Любовь близких и безмерное чувство юмора помогают инвалиду-колясочнику Евгению Мазало жить

Источник материала:  

Вадзіцельскі стаж 73-гадовага Яўгенія Мазалы з вёскі Баранавічы складае амаль два дзесяцігоддзі. Яшчэ ён пляце адмысловыя кошыкі, без пагарды займаецца жаночай справай: вяжа шкарпэткі, шые на машынцы. У лютым пачынае сеяць памідоры, потым пікіруе, аж пакуль жонка не высадзіць іх на агарод, летам яго клопат — кураняты. Здавалася б, што тут дзіўнага? Дзіўны сам яго лёс, а яшчэ больш — здзіўляючая сіла волі і ўменне быць удзячным за яшчэ адзін пражыты дзень.

Любовь близких и безмерное чувство юмора помогают инвалиду-колясочнику Евгению Мазало жить

…Яўгеній Мікалаевіч і Зінаіда Пятроўна сустракаюць мяне на падворку свайго сціплага доміка з радасцю, вітаюць, запрашаюць прайсці. Жанчына акуратна каціць перад сабой інвалідную каляску, у якой яе мужу прыходзіцца жыць больш за 20 гадоў. У Яўгенія Мікалаевіча няма абедзвюх ног, напалову ампутаваны пальцы на руках.

— Што здарылася з Вамі, што прыйшлося прайсці праз столькі ампутацый? — пытаюся.

— Раней я часта па бальніцах ляжаў, — расказвае Яўгеній Мікалаевіч. — Аднойчы выехаў на калідор, ідзе бабулька: “Ну, чалавеча, скажы, што з табой зрабілася, што ты без ног?” Кажу ёй: “Бабулька, вельмі я раней самагонку любіў. Набраўся добра тае бурачкоўкі, уваліўся зімой у курган і адмарозіў рукі-ногі”. Бабуля забожкала. Аказалася, кабета была з нашага раёна, Вялікай Вобрыны. Уяўляю, што яна там па вёсцы расказвала (смяецца).

Яўгеній Мікалаевіч любіць пажартаваць, хоць часам у яго стане не так гэта і проста. “Не быў бы аптымістам, даўно б на машэвіцкай горцы ляжаў”, — з умешкай гаворыць ён і расказвае, як усё было.

— У 1985 годзе я на машыне збіў дзяўчынку-веласіпедыстку. Месяц май быў, дарога вельмі пыліла. Хацеў аўтобус абагнаць, а насустрач — дзеці. Адна з іх прама мне пад колы. Хутка завёз яе ў бальніцу. Дзякуй Богу, аказалася толькі сатрасенне мозгу. Стрэс быў такі, не перадаць словамі! А праз тры гады захварэў, пачаўся атэрасклероз сасудаў. Потым было тры аперацыі ў Гродне, яшчэ тры ў Мінску.

Пасля адной з такіх аперацый ужо дома ў Яўгенія Мікалаевіча пачаўся моцны кравацёк: прыйшлося экстрана на самалёце дастаўляць яго ў Мінск. А ў 1990 годзе ўрачы прынялі рашэнне аб ампутацыі правай нагі.

— Пасля аперацыі тры дні да сябе не мог дайсці, — расказвае мужчына. — За суткі толькі 5 ці 10 хвілін спаў. Боль страшны быў. Другую нагу аднялі ў 95-м…

Так у 49 гадоў Яўгеній Мікалаевіч застаўся без ног.

— Ой, успомніць страшна! — уступае ў размову Зінаіда Пятроўна. — Яму вельмі плоха было, а мне ж на работу трэба. Усю дарогу галоўным эканамістам у хазяйстве працавала. Бабулька Ганна ў нас па-суседску жыла, яна яму і вады падасць, і тэлефон набярэ, калі мяне няма. І трое дзяцей-падлеткаў, ды гаспадарка…

Сёння Яўгеній Мікалаевіч успамінае: думаў тады, скончыўся яго зямны шлях. Паклікаў суседа для сур’ёзнай размовы, усё абсказаў, як яго пахаваць трэба. Як на бяду неўзабаве пачалі гнісці пальцы на руках. Хірургі зноў правялі частковую ампутацыю.

Тут якраз прыйшла вестка, што падышла чарга на машыну, пра якую даўно марылі ў мнагадзетнай сям’і. “Якая там к чорту машына! Я ж без рук-без ног!” — такія былі першыя думкі, але зноў сіла характару і неймавернае жаданне жыць узялі верх. Калі прыехаў праходзіць медкамісію кіроўцы, хірургі засумняваліся, а Данута Аляксандраўна Скварада, залаты чалавек, сказала, што мне з маёй хваробай можна за руль садзіцца. Прайшоў і ў Гродне камісію, а праз два тыдні ўжо за рулём сядзеў.

— Я амаль усё магу рабіць сам, — гаворыць мужчына. — Устаць, сесці, да стала пад’ехаць. Мыцца Зінаіда, канешне, дапамагае. Устаю рана, гадзіны ў чатыры-пяць, пліту распалю. Потым у гараж, запчасткі перабіраю. Вязаць умею шмат чаго: цяпер больш шкарпэткі, раней безрукаўкі, Пятроўне сваёй тры юбкі звязаў. Кошыкі пляту. Карацей, без дзела не сяджу, шлупаюся ўвесь час. Цяпер мой клопат — памідоры: пасеяў, рассадзіў, да сонейка кожнае паварочваю. Летам — з куранятамі займаюся, кармлю, паю, лічу іх.

— Жэня мяне часта ў Карэлічы на базар возіць, — бачна, як Зінаіда Пятроўна ўдзячна мужу. — Мы з дачкой выбіраем што-небудзь, а ў яго шмат сяброў там. Пагутарыць з імі, навінамі абмяняецца.

Любовь близких и безмерное чувство юмора помогают инвалиду-колясочнику Евгению Мазало жить

Амаль паўстагоддзя муж і жонка разам. Кажуць: у нас каханне было, ды яшчэ якое! Да вяселля пяць гадоў сябравалі. Потым армія. Яўгеній угаварыў Зіну пажаніцца падчас службы, яна згадзілася і яшчэ год чакала мужа з войска. Пра тое, каб у цяжкую часіну разысціся і пайсці больш лёгкай сцяжынкай, і размовы ніколі не было. Зіна верыла, што ўсё будзе добра, старалася не адчайвацца. Зараз у пары шасцёра ўнукаў, тры з іх — хлопчыкі, так што, як гаворыць іх дзядуля, “фамілія не звядзецца”.

На развітанне Яўгеній Мікалаевіч пытаецца ў мяне: «Мужык е?» «Е»! — адказваю. «Дзеткі е?» «Дачка». «То Вы шчаслівы чалавек», — усміхаецца мужчына і так проста выводзіць формулу жыццёвага шчасця, якое ён даўно знайшоў.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

←Радость от земли и до небес: православные верующие празднуют Воскресение Христово

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика