Да Дня друку – чытачы выказалі свае меркаванні аб раёнцы
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі мы пацікавіліся ў жыхароў раёна, ці чытаюць яны раённую газету, і якую ролю яна адыгрывае ў іх жыцці.
С. Навіцкі,
старшыня Асвейскага сельскага Савета дэпутатаў
— Наша сям’я пастаянна выпісвае “Дзвінскую праўду” – чытаем яе з жонкай-культработнікам і самі друкуемся на старонках газеты.
Выданне нас поўнасцю задавальняе – усебакова ахоплівае жыццё раёна. Бачна, што газета не стаіць на месцы, развіваецца, з’яўляюцца новыя рубрыкі і тэмы, якія выклікаюць чытальніцкі інтарэс.
Ведаю, што гэтак жа зацікаўлена ставяцца да раёнкі жыхары сельсавета – для многіх людзей, асабліва пажылога ўзросту, гэта галоўная крыніца інфармацыі як па раёну, так і па вобласці і краіне. А маладыя чытачы не толькі шукаюць навіны ў газеце, але і з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі сайта “Дзвінскай праўды”.
Жадаю газеце больш падпісчыкаў і працвітання!
Л. Куўшынава,
дырэктар ЦБС
— Раённую газету любім – падабаецца, як асвятляе жыццё раёна: актуальна, падрабязна, глыбока. Заўсёды абмяркоўваем дома і ў калектыве навіны, якія знайшлі ў раёнцы. Вельмі прыемна, што газета ўдзяляе ўвагу нашай рабоце, мерапрыемствам, якія праводзяць бібліятэкі. У сваю чаргу, папулярызуем раённае выданне: нашы наведвальнікі заўсёды могуць пагартаць “Дзвінскую праўду” ў чытальных залах.
Жадаю раённай газеце, якая працуе на самафінансаванні, у гэты нялёгкі эканамічны час трымацца на плаву. Мясцовая газета вельмі патрэбна людзям, таму неабходна зрабіць усё магчымае, каб не толькі захаваць яе, але і ўмацаваць.
І. Тойранен,
старшыня РАА “Белая Русь”
— Вось толькі што з’ездзіла ў аддзяленне сувязі, каб падоўжыць падпіску на “Дзвінскую праўду” – без яе нікуды! Гэта сапраўды народная газета, якая адлюстроўвае інтарэсы ўсіх катэгорый чытачоў: моладзі, працоўных, пажылых людзей. Вельмі імпануе, што газета правільна падае падзеі, праўдзіва і добразычліва тлумачыць іх, настройвае на пазітыў.
Жадаю калектыву рэдакцыі творчага гарэння, новых цікавых тэм і ўдзячных чытачоў.
В. Пятроўская,
пенсіянерка
— З’яўляюся даўняй прыхільніцай раённай газеты – выпісваю яе з 70-х гадоў і чытаю “ад коркі да коркі”. Гэта ўнікальная і ўніверсальная газета, на старонках якой асвятляюцца ўсе бакі жыцця. У ёй чытаем мясцовыя навіны, якія не знойдзеш больш ні ў якім выданні.
Як былы педагог, з асаблівым інтарэсам сачу за публікацыямі аб жыцці школ і дасягненнях навучэнцаў. Падабаюцца гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы. Хвалюе развіццё раёна, яго эканамічныя і сацыяльныя здабыткі. Заўсёды прыемна ўбачыць матэрыялы аб знаёмых людзях, парадавацца іх поспехам.
З часам газета набыла новы фармат: павялічыла палоснасць, з’явіўся колер. Гэта яшчэ больш прывязвае да любімага выдання, выклікае жаданне выпісваць яго зноў і зноў.