Андрей Данилович и Мария Григорьевна прошли совместную жизненную дорогу длинною в 60 лет. А вам слабо?
13.05.2019
—
Новости Общества
Галоўнае – сонечнае надвор’е ў доме
13 мая жыхары вёскі Юрава Лаўжанскага сельсавета Андрэй Данілавіч і Марыя Рыгораўна Лапавухавы справілі важкае і зайздроснае свята – адзначылі 60 гадоў сумеснага жыцця. У розныя прыкметы Лапавухавы не верылі ў маладосці, не вераць і цяпер. Не пабаяліся пачаць сямейнае жыццё мала таго ў маі, дык яшчэ і 13-га.
– Галоўнае ў сямейным жыцці – гэта надвор’е ў доме. Трэба, каб яно не было пахмурным, тады ўсё будзе добра, – вось такога пункту погляду прытрымліваюцца муж і жонка. Яны ведаюць, што шчасце і разуменне ў сям’і залежаць не ад пары года, а ад людзей.
Абодва пакладзістыя, з цвёрдай верай, што ў іх усё атрымаецца, Андрэй і Марыя 60 год таму пачалі сваё сумеснае жыццё ў Юраве. Іх у дзяцінстве не песціў лёс: Марыя была малалетнім вязнем (з бацькамі была ўвезена ў Германію), Андрэю яшчэ падлеткам прыйшлося быць за гаспадара ў доме, бо бацька загінуў на фронце. Абодва былі працавітыя, цанілі дабрыню, павагу і шчырасць.
– На тэрміновай ваеннай службе я быў мараком, і калі ў 1958 годзе прыйшоў з арміі, Марыя ўзяла ў палон сваёй прыгажосцю, – усміхаецца Андрэй Данілавіч. – Не вытрымаў, праз некалькі месяцаў ажаніўся. Распісвацца ў сельвыканкам у Мікіціху Марыю я павёз на веласіпедзе. Але ў той дзень, калі ладзілі вяселле, нас не распісалі, адмовілі па той прычыне, што ў мяне не было пашпарта. Маладыя не палічылі гэта дрэнным знакам, сыгралі вяселле без роспісу. Марыя, як і большасць нявест таго часу, была ў белай сукенцы са штапелю і ў вэлюме з накрухмаленай марлі. А ў сельвыканкам прыйшлі яшчэ раз праз некалькі месяцаў, калі гаспадару зрабілі пашпарт.
Спачатку Лапавухавы жылі ў доме бацькоў Анд-рэя, а потым пачалі будаваць уласны. Хата ўзводзілася не вельмі хутка, бо будаўнічыя матэрыялы былі ў дэфіцыце. Ды і не заўсёды хапала грошай. Так, дах спачатку накрылі таннай дранкай, а потым ужо збіралі грошы на шыфер.
– Я ўсё жыццё адпрацавала даяркай на ферме Юрава, – кажа Марыя Рыгораўна. – Атрымлівала за месяць каля ста рублёў, столькі ж прыносіў і муж, які быў брыгадзірам комплекснай брыгады. Першае, што мы купілі ў новы дом – буфет і тэлевізар “Рэкорд”. Гэта быў на той час адзіны тэлевізар на ўсю вёску, глядзець яго прыходзілі ўсе суседзі.
У Андрэя і Марыі Лапавухавых па адным запісе ў працоўнай кніжцы. Яны амаль па сорак гадоў адпрацавалі ў саўгасе імя Кароткіна. Андрэй Данілавіч да таго ж быў яшчэ і старшынёй рабочага камітэта. А калі перайшоў працаваць шафёрам, дадому вяртаўся ўвогуле позна – увесь дзень у раз’ездах не толькі па вобласці, але і за яе межамі. Так што дамашняя гаспадарка і двое дзяцей былі ў асноўным на плячах гаспадыні.
– Зараз нам добра, мы заўсёды разам, робім усё сумесна, але ж большасць работы – за мужам, – усміхаецца жанчына. – Ён старэйшына ў вёсцы, гаспадар у доме, а я, як кажуць, за ім. Ён вунь дровы носіць у хату, а я сяджу крыжаванкі разгадваю – гэта мой любімы занятак. Раней яшчэ вязала шкарпэткі і рукавіцы, а цяпер ужо здароўе не тое.
За 60 год сумеснага жыцця Лапавухавы навучыліся аднолькава думаць, марыць. “Самае гарачае каханне ў дваццаць гадоў, а зараз яно іншае, яшчэ больш моцнае, яму не перашкодзяць ніякія нягоды”, – кажуць муж і жонка.
Яны вучаць сваіх чацвярых унукаў і двух праўнукаў заўсёды ставіць на першае месца сваіх выбраннікаў, заўсёды дзяліцца думкамі і трывогамі, уступаць і не здавацца перад цяжкасцямі. Ну, а праблемы трэба вырашаць не толькі размовамі, але і справамі, іншы раз ісці на кампраміс – тады ў доме заўсёды будзе сонечнае надвор’е. А гэта і ёсць самае галоўнае ў жыцці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №37 ад 14.01.2019 г.