявацца і выглядаць, што казаць на людзях і між сваімі на кухні, у каго/што верыць і з кім сябраваць і, у цэлым, як жыць, і пры гэтым самым рабіць роўна наадварот.

Натуральна, можна ў дэталях напісаць інструкцыю нават на канец свету, але калі раптам на нас зваліцца штосьці з космасу ці пачнецца патоп, наўрад ці нас выратуюць тыя паперкі і правілы, а яшчэ тое, будзем мы ў джынсах ці дзелавым касцюме, са строгім пучком на галаве ці з рознакаляровай панк-шэвелюрай, з партфелем начальніка ці заплечнікам фрылансера і процьма яшчэ такіх “ці”. Для мяне асабіста галоўнае, ці я буду ў гэта апошняе зямное імгненне шчаслівая і, зразумела, сама сабой, у ладзе з людзьмі і Богам. А для вас?..

Натуральна, адказ кожны выбірае сам. Бо, паўтару, мы абсалютна свабодныя ў гэтым і мільёне іншых нашых правоў. Напрыклад, у праве марыць.

Успомніце, як некалі сказаў Марцін Лютэр Кінг: “У мяне ёсць мара”. А я працягну: “Мара жыць тут, на малой радзіме, не па правінцыйным дрэс-коду і “што скажуць людзі”, а ў любові, паразуменні і ўзаемапавазе”.

Марына КАЗЛОВІЧ

←Газета «Полымя» пазнаёмілася з першай карэліцкай сястрой міласэрнасці медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» Зінаідай Кузьміч

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика