Людзі Смаргоншчыны: Вольга Хвалько
Час быў нялёгкі. Пасля вайны бацькі амаль нічога не атрымлівалі за свае працадні. Але сям’я неяк выжывала. Гаспадар умеў шыць, быў нядрэнным краўцом, ездзіў па вёсках, выконваў заказы. Яго жонка таксама ўмела карыстацца швейнай машынкай, шыла дома. Дзеці бачылі, што бацькам прыходзілася нялёгка, і хаця былі яшчэ малыя, але ўжо дапамагалі па гаспадарцы.
Вольга Васільеўна і цяпер добра памятае, як карміла свіней, курэй, пасвіла качак і куранят. Аднойчы ў сям’і цэлы тыдзень не было хлеба. Прычына простая: закончылася збожжа. І тады бацька запрог у воз каня і паехаў па вёсках шыць людзям штаны, кашулі, нават кажухі – такая была добрая швейная машынка. За сваю работу прывёз некалькі мяшкоў збожжа, мукі. Маці адразу ж замясіла цеста і напякла бліноў. “Мне яны падаліся тады вельмі смачнымі”, - сказала Вольга Васільеўна.
Пасля заканчэння школы трэба было некуды паступаць. Вольга Хвалько падала дакументы ў Баранавіцкае вучылішча бухгалтарскага ўліку. Працоўную дзейнасць пачала ў 1960 годзе ў горадзе Высокае Брэсцкай вобласці на пасадзе інспектара па кадрах “Міжкалгасбуда”. Без адрыву ад работы скончыла Гродзенскі тэхнікум кааператыўнага гандлю.
У Высокім Вольга пазнаёміла ся са сваім будучым мужам. Ён служыў у міліцыі, быў аператыўным упаўнаважаным крымінальнага вышуку, уваходзіў у раённы камітэт камсамола, правяраў работу Вольгі, якая з’яўлялася тады сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі.
Неўзабаве маладыя людзі пажаніліся. Потым пераехалі з Высокага ў Пружаны, дзе Уладзімір Хвалько атрымаў званне маёра. Праз нейкі час яго размеркавалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, адтуль накіравалі ў Смаргонь, дзе была падпалкоўнічая пасада.
- Я жыла 4 месяцы ў Пружанах і не хацела пераязджаць у Смаргонь, асабліва пасля таго, як муж сказаў, што мне трэба купіць гумовыя боты, бо пасля дажджу на вуліцах Смаргоні многа гразі, няма тратуараў. Але бліжэй да восені я ўсё ж згадзілася на пераезд. Трэба было выпраўляць дзяцей у школу. Сын хадзіў у чацвёрты клас, а дачка збіралася ў першы.
Вольга Хвалько паехала ў “Белкаапсаюз”, каб у сувязі з пераводам мужа і ёй далі накіраванне на працу ў Смаргонь. Тут працаўладкавалася ў райспажыўсаюз, была таваразнаўцам на мясцовай міжрайбазе.
Жыллё сям’я Хвалько атрымала адразу. Спачатку прапаноўвалі дом на дзве сям’і, які быў без зручнасцей, а потым далі кватэру. Месца добрае, ціхае, далекавата ад цэнтральнай вуліцы, аўтамабільнага шуму.
Уладзімір Хвалько ўзначальваў райаддзел міліцыі. Турбот хапала. Раён у той час быў неспакойны. Нямала праблем ствараў Сінькоўскі сельсавет. Асабліва вёскі Сівіца і Сінькі. Калі там гулялі вяселлі, то не абыходзілася без боек і панажоўшчыны. А яшчэ міліцыянеры лавілі розных бандытаў, якіх хапала ў 70-я гады.
Вользе Хвалько спадабалася пазней і Смаргонь. У савецкі час адсюль зручна было ездзіць у Вільнюс па прадукты. Там можна было купіць ікру, шпроты, іншыя далікатэсы, якіх не было ў савецкіх магазінах, асабліва правінцыйных.
Жанчына пайшла на пенсію з райспажыўсаюза. Але, як прызналася сама, здароўя, энергіі хапала, таму ўладкавалася на працу ў ДРАЦ “Лясная паляна”, была кадравіком. Рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр тады толькі ўвялі ў эксплуатацыю, патрабаваліся спецыялісты.
У 2014 годзе Вольга Хвалько пайшла на заслужаны адпачынак, але не развіталася з ДРАЦ “Лясная паляна”. Тут яе абралі старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі. Дзеці ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. У Вольгі Васільеўны ёсць не толькі ўнукі, але і праўнук. Сама ж яна не сядзіць без справы. З вясны да восені працуе на дачы, якая знаходзіцца непадалёку ад Рачунскага вадасховішча. Работы хапае. На зямельным участку немалы сад, які патрабуе догляду, ёсць месца для агародніны, кветак. У дачны перыяд жанчына прыязджае ў горад, каб паліць вазоны.
Калі жыве тут у халодную пару года, то імкнецца не заседжвацца ў чатырох сценах. Яе дэвіз: рух – гэта жыццё! Таму па харчовыя прадукты ходзіць не ў бліжэйшыя магазіны, а ў далёкі “Родны кут”, па рыбу яшчэ далей – у “Санту”. Займаецца скандынаўскай хадзьбой.
За 54 гады працы Вольгу Васільеўну не раз узнагароджвалі граматамі, заахвочвалі прэміямі. Але самым прыемным для жанчыны з’яўляецца ўсё ж іншае: нараджэнне дзяцей, іх поспехі, з’яўленне ўнукаў. У іх радасць і шчасце.
На юбілей мамы і бабулі родныя і блізкія выказалі ёй многа цёплых, душэўных слоў, пажадалі здароўя, даўгалецця.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.